Усадьба Грабницких в агрогородке Ореховно получит вторую жизнь

Культура

Адзін з паноў Грабніцкіх падчас навальніцы хаваўся ў самым цёмным пакоі сваёй сядзібы ў Арэхаўне, дзе, па легендзе, яго ўсё ж напаткала маланка. Ці раскажуць пра цікавае паданне турыстам, якія прыедуць адпачываць у адноўлены помнік архітэктуры 18 стагоддзя, пакуль невядома. А вось стапрацэнтна дакладна, што на месцы радавога гнязда Грабніцкіх распачаліся работы. Не адно дзесяцігоддзе гэты прыгожы будынак, дзе раней быў ваенны шпіталь, школа, шукаў свайго новага гаспадара. І летась ён знайшоўся. За адну базавую велічыню яго набыла кіраўнік фірмы “Азёры-агра” Н.П.Наскова. Наталля Пятроўна мае намер зноў зрабіць сядзібу жылой – адчыніць дзверы турыстычнага цэнтра.

Вось ужо месяц у аграгарадку працуе брыгада пад кіраўніцтвам Ганаровага будаўніка Беларусі В.А.Поткіна. “Наша задача – максімальна захаваць маёнтак такім, якім ён быў, – гаворыць Валерый Аляксандравіч, паказваючы панскія палацы, а дакладней тое, што ад іх засталося. – Расчысцілі некалькі пакояў, ход у падвал, ён, дарэчы не адзін, тут разабралі сценку, а тут наадварот заклалі, каб падтрымаць кладку, якая ў некаторых месцах усяго некалькі сантыметраў і можа ў любы момант абрушыцца. Наша першачарговая задача – вывесці будынак з аварыйныга стану, каб эксперты маглі ацаніць знос сцен, перакрыццяў, фундаменту і потым заказаць праект на рэканструкцыю”.

Гледзячы на абвалены дах, сцены з праёмамі і шчылінамі, другі паверх, на якім растуць бярозы, мне робіцца страшна ад таго аб’ёму работ, які давядзецца зрабіць, каб маёнтак ажыў. А Валерый Аляксандравіч усміхаецца. “Я ўжо бачу, якім ён будзе. Не першая мая работа па адраджэнні гістарычных пабудоў. Прымаў удзел у рэканструкцыі Нясвіжскага замка, Юровіцкага манастыра, Опернага тэатра, мне гэта цікава. У Навагрудку, калі аднаўлялі адзін з падобных на гэты дамоў, знайшоў замураваную ў 1933 годзе капсулу. Цяпер вось чакаю адказу з Польшчы, накіраваў запыты, каб адшукаць патомкаў. І з таго часу таксама ў нішу муруем пасланне з нашымі прозвішчамі, і прэзент – бутэльку гарэлкі”.

– Нам чым складаней, тым цікавей, – з абсалютна шчырай усмешкай дадае брыгадзір Алег Валер’евіч Залатухін, які ўжо дакладна ведае, дзе ў былой школе знаходзіўся кабінет хіміі. Многа прабірак знайшлі. Усе скарбы збіраюць. І хоць хацеў В.Поткін захаваць інтрыгу да заканчэння разбору завалаў, усё ж паказалі кораб са знаходкамі: каванымі цвікамі – роўнымі і загнутымі, жалезнымі прыладамі, прызначэнне некаторых з якіх мы так і не высветлілі.

Сцэны многіх пакояў на падпорках, круках, у лясах, па якіх з неверагоднай хуткасцю перамяшчаюцца будаўнікі. “Мы – з нямногіх фірм Беларусі, хто мае абсталяванне і працуе на лясах на вышыні да 70 метраў, – не без гонару за свой штат зазначае Валерый Аляксандравіч. – Алег і на рэканструкцыі “Нафтана” працаваў. Проста рабочых набіралі з мясцовых, многа прыйшло “на касцінг”, усе стараюцца. Ведаюць і нашы расцэнкі – чарка гарэлкі каштуе 150 рублёў, і чамусьці ніхто не п’е”, – пераходзіць на жарт Валерый Аляксандравіч, з якім брыгадзір пахвілінна каардынуе работы. І вось сцяне з крэнам трасамі раўняюць “асанку“, каб потым пакласці бетонную сцяжку. Наогул жа ўвесь другі паверх давядзецца разабраць.

– Нідзе раней не бачыў такіх вялікіх цаглін, – Валерый Аляксандравіч ставіць знаходку побач з “сабратам” звычайных памераў і бачна, што больш тонкая ўдвая вышэй. – Яна з карнізу, там і драўляныя канструкцыі, інакш не атрымаўся б такі вялікі выступ лесвіцай над сцяной. Мы цяпер, канечне, будзем выкарыстоўваць нейкі сучасны матэрыял патрэбных памераў. Аднак можаце не сумнявацца, што літаральна ўся цэгла зноў пойдзе ў справу, і ўсе “жывыя” старыя элементы пастараемся максімальна захаваць. Напрыклад, вось гэтую калону. Нам прасцей паставіць новую, аднак гэтая – са звужэннем уверсе, цэгла ці абточвалася, ці рабілася паўкруглай, падагнана адна да адной. Шкада рушыць. Мяркую, што атрымаецца яе рэанімаваць і пакінуць у тынкоўцы занды – адкрытыя фрагменты. Хачу, каб ранейшым быў дах – з дашчэчкі (драніцы), на якую зверху пакладзецца метал. Адзінае, што не захаваем, гэта парк ля возера, дрэвы зусім старыя.

Наколькі сур’ёзна Н.П.Наскова ставіцца да набытага ёй помніка архітэктуры, сведчыць не толькі тое, што адшукала лепшага ў гэтай галіне будаўніка Беларусі, але яшчэ і навуковага кансультанта. Гісторык Наталля Аляксандраўна Мізярска, якая піша дысертацыю менавіта па панскіх маёнтках Ушаччыны і кантактуе з патомкамі Грабніцкіх, часта наведвае арэхаўскі аб’ект. Рэстаўрацыя будзе знаходзіцца і пад кантролем Міністэрства культуры.

Развітваемся з настроем. Радасна, што ў закалочаных вокнах сядзібы Грабніцкіх нарэшце заззяе святло, загучыць музыка. Пашчасціла, што знайшоўся гаспадар, гатовы ўкласці ў яе адраджэнне вялізныя сродкі. Бо толькі ў Віцебскай вобласці на продаж выстаўлены 4 гістарычныя аб’екты, якія пад інвестыцыйны праект можна набыць за адну базавую велічыню.

Вольга Караленка.

Дарэчы

  • В.А.Поткін – член-карэспандэнт Беларускай інжынернай тэхналагічнай акадэміі, у 2007 годзе сумесна з Саюзам архітэктараў Беларусі зацвердзіў ганаровы прыз “Дойлід Беларусі” і з’яўляецца яго пастаянным спонсарам. Па яго ініцыятыве і на сродкі заснаванага будаўнічага навукова-практычнага прадпрыемства “Эльвіра” ў Мінску ўстаноўлены помнікі “Экіпаж” і “Зодчы”. Узнагароджаны Ордэнам Гонару.

На здымку: В.Поткін, Н.Мізярска.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *