Электронный рецепт и консультация врача по телефону. Какие еще вопросы обсуждали на заседании расширенного президиума районного совета ветеранов?

Общество

Хто часцей за ўсё карыстаецца паслугамі медыкаў. Канечне, пажылыя людзі. І таму асноўнай тэмай, што выносілася на апошняе пасяджэнне пашыранага прэзідыума раённага савета ветэранаў, датычылася медыцынскага абслугоўвання пенсіянераў. Цікава, што задавалі прысутныя пытанні ў асноўным ад першай асобы, аб тым, з чым сутыкаліся самі. Але іх асабістыя праблемы, канечне, актуальныя для трэці насельніцтва раёна. На ўсе паступіўшыя пытанні прысутным адказвала намеснік галоўнага ўрача Ушацкай ЦРБ Н.В.Дрозд, рабіла і паметкі ў блакноце. А спачатку Наталія Васільеўна вельмі пераканаўча расказала прысутным пра сітуацыю з захваральнасцю на каранавірус і неабходнасцю прышчэпак асабліва для пенсіянераў.

– Давайце гаварыць шчыра. Чарадзейнага “вітаміну” ад COVID-19 няма. Таму толькі калектыўны імунітэт можа спыніць яго распаўсюджванне. Для гэтага патрэбна, каб правакцынавалася мінімум 60 працэнтаў насельніцтва, у нас у раёне пакуль што толькі 11 (на 9 жніўня – 16). Вы – асаблівая катэгорыя, у многіх хранічныя балячкі, якія абвастраюцца, і нават калі каранавірус праходзіць бессімптомна, можа даць ускладненні. Кожны з вас прадстаўляе ветэранскія пярвічкі, і калі ў вашай мясцовасці ёсць жадаючыя зрабіць прышчэпку, запісвайце прозвішчы, не абавязкова, каб гэта было многа людзей, нават калі і адзін, мы самі сфарміруем групу аб’езду. Вось у зале амаль усе без маскі – а дарэмна, рана расслабіліся. Вірус не знік, раён зараз займае пятае месца ў вобласці па колькасці хворых. Іх 15, дзесяць лечацца амбулаторна, пяцёра шпіталізаваны. І ў тым, што мы не носім маску – узровень нашай безадказнасці перад сабой і сваімі блізкімі.

– Перахварэла на каранавірус, праз які час можна прышчапіцца і ці варта гэта рабіць, паколькі выпрацаваліся антыцелы?

– Мы заўсёды высвятляем у пацыентаў ступень захворвання. Калі ў сярэдняй і цяжкой формах (з пнеўманіяй), то не раней, чым праз 6 месяцаў. Што датычыцца антыцелаў, то няма навуковых даных, якая іх колькасць патрэбна, каб выпрацаваўся ўстойлівы імунітэт. Што гэта не панацэя, сведчаць і паўторныя захворванні – у нашым раёне 80 фактаў. Таму прышчэплівацца трэба, тым больш што паўторныя выпадкі заражэння вірусам працякаюць намнога цяжэй, чым першыя.

– Ці можна вакцынавацца пры алергіі?

– Калі быў ацёк Квінке, “крапіўніца” ці анафілактычны шок – то не. А вось харчовая алергія не з’яўляецца супрацьпаказаннем.

– Бываюць сітуацыі, калі патрэбна толькі кансультацыя ўрача, а неабходна ісці ў бальніцу, стаяць у чэргах. Мабыць можна было б арганізаваць кансультацыю па тэлефоне?

– У кожнага павінен быць запісаны нумар свайго тэрапеўта, які лепш ведае вашы праблемы і дасць граматную параду. Калі няма, тэлефануйце ў рэгістратуру 5-21-57, дзе вам падкажуць нумар ці запішуць вашу заяўку. Ведайце, што калі чалавек не можа прыйсці ў бальніцу, урач прыедзе да яго на дом. Калі патрэбна абнавіць рэцэпт на прэпараты, якія прымаеце пастаянна, таксама можаце патэлефанаваць – і рэцэпт вам перададуць.

– Калі для гэтых мэт можна будзе скарыстацца электронным рэцэптам?

– Сістэма электронных рэцэптаў зараз якраз праходзіць абкатку. У нашу паліклініку паступіла 3 тысячы картачак, без наяўнасці якой зараз не атрымаеш рэцэпт. Аднак, на жаль, пакуль не адменены і папяровы варыянт.

– Я ліквідатар наступстваў трагедыі на Чарнобыльскай АЭС, інвалід. Праходзіў рэабілітацыю ў Юрцава, вельмі падабаецца, аднак апошнім часам туды не трапіць.

– Гэта было звязана з тым, што многія здраўніцы перапрафіліравалі пад рэабілітацыю перахварэўшых на COVID-19. Аднак магу вас абрадаваць, што з ліпеня месцы зноў ёсць. Так што, калі вы сёлета не былі ў здраўніцы, прыходзьце з медыцынскай картай і атрымаеце накіраванне.

– Калі ў аграгарадку Ільюшына будзе працаваць ФАП?

– З сярэдзіны жніўня фельчар ужо будзе прымаць.

– Прыходзіш да тэрапеўта, ён назначае ўльтрагукавое даследванне, але паколькі там чарга, гаворыць самому запісвацца праз рэгістратуру. Калі гэта патрэбна, чаму не можа зрабіць урач і назначыць дату. І калі УГД платнае, а калі не?

– Ваша пажаданне зразумела. Платнае УГД праводзіцца ў тым выпадку, калі вы самі хочаце праверыць пэўныя органы альбо калі вам па захворванні патрэбна адно, а вы правяраеце ўсё.

Ад старшыні раённай арганізацыі вязняў ВАВ П.Мажэйкі паступіла пажаданне звярнуць больш пільную ўвагу да гэтай катэгорыі, каб часцей завітваў урач ці фельчар, бо праблем у людзей шмат. А старшыня мосарскай ветэранскай пярвічкі Т.Галай падзякавала Н.Дрозд за адкрыццё Мосарскага ФАПа. Наталія Васільеўна ў сваю чаргу сказала, што адчынілі б фельчаска-акушэрскія пункты ва ўсіх населеных пунктах, дзе яны былі, аднак не хапае спецыялістаў. А таксама дадала, што калі ёсць адзінокія аднавяскоўцы, якім патрэбна дапамога, ці калі людзям нешта пагражае, звяртацца ў бальніцу, якая па-сутнасці аказвае і медыка-сацыяльную дапамогу. “І наогул, не саромцеся падымаць існуючыя праблемы, мы ж не празорцы, не можам ведаць усяго, а калі агучана, значыць прынята да вырашэння”.

Вольга КАРАЛЕНКА.

На пасяджэнні прэзідыума былі вылучаны кандыдаты на намінацыю “Лепшы ветэранскі падворак” раённага конкурсу па добраўпарадкаванні, а таксама пераабраны сакратар раённай ветэранскай арганізацыі. Любоў Якаўлеўна Шарак перадала справы Наталлі Васільеўне Глінскай, якая да таго ж з’яўляецца старшынёй пярвічкі па гарпасёлку.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *