Вакцинация — надёжный способ профилактики многих болезней, в том числе COVID-19

Главное Здравоохранение

Здаецца, з усіх крыніц гучыць інфармацыя пра неабходнасць захавання мер засцярогі ад COVID-19 і, у праватнасці, вакцынацыю. Пра самыя розныя яе нюансы – ад часу паступлення прэпаратаў, іх якасці да падрабязнага раскладу, як і дзе ва Ушачах зрабіць прышчэпку, – практычна ў кожным нумары расказвае таксама “Патрыёт”. Вось толькі некаторыя грамадзяне прапускаюць гэта міма вушэй. Успамінаюць жа толькі тады, калі аказваюцца ў цяжкім стане падключанымі да кіслароду ў інфекцыйным ці рэанімацыйным аддзяленнях райбальніцы. Калі ў некаторых такіх пацыентаў медыкі запыталі, чаму тыя не вакцынаваліся, гучаў стандартны і вельмі нелагічны ва ўмовах пандэміі адказ: “Думаў, што хвароба мяне абміне”. А адна ўшачанка шакіравала, калі сказала, маўляў, дагэтуль не ведала, што такую працэдуру можна прайсці ва Ушачах.

– Не перастаем нагадваць: вакцынацыя – самы надзейны спосаб прафілактыкі многіх хвароб, у тым ліку каранавіруса, – кажа намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва райбальніцы Н.В.Дрозд. – Зрабіць прышчэпку можна ў кабінеце №50 паліклінікі, а таксама ў бальніцах сястрынскага догляду. Па папярэдняй заяўцы медработнікі прыедуць у працоўныя калектывы ці нават на дом да грамадзян. У дастатковай колькасці маецца ў нас прэпарат расійскай вытворчасці “Спутнік V”, днямі паступіла яго чарговая партыя. А вось кітайскі заканчваецца (на раніцу 14 кастрычніка было 80 доз) – ці будзе яго завоз, пакуль невядома.

Рабіць прышчэпку ці не – кожны вырашае сам. Між тым, ніхто з правакцынаваных ад COVID-19, з кім давялося пагутарыць, не пашкадаваў пра такую “падстрахоўку”.

Марыя і Аляксей Антуновічы:

– У нашай сям’і пытання, вакцынавацца ці не, нават не стаяла. Паколькі па доўгу службы (працуем у ТЦСАН і райаддзеле міліцыі) пастаянна даводзіцца кантактаваць з вялікай колькасцю людзей – пажылымі, якія адносяцца да асноўнай групы рызыкі, а таксама тымі, якія вядуць амаральны лад жыцця, а значыць уяўляюць павышаную небяспеку ад іх заразіцца, вырашылі засцерагчы такім чынам ад інфекцыі сябе і сваё акружэнне. Рызыкаваць самім дарагім – дзецьмі, якіх у нас трое, – проста не маем права! Пільна сачылі за звесткамі пра распрацоўку вакцыны, яе паступленне ў Беларусь. Калі ж магчымасць зрабіць прышчэпку ўрэшце з’явілася, паспяшаліся ў бальніцу. І зрабілі гэта не дарэмна: дагэтуль не “пазнаёміліся” з каранавірусам.

Фёдар Хацкевіч:

– На сёмым дзясятку гадоў вельмі адказна адношуся да свайго здароўя, таму правакцынаваўся ў ліку першых. Ведаю, што верагоднасць заразіцца пасля такой працэдуры змяншаецца, а шансы перанесці хваробу ў больш лёгкай форме, наадварот, растуць. У выніку я на каранавірус не захварэў, ды і ніякага дыскамфорту адразу пасля ўколу і ў пазнейшы перыяд не было. Ведаючы пра даволі напружаную эпідсітуацыю ў краіне і раёне, у прыватнасці, задумаўся нядаўна пра рэвакцынацыю. Аднак у райбальніцы, куды звярнуўся з гэтым пытаннем, патлумачылі, што праходзіць яе ранавата. Што ж, пачакаю, а ў вызначаны час (праз дзевяць месяцаў пасля першай імунізацыі) абавязкова прышчаплюся зноў!

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *