Робототехника и рисование руками. Наталья Шарипо знает, чем интересным и полезным занять учеников!

Образование и молодежь

Чым заняць непаседлівых вучняў, каб тыя і слухалі, адкрыўшы рты, і ў навучальным працэсе актыўна ўдзельнічалі? Адказ на гэтае пытанне дакладна ведае настаўнік пачатковых класаў Ушацкай школы Н.А.Шарыпа. Маючы багаты прафесійны стаж (а гэта ажно 38 гадоў, прычым, выключна ў названай установе), Наталля Анатольеўна вывела ўласную формулу поспеху. І вельмі важным складнікам у ёй з’яўляецца выкарыстанне сучасных тэхналогій.

Пра аб’яднанне па інтарэсах “Робататэхніка”, кіраўніком якога з’яўляецца наша гераіня, мы расказвалі не раз. Зрэшты, нічога дзіўнага – яно стала своеасаблівай візітнай карткай Ушацкай школы. Ды і не толькі яе. Раённая педагагічная канферэнцыя, візіт высокіх гасцей з абласнога цэнтра, сталіцы – на ўсіх важнейшых мерапрыемствах, дзе трэба прадставіць сістэму адукацыі Ушаччыны, без “тэхна-выставы”, падрыхтаванай Наталляй Анатольеўнай і яе вучнямі, не абыходзіцца.

Сапраўды, вельмі цікава назіраць, як лега-робаты, знешне падобныя на машыну, тэрмінатара ці, скажам, лягушку, па падказках камп’ютара, смартфона выконваць розныя каманды: рухаюцца, мяняюць колер сігнальных агеньчыкаў і многае іншае. І мала хто задумваецца, што за ўсім гэтым – не толькі магчымасці “высокага розуму”, але і вялікая работа педагога.

Каб асвоіць патрэбныя IT-тэхналогіі, пяць гадоў таму Н.А.Шарыпа за ўласны кошт прайшла навучанне ў Мінску, атрымаўшы два сертыфікаты на права вучыць робататэхніцы дзяцей. Як зараз успамінае, гэтак жа апантана з калегамі майстравалі з канструктара “Lego” робатаў, убудоўвалі ў іх чыпы, пісалі праграмы. “Дагэтуль з камп’ютарам была на “Вы”, – прызнаецца жанчына. – Хіба што тэкставы дакумент набраць магла ці невялікую прэзентацыю скласці. Аднак усё прыходзіць з вопытам. Увогуле, лічу, што вучыцца трэба пастаянна, чым і стараюся займацца”.

Лепшая ўзнагарода для настаўніка – зацікаўленасць дзяцей, іх яркія эмоцыі. Хтосьці, убачыўшы робата ў справе, пляскае ў далоні, нехта нават танцаваць пачынае… Зрэшты, у робататэхніцы маецца не толькі гульнявы элемент – на занятках вучні знаёмяцца з асновамі фізікі, інфарматыкі і нават біялогіі, павышаецца іх агульная паспяховасць. І ўсё гэта натхняе педагога!

“Зачароўвае” малодшых школьнікаў Н.А.Шарыпа і шмат чым іншым. Так, нядаўна прайшла анлайн курсы для выкладчыкаў правапалушарнага малявання і зараз са сваім 2 “Г” стварае з дапамогай гуашы ў пэўным сэнсе ўнікальныя работы – у ход ідуць не толькі прывычныя пэндзалі, але і губкі для мыцця посуду, пальцы рук; лісты паперы пераварочваюцца дагары нагамі, складваюцца – для “капіравання” ўжо нанесенай выявы… Гэта рэальна захапляе, прычым, не толькі дзяцей, але і дарослых. “Такі метад малявання павялічвае мазгавую актыўнасць у пяць разоў, – расказвае Н.А.Шарыпа. – І гэта спатрэбіцца ў засваенні новага матэрыялу ў вучобе”.

– І што далей? – цікаўлюся ў педагога.

– Толькі ўдасканальвацца! – адказвае Наталля Анатольеўна. – Спадзяюся, што колькасць набораў канструктара пабольшае – і гэта дазволіць нам выйсці на новы ўзровень робатаскладання, паўдзельнічаць у розных тэхнічных конкурсах і запрасіць на заняткі яшчэ больш школьнікаў. Працягнем таксама творчае развіццё і, магчыма, як раяць калегі з мастацка-графічнай адукацыяй, у перспектыве адмысловую экспазіцыю наладзім.

Ну а ў тым, што гэта (ды і многае іншае!) атрымаецца, няма сумненняў. У настаўніка, які жыве сваёй справай, інакш проста быць не можа.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *