В Ушачском районе завершается сев озимых культур

Сельское хозяйство

Сяўба азімых культур завяршаецца. На гэта зараз сканцэнтраваны ўсе сілы аграрыяў. На якія культуры робіцца стаўка на наступны ўраджай, што стрымлівае работы. Пра ўсе злабадзённыя справы восеньскай сяўбы мы гутарылі з намеснікам начальніка райсельгасхарча С.А.БЕЛАГРЫЎЦАВЫМ.

– Сяргей Аляксандравіч, ці павялічаны плошчы пад азімыя зерневыя адносна мінулага года?

– Не, план сяўбы застаўся ранейшым – 5300 гектараў, а вось па тэмпах мы апераджаем мінулагоднюю пасяўную на 1238 гектараў. Аднак названая лічба – без азімых на зялёны корм, а гэта яшчэ дадатковых 2400 гектараў.

– На якія культуры робіцца стаўка? Жыта ці пшаніца ў фаварытах сярод азімых?

– Усе старажылы памятаюць, што раней на Ушаччыне лепей расло азімае жыта: менш патрабавальная культура, што лягчэй пераносіць маразы. Аднак зараз усё перамянілася і вось ужо на працягу трох гадоў стаўка робіцца больш на азімую пшаніцу. Многія маглі назіраць летам у Слабадзе насупраць комплексу нізкія палеткі з выдатным коласам. Гэта пшаніца “Аўгусціна”, якая нават сёлета дала 30 цэнтнераў з гектара. Справа ў тым, што беларускія навукоўцы вывелі выдатныя сарты азімай пшаніцы, якія не толькі не саступаюць, але і парасягаюць жыта і па ўстойлівасці да хвароб, палегліцы, і па ўраджайнасці.

– Практыка “Ільюшынскага” і “Вялікадолецкага”, дзе на адным месцы працуюць вопытныя аграномы, таксама ў гэтым пераконвае?

– Так. У першай гаспадарцы, напрыклад, азімай пшаніцы будзе на сто гектараў болей. А ў другой наогул больш чым у два разы: 300 – жыта і 650 – пшаніцы. Аляксандр Віктаравіч Зянюк прыкмеціў, што пшаніца на круг заўсёды дае 34-35 цэнтнераў з гектара (сёлетні год у разлік не бяром) і пастаянна культывуе “Оду”, “Аўгусціну” і нямецкі гатунак “Люцыус”.

– У зводцы значыцца і азімая трыцікале.

– Так, яе сеюць “Дземенец” і “Агра-Селішча”. Аднак культура гэта не з’яўляецца распаўсюджанай, паколькі нестабільная: хварэе вясной снежнай цвіллю, не заўсёды родзіць. Ды і акрамя таго яе нельга здаць у лік дзяржзаказу, паколькі трыцікале прымаецца як харчовая толькі на спірт.

– Як гаспадаркі забяспечаны мінеральнымі ўгнаеннямі?

– Можна сказаць, традыцыйна: мінеральных угнаенняў мы маем менш чым палову – 40,7 працэнта. Як заўсёды, больш калійных – 69 працэнтаў, недастаткова фосфарных – толькі 3,6 і 27,5 – азотных. Патрэбу ў апошніх гаспадаркі кампенсуюць арганікай. Літаральна ўсе сельгаспрадпрыемствы ўносілі і фосфар, і калій пад азімыя крыжакветныя. З двума гэтымі кампанентамі сеюць азімыя зерневыя толькі філіял “Маяк-Ушацкі” і ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”.

– Аптымальныя тэмпы сяўбы азімімых ужо мінулі, ці не пашкодзяць ураджайнасці начныя замаразкі?

– Так, аптымальным лічыцца тэрмін да 25 верасня. Аднак мы спадзяёмся, што пастаіць яшчэ надвор’е і дасць магчымасць дасеяць азімыя. Такія замаразкі не перашкаджаюць укараненню азімых, паколькі невялікія, у глебе трымаецца плюсавая тэмпература.

– Тым не менш дзённага задання па сяўбе не выконвае ні адна гаспадарка.

– Планы складаліся, каб укласціся ў аптымальныя тэрміны, ну а рэальная сітуацыя ў гаспадарках уносіць свае карэктывы. Недахоп механізатараў, накладка работ, ну а галоўнае – паломкі тэхнікі. Калі б яна была падрыхтавана як след, то тэмпы былі б іншымі. Зноў жа, на ўсё не стае рэсурсаў. За бюджэтныя сродкі рамантаваўся рухавік энерганасычанага МТЗ-3522 для “Дземенца”, мараць пра гэта ў “Глыбачанах”.

– І паказчыкі моцна адрозніваюцца. У “Вялікадолецкім” на мінулым тыдні за дзень сеялі па 80 гектараў, а ў некаторых у лепшым выпадку 30?

– Гэта тлумачыцца проста: у гэтыя дні акрамя ўласных сеялак у прыгаданай гаспадарцы працавала шыроказахопная (12 метраў) з Полацкага аграрнага аб’яднання. Дапамога гэтай высокапрадукцыйнай тэхнікай аказваецца і іншым гаспадаркам. Аднак не па кожным полі яе пусціш, і разлічваць сельгаспрадпрыемствам перш за ўсё даводзіцца на ўласныя сілы. Ды мы ўжо на фінішнай прамой – 93 працэнты азімых на зерне, застанецца толькі 2400 гектараў на зялёны корм.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *