В Селище появилась тематическая автобусная остановка, а в Дорошковичах беседка в общественном месте. Вести сельсоветов Ушаччины

Общество

Тэматычныя прыпынкі

Бяздумна пачакаць аўтобуса ў жыхароў Селішча яўна не атрымаецца. І раней у гэтым і некаторых іншых вёсках Кубліцкага сельсавета прыпынкі мелі тэматычную афарбоўку, якая нагадвала пра правілы бяспекі ў быце. А вось апошняя, што ўсталявана тут летась, акцэнтуе ўвагу на ўважлівых адносінах да свайго здароўя. Фарба набыта за сродкі самаабкладання жыхароў, а размалявала прыпынак педагог раённага цэнтра дзяцей і моладзі Ганна Бабянок. Гэта не першае яе “графіці”, ну а прачытаўшы слоган, нейкі бесклапотны вясковец, спадзяёмся, апране маску, што ляжала ў кішэні, і больш не будзе падвяргаць рызыцы заражэння ні сябе, ні іншых

Альтанка запатрабавана

У Дарошкавічах і Загуззі (на здымку) за сродкі самаабкладання жыхароў сёлета набыты і ўжо ўсталяваны альтанкі. Прапісаліся яны ў самых людных месцах – дзе спыняецца аўтакрама. Цяпер яе не трэба чакаць пад дажджом, а ва ўтульных месцах праходзяць усе масавыя мерапрыемствы аднавяскоўцаў. І не толькі вясёлыя, а і жалобныя: у альтанцы Загуззя, напрыклад, нядаўна быў накрыты невялікі памінальны стол.

На Азёрнай пасвятлела

З першага кастрычніка ва ўсіх населеных пунктах раёна адначасова ўключылі вулічнае асвятленне. Гэты працэс зараз аўтаматызаваны, тым не менш, паступаюць і персанальныя заяўкі, калі недзе ўсё ж выйшаў са строю ліхтар. Дарэчы, ажно шэсць дадатковых усталявана па вуліцы Азёрнай вёскі Градзянец, якая актыўна забудоўваецца і злучаецца з вуліцай Аніса Клопава ў гарпасёлку.

Аварыйныя і паваленыя

Ушацкі сельвыканкам працягвае работы па ачыстцы могілак ад аварыйных дрэў, тым самым не толькі ліквідуючы пагрозу разбурэння помнікаў, але і ствараючы дадатковыя месцы для пахавання. Можна сказаць, трэць існуючай тэрыторыі вызвалілася ва Угрынках, дзе, як і ў Заазер’і, Расна працаваў індывідуальны прадпрымальнік. Таксама прыватнік праводзіў “санітарную” расчыстку на грамадзянскім месцы пахавання ў Замошшы-І, а ў Астравенцы паваленыя бурай дрэвы ліквідаваны спецыялістамі УП ЖКГ.

Закрытыя пляцоўкі

Кантэйнеры ў населеных пунктах – рэч неабходная, аднак і не надта эстэтычная, тым больш калі яны адкрытыя ды перапоўненыя. І таму ў аграгарадку Вялікія Дольцы ўстанавілі чатыры спецыяльныя пляцоўкі, якія маюць жалезабетонную агароджу. Пралёты апошняй жыллёва-камунальнай гаспадарцы перадаў сельвыканкам, за сродкі і сіламі апошняга яны былі пафарбаваны, ну а спецыялісты службы, якая і ажыццяўляе збор смецця, усталявалі агароджу.

Дарогі, дарогі

Менавіта па іх стане паўстае больш за ўсё пытанняў. Падсыпаны і прагрэйдзіраваны летам яны былі па вуліцах Маладзёжная і Сонечная ў вёсцы Двор Пліна, падрамантавана і на ўчастку Пліна-Старое Сяло. На многіх абочынах вакол шашы высякалася расліннасць, каб маглі прайсці камбайны з шырокімі жняяркамі.

З двайной карысцю

Трынаццаць аварыйных дрэў, што ўяўлялі пагрозу суседнім будынкам, ліквідавалі ў вёсках Вашкова, Жары, Двор Жары і Звонь. Прычым палова з іх – сіламі саміх вяскоўцаў, пасля таго як сельвыканкам атрымаў заключэнне аб стане дрэў. Другая частка была ссечана падчас суботнікаў і з дапамогай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Усе, хто браўся за ліквідацыю, не толькі рабіў грамадскую справу, але і такім чынам рыхтаваўся да ацяпляльнага сезона – забіраў сабе дровы.

 Падрыхтавала Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *