В день до 125 рублей. Как работается в набирающем темпы ООО «Фишмэн Пауэр»?

Экономика и малый бизнес

Рэклама ТАА “Фішмэн Паўэр”, якое летась адкрылася ў пасёлку Падсвілле Глыбоцкага раёна, ужо не першы месяц ідзе на старонках нашай газеты. Актыўна прапаноўваюць працоўныя месцы на гэтай вытворчасці і ў раённай службе занятасці. Ды і ад ушачан, што ўжо паспелі паспрабаваць сябе ў цэху па перапрацоўцы рыбы (а менавіта гэтым займаецца таварыства), давялося пачуць цікавыя водгукі. А таму натуральна, што мы ахвотна адгукнуліся на прапанову кіраўніцтва “Фішмэн Паўэр” прыехаць на прадпрыемства і на свае вочы ўбачыць, як яно працуе.

Назва невялікага мястэчка на Глыбоччыне раней у многіх асацыіравалася з заводам пладова-ягадных він, але тры гады таму яго прызналі банкрутам, і каля ста работнікаў былі вымушаны шукаць сабе новае працоўнае месца. На шчасце, знайшоўся інвестар, які на аўкцыёне набыў комплекс нерухомай маёмасці былога вінзавода і перапрафіляваў вытворчасць, накіраваўшы на ўсё гэта больш мільёна беларускіх рублёў. Так старажытны завод атрымаў новае жыццё, а частка яго былых работнікаў зноў вярнулася ў знаёмы цэх.

Мінулым летам “Фішмэн Паўэр” выпусціў першую прадукцыю – салаку і кільку гарачага вэнджання, якая амаль цалкам ідзе на экспарт – у Расію. За зусім кароткі час прадпрыемства істотна пашырыла вытворчасць: зараз тут усталявана тры канвееры, а хутка іх стане чатыры, ужо набылі і пятую вяндлярную печ, і калі на пачатку ў цэху шчыравала адна брыгада, то зараз іх чатыры, і кіраўніцтва плануе развівацца далей, бо попыт на прадукцыю ёсць. Менавіта таму тут гатовы ствараць новыя працоўныя месцы і актыўна запрашаюць у калектыў жыхароў як Глыбоцкага, так і навакольных раёнаў, з якіх штодзённа ажыццяўляюць падвоз на транспарце таварыства.

“Вытворчасць у нас кругласутачная, змена доўжыцца 12 гадзін, людзі выходзяць у дзённую і начную, пасля чаго маюць два выхадныя, – знаёміць з працоўным графікам дырэктар таварыства Дзмітрый Генадзьевіч Сычоў. – А адносна зарплаты скажу так: пры належным старанні і дысцыпліне яна высокая. У дзень рабочы цэха зарабляе да 125 рублёў, такім чынам, той, хто выходзіць ва ўсе свае змены і выконвае норму, можа атрымаць за месяц на рукі да 1800. Канечне, мы зацікаўлены ў стабільных работніках і ўсяляк іх заахвочваем: у нас развітая сістэма прэміравання, стымулюючыя выплаты – днямі, напрыклад, даплацілі старажылам па 30 рублёў. Праводзім матывацыйныя акцыі: да 1 верасня заахвоцілі работнікаў прадукцыяй Глыбоцкага мясакамбіната, кожны тыдзень разыгрываем у брыгадах падарункавыя сертыфікаты магазінаў “Востраў чысціні” і “Міла”, штомесяц – бытавую тэхніку. Стараемся рабіць добрыя справы і для Падсвілля: сёлета, напрыклад, падарылі мясцовай школе трэнажорны комплекс і дзіцячы гарадок”.

Ну а экскурсію па прадпрыемству для нас правёў начальнік вытворчасці Марат Шамільевіч Алякбераў. Вытворчы цыкл пачынаецца з размарозкі і засолкі рыбы, якая потым выкладваецца на канвеер. У справу ўступаюць кольшчыкі, задача якіх нанізаць яе на шампуры. І менавіта ў гэтым цэху мы сустрэлі жыхарку нашага раёна Валянціну Агапаву (на здымку). Жанчына ахвотна падзялілася з журналістамі роднай «раёнкі» сваімі ўражаннямі. І былі яны выключна станоўчымі. Ушачанка аказалася ў няпростай жыццёвай сітуацыі, а паспрабаваць сябе на падсвільскім прадпрыемстве параілі ёй у службе занятасці. “Некаторыя кажуць, што ім тут цяжкавата – і сапраўды, каб адстаяць 12 гадзін на канвееры, трэба пэўная загартоўка. Але ж я дагэтуль працавала на вырабе вугалю, дзе справа ў фізічным плане яшчэ больш складаная, так што тут мне куды прасцей!” – з усмешкай зазначыла жанчына і дадала, што гэты дзень быў для яе выхадным, але яна па сваім жаданні прыехала на дадатковую змену. А яшчэ паклікала з сабой для знаёмства з вытворчасцю двух ушачан – магчыма, таксама замацуюцца ў цэху. Аперацыю яна асвоіла хутка, бо навучае навічкоў спецыяльны работнік, і калі ў першы дзень Валянціна накалола 350 шампуроў, то зараз пастаянна выконвае норму, якая складае 1200.

Развітаўшыся з зямлячкай, мы рушылі ў наступны цэх, дзе аператар Аляксандр Бурэнь закладваў шампуры ў вяндлярную печ. Да прыходу на прадпрыемства мужчына працаваў вадзіцелем, аднак кажа, што новая прафесія яму падабаецца больш. У печы рыба правядзе каля гадзіны: пройдзе працэсы сушкі, варкі, смажання і вэнджання, пасля чаго накіруецца далей – у цэх, дзе ёй абрэжуць галовы, пракантралююць якасць і адправяць на склад. Доўга там яна не затрымаецца, бо мае кароткі тэрмін захоўвання і хутка адгружаецца заказчыку.

Вядома ж, не абышлося без дэгустацыі: свежая рыбка аказалася вельмі смачнай, не надта салёнай, і мы пашкадавалі, што ва Ушачах яе не купіш – пэўная частка прадукцыі рэалізуецца насельніцтву, але толькі ў мясцовых крамах.

Зрэшты, дзелавыя сувязі з нашым раёнам ў “Фішмэн Паўэр” усё ж ёсць: прадпрыемства заключыла дагавор з філіялам “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” і накіроўвае туды рыбныя адходы, з якіх вырабляецца дабаўка для камбікорма. “Вельмі задаволены нашым плённым супрацоўніцтвам і спадзяёмся на яго працяг”, – зазначае Д.Г.Сычоў.

Напрыканцы ж сустрэчы мы прыходзім да высновы, што нашы суседнія раёны маюць выдатны патэнцыял для падобнай кааперацыі ў самых розных сферах. А ў Год народнага адзінства вельмі сімвалічна і правільна наладжваць стасункі паміж людзьмі і рэгіёнамі – і наш візіт у старажытнае Падсвілле стаў яшчэ адным унёскам у гэты працэс.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *