Умело и старательно справляются с большим объёмом работы и природными испытаниями в КУСХП «Глыбочаны»

Сельское хозяйство

Сёлетні аграрны сезон настойліва працягвае разбураць усе хлебаробскія шаблоны: спачатку прыкметна “засядзелася на старце” пасяўная, затым у разгар корманарыхтоўкі лета раптам узялося за абнаўленне векавых тэмпературных рэкордаў – у выніку раней звычайнага саспелі і зерневыя нівы: ужо на мінулым тыдні ў бункеры камбайнаў пасля свірэпіцы і рапсу нон-стопам пасыпалася пшаніца. А раённая зводка палявых работ тым часам засведчыла яшчэ адзін нетрывіяльны факт: КУСГП “Глыбачаны” апынулася на лідарскіх пазіцыях па колькасці ўбраных гектараў збожжавых. Натуральна, што менавіта туды мы накіраваліся, каб зрабіць стартавы рэпартаж ключавога этапу сельскагаспадарчых работ.

Г.Чыграй, А.Малахаў.

Наступствы прыродных выпрабаванняў у гэтай гаспадарцы адчулі бадай больш, чым у іншых. Не сакрэт, што тут вельмі востра стаіць кадравае пытанне, не назавеш трывалым і эканамічнае становішча – таму справіцца з вялікімі аб’ёмамі запланаваных работ зусім няпроста. Па шэрагу прычын глыбачанцы апошнімі дасявалі свае плошчы, аднак убіраць зерневыя пачалі аднымі з першых – вядома ж, не ў пагоні за лідарствам, а з-за таго, што культуры пераспяваюць.

“Калі ў іншыя часткі раёна хоць зрэдку заглядалі ліўневыя хмары, то мы тут сапраўднага дажджу не бачылі з 20 мая! Вось і перасохла ўсё, як ніколі. На мінулым тыдні ўбіралі 260 гектараў азімай пшаніцы ля Пеннай Нівы і 50 – у Стаях, дык аж на душы горка было: столькі працы і сродкаў укладзена, а ўраджай слабы, зярняткі такія каляныя, што больш падобныя на рыс”, – засмучана расказваў Генадзь Чыграй. З вопытным вадзіцелем мы размаўлялі ў панядзелак на ўскрайку поля ля Быстрыкаў, дзе ён спыніў свой МАЗ у чаканні, пакуль напоўняцца бункеры камбайнаў. І трэба сказаць, што настрой у хлебаробаў у той дзень быў куды больш пазітыўным: эліта азімай пшаніцы, пасеяная на гэтым участку, дала каля 30 цэнтнераў з гектара. Па ўмалотным полі ды на новенькіх камбайнах – што можа быць больш прыемным для хлебаробскага сэрца! Два КЗС-1218 прыбылі ў “Глыбачаны” напрыканцы леташняга жніва, аднак пускаць іх у справу вырашылі з наступнага сезона, зэканоміўшы такім чынам год гарантыйнага тэрміну. Для камбайнераў Аляксандра Малахава і Уладзіміра Тараканава гэта жніво таксама далёка не першае, і яны могуць ацаніць усе перавагі працы на новай тэхніцы. А асабліва дарэчы сёлета, канечне, кандыцыянеры, якімі “Гомсельмаш” ужо не першы год аснашчае камфортныя кабіны сваіх камбайнаў.

У.Тараканаў.

“У гэтым плане я магу хлопцам толькі пазайздросціць”, – усміхаецца Г.Чыграй і расказвае, што ў яго МАЗе ў самыя спякотныя дні корманарыхтоўкі тэмпература даходзіла аж да 50 градусаў! Каб хоць крыху асвяжыцца, перыядычна рабіў прыпынкі ля азёр – добра, што на іх так багаты тутэйшыя мясціны. Трэба сказаць, што Генадзь Анатольевіч умее максімальна рацыянальна арганізаваць сваю працу, не палохаюць яго і вялікія нагрузкі – усё гэта дазволіла мужчыну ў мінулым годзе стаць пераможцам раённага спаборніцтва сярод вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня ад камбайнаў, – яго магутны самазвал даставіў на зернеток аж 1820 тон “залатога” грузу. Паўтарыць гэты вынік будзе няпроста, але перадавік, канечне, не збіраецца збаўляць абароты.

Сёлета зерневымі і зернебабовымі ў гаспадарцы заняты 1583 гектары – большы збожжавы клін толькі ў “Маяку-Ушацкім” і “Ільюшынскім”. Як адзначыў дырэктар “Глыбачан” Аляксей Віктаравіч Ладноў, асноўную стаўку рабілі на азімую пшаніцу і жыта, пад якія адвялі адпаведна 650 і 219 гектараў. Больш якаснае зерне пойдзе ў лік дзяржзаказу (ён па названых культурах даведзены ў памеры 350 і 300 тон) і ў насенны фонд, горшае – на фураж. Чакаюць абмалоту ўчасткі з яравой пшаніцай, ячменем, аўсом, пасеяна даволі шмат зернебабовых, і калі ўраджай апошніх прагназуецца не надта багатым, то 50 гектараў кукурузы, што пойдзе на зерне, абнадзейваюць.

На раніцу аўторка ў “Глыбачанах” збожжа было ўбрана на 320 гектарах, што складае 20,2 працэнта да плану. Ужо чвэрць сваіх збожжавых палеткаў (257 гектараў) змалацілі хлебаробы “Дземенца”. У “Маяку-Ушацкім” убрана 341 (19,1 працэнта), пры гэтым у названай гаспадарцы на цяперашні момант самы высокі паказчык ураджайнасці – 28,5 ц/га. Усяго гаспадаркам раёна сёлета трэба ўбраць 8560 гектараў зерневых і зернебабовых культур.

На гэтым тыдні на палях “Глыбачан” працавала і іншая тэхніка: яшчэ адно “Палессе” ўбірала на насенне цімафееўку, уносіліся гліфасаты пад азімы рапс і свірэпіцу. Дарэчы, калі апошняя сёлета не вельмі парадавала, то рапс, які быў пасеяны на 60 гектарах, чаканні спраўдзіў: закрылі дзяржзаказ, а 20 тон адправілі на Полацкі малочны камбінат і такім чынам разлічыліся за сродкі, пазычаныя раней на выплату зарплаты.

А вось кадравую дапамогу на старце ўборачнай глыбачанцы ад інтэграцыйнай структуры не атрымліваюць. Сваімі сіламі спраўляюцца і з корманарыхтоўкай: на працэсе, які прадаўжаецца паралельна са жнівом, шчыруюць механізатары Алег Сурынаў, Аляксандр Лях, Васіль Камовіч, для трамбоўкі аднавілі гусенічны трактар, за руль якога сеў Аляксей Леднік. На прасаванні і пагрузцы сена, план па нарыхтоўцы якога, дарэчы, выкананы больш чым на 250 працэнтаў, ударна папрацавалі Сяргей Плоскін і Андрэй Літвін. Якраз у гэтым аспекце шаблоны застаюцца непахіснымі: глыбачанская “аграрная гвардыя” хоць і нешматлікая, але ўмелая, надзейная і старанная.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *