В КУСХП «Великодолецкое» активно идет уборочная кампания

Сельское хозяйство

“Глядзім здаля – нехта па нашым жыце прагульваецца… Падумалі, можа кантралёры прыехалі якасць абмалоту правяраць – а гэта “Патрыёт” завітаў!” – прыветліва сустрэлі нас на полі за Весніцкам два Юрыя – Стрыжонак і Альбіновіч. “Ну, калі так – не будзем вас расчароўваць і таксама паглядзім, ці добра жняце!” – падтрымалі мы паўжартоўны тон вялікадальчан.

На здымку: Ю.Альбіновіч, Ю.Стрыжонак, М.Хамёнак.

У пучку змалочаных каласоў з саламянага шлейфу, што пакінуў пасля сябе камбайн першага, зярнят не было. Што, прынамсі, не здзівіла: механізатару, для якога гэта толькі другая ўборачная, даручылі новае “Палессе”, атрыманае мінулай восенню ў рамках дзяржаўнай дапамогі. “У мяне ж у кабіне датчык: ледзь толькі страты перавышаюць норму – гучыць сігнал”, – тлумачыць Ю.Стрыжонак. “І што тады рабіць?” – цікавімся ў маладога работніка. “Высветліць, у чым справа: магчыма, сіта трэба падрэгуляваць, абароты вентылятара збавіць ці зазор у падбарабанні зменшыць”, – бойка тлумачыць той. Вядома ж, такое дылетанцкае пытанне ў тупік яго не паставіць: з нядаўняга часу Юрый займае ў гаспадарцы пасаду галоўнага інжынера, але паралельна і механізатарскую работу выконвае.

Не было зерня і ў жніўных рэштках ад камбайна больш вопытнага калегі. “Стараемся працаваць на сумленне! Ды і жыта тут спрытнае. Шкада, што вы ўчора не прыехалі – на першым участку яшчэ лепшы колас быў!”, – зазначае Ю.Альбіновіч. Спыніўся ж ён на ўскрайку поля, каб памяняць сегмент касы, якая “найшла на камень”. “Вясной у нас шэфы працавалі, і хачу ім падзякаваць, бо на тых палях, дзе яны прайшлі, праблем куды менш. Але ж відавочна, што ўсе нашы камяністыя ўчасткі ачысціць нерэальна, так што заўсёды возім з сабой запасныя нажы”, – зазначае камбайнер.

Раніцай серады змену на палетках яны распачыналі ўдвух, але на працягу дня да ўборкі далучыліся і іншыя адзінкі. Вельмі няпроста сёлета далася падрыхтоўка да жніва. Астатнія камбайны гаспадаркі – з вялікім стажам. Ну а “Ліда” Сяргея Вусько, якая сёлета выйшла на палеткі ў 24-ы раз, напэўна, адзін з галоўных старажылаў ва ўсёй рэспубліцы. Кожны год здаецца, што вычарпала яна свой рэсурс, вось толькі нястомны майстар ніяк не жадае развітвацца з тэхнікай, якую ў маладосці сам прыгнаў з канвеера. Упарта чараваў над механізмамі і сёлета – і зноў камбайн у абойме!

На ўчарашнюю раніцу ў раёне было ўбрана 1830 гектараў зерневых і зернебабовых (без уліку грэчкі і кукурузы на зерне) – гэта чвэрць усяго збожжавага кліну. “Вялікадолецкае” пакуль справілася з заданнем на 20 працэнтаў, але нарошчвае тэмпы ўборачнай.

С.Рагіня, Р.Філімонаў

Як, зрэшты, і мясцовыя ветэраны працы. З кадрамі вельмі складана, таму клікалі на дапамогу не толькі шэфаў, а і былых работнікаў. Два тыдні, як прыйшоў у майстэрні Сяргей Ткачук. Прызнаецца, што меў іншыя планы на лета, але не змог адмовіць дырэктару Антону Сафонаву ў такой складанай сітуацыі. “Нават не ведаем, як бы без нашага ўмелага зваршчыка справіліся!” – зазначылі слесар Сяргей Рагіня і механізатар Рыгор Філімонаў, якія на мехдвары ўстанаўлівалі на 14-гадовы камбайн апошняга адрамантаваныя рэшаты. Не навейшае і “Палессе”, за штурвал якога сёлета сеў Аляксей Рэут. Да слова, якраз на гэтым тыдні мусіў адбыцца яго дэбют у рангу камбайнера. А ў дзень нашага візіту да ўборачнай далучыўся самы юны яе ўдзельнік Саша Кучаронак: пасля двух курсаў Лепельскага аграрнага каледжа хлопец атрымаў правы і прыбыў на практыку ў “Вялікадолецкае”. У першы працоўны дзень побач з ім у трактары сядзеў вопытны Мікалай Хамёнак, назаўтра ж разлічвалі адправіць стажора ў “самастойнае плаванне” па хлебнай ніве ў якасці адвозчыка.
Вялікадальчане традыцыйна ў тройцы галоўных вытворцаў зерня нашага раёна. Што датычыцца відаў на ўраджай, то, па словах галоўнага агранома Аляксандра Зенюка, адназначна ацаніць перспектыву складана. Большага чакалі ад крыжакветных і азімага ячменю. Што да жыта і аўсу, з якога распачалі асноўны этап жніва, то яны неблагія. Грунтоўна папоўніць збожжавыя засекі павінна азімая пшаніца, якая займае сёлета 605 гектараў. Не ўсё складваецца так, як хацелася б, аднак літаральна кожны мясцовы аграрый шчыра зацікаўлены, каб гаспадарка падтрымала напрацаваны ў былыя гады прэстыж.

А.Рэут

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *