Про хлеб Ирина Козловская знает почти всё…

Общество

Ці амаль усё. Гатоўнасць бохана вызначыць з заплюшчанымі вачыма, ды і інгрэдыенты распазнае па смаку, не падглядваючы ў паперы. Трыццаць год, як нязменна на адным прадпрыемстве, на ўшацкім хлебазаводзе, працуе Ірына Аляксандраўна Казлоўская. Прайшла літаральна ўсе пасады і можа смела сказаць, што смак прыходзіць у працэсе работы.

“Хлебную” спецыяльнасць  Ірыне параіла абраць маці. Сама фельчар, у медыцыну дачку не сватала. Трэба валодаць канкрэтным рамяством, лічыла старэйшае пакаленне, і з Калінкавіцкага раёна дзяўчына трапляе ў Баранавічы, дзе і заканчвае тэхнікум харчовай прамысловасці. Назад на Гомельшчыну вяртацца не пажадала, яны з сяброўкамі, утрох з адной групы, размеркаваліся на ўшацкі хлебазавод.

Часу на адаптацыю ў іх не было, у 1980-м якраз ліквідавалі пасаду майстроў, і маладых спецыялістаў ставяць начальнікамі змен: па сутнасці тэхнолагам і майстрам у адной асобе. Так і  замацоўвалі тэорыю на практыцы. І заўсёды, кім бы потым ні працавала Ірына Аляксандраўна: лабарантам ці тэхнолагам, унікала і ведала заўсёды больш, чым патрабавалі абавязкі. Усё гэта спатрэбілася зараз, калі некалькі год таму прызначылі намеснікам дырэктара каапнарыхтпрама па вытворчасці. Тым не менш менавіта на гэтай пасадзе складаней, чым у самым пачатку, калі зялёная дзяўчына прывівала дысцыпліну рабочым, якія  падыходзілі ёй у бацькі. Таму што тады было кола дакладных абавязкаў, а зараз яна ў адказе за ўсю вытворчасць. А па-ранейшаму прывыкла ўсё правяраць самастойна. Яна і сёння падымаецца сярод ночы і ідзе на завод, калі патрэбна.

Колькі мы не размаўлялі – тэлефон не змаўкаў. І на працягу хвілін трыццаці я была ў курсе многіх вытворчых дробязяў. Аптовы пакупнік удакладняў кошт на новы від батонаў, раіліся, ці распачынаць фасоўку пернікаў усяго на дзве каробкі, на якія атрымалі заказ, удакладнялі, ці паступіць дабаўка і мука. Адным словам – вытворчасць.., якая падпарадкоўваецца аднаму – густу пакупнікоў. І не толькі дзеля дзвюх каробак закладаюць цеста на пернікі, літаральна паштучна выпякаюць розныя віды прадукцыі, калі паступіла заяўка. А заказваюць магазіны, напрыклад, па два батоны, кексы, пляцёнкі… Для параўнання: калі за змену для замесу чорнага хлеба ідзе 2 тоны мукі, то для дыетычных сартоў і рулетаў – усяго 5-20 кілаграмаў.

– У нас вельмі вялікі асартымент выпускаемай прадукцыі, у тым ліку і за змену, таму і вялікая нагрузка. Аднак будзем працягваць асвойваць новыя віды, тым больш што зараз свабода ў вырабе сваіх, мясцовых  сартоў. Заваёўваем новыя рынкі збыту, толькі па магазінах Полацкага раёна штодзённа разыходзіцца па 180- 200 латкоў, а  прадпрымальнік бярэ оптам 100. Асноўныя ж нашы пакупнікі, канечне, ушачане, а галоўная ўзнагарода, калі менавіта ад іх чуеш: “Больш з Мінска хлеб не возім”.

Што датычыцца густу самой Ірыны Аляксандраўны, то яна любіць самы звычайны ўшацкі “кірпіч”, просты батон, фрукты замест тартоў і кнігу, а то і некалькі ў якасці адпачынку. Шкадуе, што не атрымала вышэйшай адукацыі – дзеля сябе, дзеля пазнання і ўсім маладым абавязкова раіць удасканальвацца.

В.КАРАЛЕНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *