Горячая пора на зернесушильных комплексах

Сельское хозяйство

Змалаціць зерне – гэта яшчэ палова справы, трэба правесці яго дапрацоўку – дасушыць, ачысціць, каб здаць на камбінат хлебапрадуктаў або засыпаць на насенне. І менавіта зернесушыльная гаспадарка з’яўляецца слабым звяном у рабоце сельгаспрадпрыемстваў. Калі камбайнавы парк у апошнія гады значна абнавіўся, то зернесушыльныя комплексы гаспадарак ужо даўно вычарпалі свае рэсурсы і ўстарэлі. Ужо не першы год у сельгаспрадпрыемствах складваецца сітуацыя, калі прывезенае з палёў зерне не паспяваюць дасушваць з-за нізкай прадукцыйнасці зернесушылак, працуючых на дрывах, або не забяспечваюць яго дапрацоўку да базісных кандыцый (вільготнасць, засмечанасць і іншыя паказчыкі), таму што зернесушыльныя комплексы заняты апрацоўкай насення. Хоць і працуюць кругласутачна, засыпаныя зернем пляцоўкі – прывычная карціна. 
У мінулым годзе ў “Ільюшынскім” быў пабудаваны новы зернесушыльны комплекс ЗСК-40. Паколькі ўсе пусканаладачныя работы завяршыліся толькі пад канец уборачнай кампаніі, то на поўную моц новая зернесушылка запрацавала толькі сёлета. І вельмі дарэчы. Пасля далучэння СВК “Старасельскі-Агра” пасяўныя плошчы гаспадаркі значна павялічыліся, і сёння высушыць тую колькасць зерня, якая паступае з палёў, пры ранейшых магчымасцях было б нерэальна. Новы ж комплекс не параўнаць са старымі – ён можа высушваць да 40 тон зерня ў гадзіну. У той час як на старых зернесушылках у залежнасці ад вільготнасці зерня – не больш 60-70 тон за суткі. Практычна ўсе яны пераведзены на мясцовыя віды паліва – дровы, гэта вымушаная мера скараціла іх патэнцыяльныя магчымасці, многія ўжо проста не могуць працаваць на пячным. Таму і прыходзіцца спадзявацца на літасць надвор’я – калі яно сухое, то і вільготнасць у межах дапушчальных 14 працэнтаў (калі вышэй, то харчовым ужо не прымуць).
Зернесушылка ў Ільюшыне працуе на дызельным паліве. Упраўляецца з дапамогай камп’ютара, дзе адлюстроўваюцца ўсе параметры і характарыстыкі, запускаецца і спыняецца таксама праз камп’ютар.
– Новы зернесушыльны комплекс значна пашырыў нашы магчымасці, без яго проста нерэальна было б высушыць вырашчанае і як заўсёды прыйшлося б здаваць зерне дзяржаве напрамую з поля, губляючы пры гэтым грошы на скідках. Усё зерне стараемся прапусціць праз сушылку, каб яно адпавядала патрабаванням якасці – расказвае дырэктар ААТ “Ільюшынскі” С.А.Халімоненка. 
Да таго, як у Ільюшыне быў пабудаваны зернесушыльны комплекс, самай прадукцыйнай у раёне была перасоўная зернесушылка італьянскай вытворчасці ў “Райаграсэрвісе”. Яна можа працаваць і ў палявых умовах, і на тэрыторыі іншай гаспадаркі, працуе на дызельным паліве і здольная прапускаць да 100 тон зерня за суткі. Аднак гэтага мала для такой буйной гаспадаркі.
Магчыма, хутка такія дадатковыя перасоўныя зернесушылкі з’явяцца яшчэ ў “Кублічах” і “Дземенцы”. У планах будаўніцтва магутных зернесушыльных комплексаў у “Райаграсэрвісе”, “Вялікадолецкім”, “Дубраўцы”.
Зарабляць грошы на вырашчаным нашы гаспадаркі змогуць толькі тады, калі ў іх з’явяцца сучасныя зернесушыльныя комплексы і зерне будзе адпавядаць усім патрабаванням. Пакуль што ні адной гаспадарцы, акрамя “Ільюшынскага”, не ўдалося здаць харчовым ячмень, хоць і былі патэнцыяльныя магчымасці. Праходзіў харчовым і па колеры, і па натуры ён у “Селішчы”, “Кублічах”, ды не атрымалася ачысціць і дасушыць, паколькі зернесушыльныя гаспадаркі заняты насенным матэрыялам. А кошт харчовага ячменю сёння складае 640 тысяч рублёў за тону, фуражнага – 415.
В.ПОЛАЗАВА.
На здымках: на новым зернесушыльным комплексе ААТ “Ільюшынскі”; аператары В.Казачонак, М.Пліско.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *