Главный специалист сектора ЖКХ Оксана Мелешко ответственно относится как к рабочим, так и к профсоюзным обязанностям

Общество

Кожны дзень галоўны спецыяліст сектара жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аксана Стэфанаўна Мялешка, калі спяшаецца на работу, думае не толькі пра свае працоўныя абавязкі, а і прафсаюзныя – ужо тры гады яна ўзначальвае пярвічку райвыканкама, якая ўваходзіць у Беларускі прафсаюз работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. Адказнасць і нефармальны падыход даюць плён.

З народнымі майстрамі ў фестывальным Віцебску.

“Абавязкова напішыце пра гэтую пярвічку, упэўнена магу сказаць, што яна ў ліку лепшых і актыўных!” – не раз адзначала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шаўчэнка. І справа не толькі ў правільным вядзенні дакументаў, а і тым, як наладжана тут работа. Памятаюць пра ветэранаў працы і на юбілейныя даты заўсёды адпраўляюцца да іх з падарункамі і харчовымі наборамі. Ніколі не застанецца без арыгінальнага віншавання на дзень нараджэння кожны член прафсаюза. Стараюцца зрабіць для іх запамінальнымі ўсе святы. “На Дзень абаронцаў Айчыны і Міжнародны дзень жанчын мы рыхтуем нават цэлыя тэатралізаваныя прадстаўленні, сцэнарыстамі якіх звычайна выступаюць Юлія Мялешка і Ігар Шышко. Навагодні падарунак Дзед Мароз не аддасць без верша ці песні, каб было цікава, загадзя прадумваем і агеньчыкі. Абавязкова арганізуем навагодняе свята і для дзяцей у раённым цэнтры дзяцей і моладзі. Удзяляем увагу аздараўленню. У аднаго мала што атрымаецца, многае залежыць і ад актыўнасці саміх працаўнікоў, іх настрою і энтузіязму. У нас ёсць узаемаразуменне – таму і жывём цікава. Зразумела, што прафсаюз актыўнічае не толькі ў святы, а і падтрымлівае ў жалобныя хвіліны”, – расказвае Аксана Стэфанаўна.

Стараюцца члены калектыву разнастайваць працоўныя будні паездкамі на мерапрыемствы і экскурсіі. Так, ужо па традыцыі кожнае лета адпраўляюцца на “Славянскі базар”, у гэтым годзе, напрыклад, наведалі канцэрт “Саюзная дзяржава запрашае”. Пад уражаннем члены прафсаюза засталіся і ад сёлетняй паездкі ў Беларускі акадэмічны музыкальны тэатр у Мінск. На гэты кастрычнік была запланавана экскурсія ў музей Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальную бібліятэку, Хатынь, аднак пакуль з-за эпідэмічнай сітуацыі паездку часова адклалі.

Удзяляюць увагу і здароваму ладу жыцця, прымаючы ўдзел у абласных, галіновых і раённых спартыўных мерапрыемствах – не столькі для перамогі, колькі для добрага настрою. Спартсмены, дарэчы, абавязкова заахвочваюцца.

Аб тым, што прафсаюз працуе, клапоціцца пра інтарэсы работнікаў, красамоўна сведчыць і такі факт: прафсаюзнае членства складае 100 працэнтаў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *