Виктор Короткий награждён нагрудным знаком «За заслуги в преодолении последствий катастрофы на ЧАЭС»

Общество

Апошняе пасяджэнне прэзідыума раённага савета ветэранаў пачалося з прыемнай місіі. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Пятроўна Васілеўская ўручыла нагрудны знак “За заслугі ў пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС” ветэрану працы В.П.Кароткаму. Атрымаўшы ўзнагароду, Віктар Пятровіч расказаў прысутным, чым займаўся з красавіка 1986 (моманту аварыі) па 1990-ы, калі пераехаў на Ушаччыну.

– Сімфонію Чайкоўскага “Лебядзінае возера” мы ведалі лепш за іншыя мастацкія творы, паколькі менавіта яе часта “круцілі” па радыё і тэлебачанні ў першыя паўтара месяца – ніякай інфармацыі аб катастрофе і пагрозе не было. Ды і надалей большасць даных засакрэчвалася. Як начальнік Хойніцкай ПМК кожны тыдзень прымаў удзел у штабе па ліквідацыі наступстваў, якім кіраваў вядомы маскоўскі навуковец Я.Велехаў, а ўваходзілі прадстаўнікі самых розных службаў і вайскоўцы. Перад нашым прадпрыемствам, у складзе якога было 470 чалавек, стаяла задача не дапусціць, каб забруджаныя воды па меліярацыйных каналах трапілі ў Прыпяць і ­Днепр. Зазначу, што меліярацыю на Палессі не параўнаць з той, што на Ушаччыне – ад Пінска і ледзь не да Кіева, на асушаных балотах стаялі населеныя пункты і цэлыя саўгасы. І мы пачалі будаваць насыпныя дамбы – у дадатак да сваёй тэхнікі атрымалі яшчэ 123 адзінкі. Дамбы – пласты пяску, гліны рабіліся так, каб вада накіроўвалася на фільтры – туфы – порыстая горная парода. Зразумела, што вада пачала падымацца, затопленымі аказаліся нават некаторыя вёскі, на той момант ужо адселеныя. А калі б прарвала дамбы, то гэты паток змыў бы ўсё на сваім шляху і накіраваў у Прыпяць масу радыяцыйных рэчаў. Як інжынер-гідратэхнік, я ведаў плошчы меліярацыі – дзесяткі тысяч квадратных кіламетраў, і падымаў пытанне аб небяспецы і ў Мінску, і ў Кіеве, і ў Маскве. Чуў у адказ: “На ваш погляд”. Тады і прыняў рашэнне пакрыху спускаць верхнія пласты праз дамбы. На той час мы ведалі, што зверху вада чыстая. Справа ў тым, што на базе нашай ПМК размяшчаліся навуцоўцы з Омскага інстытута ядзернай фізікі. Рабіліся даследаванні вады, зямлі, было выкапана 49 артэзіянскіх свідравін. Дык вось зямля была заражаная нават на глыбіні, а вада – толькі знізу, дзе і ўтрымліваліся радыяцыйныя асадкі. Такім чынам мы крыху знізілі нагрузку на дамбы. А таксама часткова разбуралі меліярацыйныя каналы – была вельмі магутная ваенная тэхніка – каб вада ўвабралася ў зямлю. Дапамагло і надвор’е – лета стаяла вельмі спякотнае. Праз паўгода аб’ект быў здадзены ў эксплуатацыю, прымалі яго з верталёту. І ў тым жа снежні мне адзінаму ў Беларусі ў 1986 годзе ўручылі ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Ці баяліся мы там працаваць? Перада мной гэтае пытанне не стаяла, я быў выхаваны: хто, калі не мы. Не разбегліся і людзі з нашай вельмі моцнай ПМК, чаго я вельмі баяўся. Добра, на гэты конт паклапаціліся ўлады і работы пачалі аплачвацца ў пяцікратным памеры. Ну а для бяспекі скарысталіся суседствам навукоўцаў і ўкаранялі на прадпрыемстве ўсё, што яны рабілі для сябе. Праз рэспіратары, што выдаваліся, дыхаць было немагчыма – імі былі ўсланы абочыны дарог – усе выкідвалі. Апраналі маскі з тоўстым слоем марлі. Калі яна чырванела (ёд), надзявалі другую. Ведалі, што патрэбна добрае каларыйнае харчаванне, раілі нам прымаць увечары і грамаў 150 гарэлкі або кагору. А яшчэ, каб абара­ніць шчытападобную залозу, мы закупілі белых прасцін, палоскамі якіх у некалькі слаёў абмотвалі горла. Мае супрацоўнікі працавалі ў зоне па пяць гадзін, а потым мяняліся. Падкрэслю, што гэта была дзесяцікіламетровая зона, да якой належала і мая родная вёска. На працягу наступных чатырох гадоў мы падтрымлівалі меліярацыйную сістэму і ўводзілі ў абарот новыя землі замест выбыўшых.

Патлумачу, чаму апынуўся менавіта на Ушаччыне. Мне прапанавалі ўзначаліць 8 ПМК на выбар – у Гродзенскай вобласці, а таксама Полацкую, Пастаўскую, Ушацкую. На той час я ўжо ведаў, што радыяцыя разышлася па Беларусі плямамі. Старэйшае пакаленне павінна памятаць, што нізка над зямлёй лётаў вялікі самалёт-лабараторыя, які замяраў радыяцыю. Былі складзены сакрэтныя карты. Так я даведаўся, што дзяцей накіраваў з Хойнік лічы што ў Хойнікі – вёска, дзе на Міншчыне жыў брат, аказалася якраз у такой пляме. Таму па згодзе з Масквой (наш трэст падпарадкоўваўся напрамую) я з вайскоўцамі з Сяміпалацінска, якія мелі больш дакладныя прыборы, чым дазіметры, што выдавалі нам, аб’ехалі ўсе прапанаваныя раёны, бралі заборы зямлі і паветра не ў адным месцы. Ушаччына аказалася самай чыстай.

Калі я праходзіў абследаванне ў нашым ведамасным санаторыі пад Расонамі, медыкі не верылі, што працаваў кіраўніком – думалі, што шахцёр, настолькі зашлакаваны быў арганізм. Лічу, што асабіста мне акрамя пералічанага не атрымаць прамянёвую хваробу ці іншыя сур’ёзныя наступствы дапамог здаровы лад жыцця, з якім увесь час сябрую. Я са студэнцтва займаўся спортам, меў першы разрад па боксу, і зараз рухаюся, раблю гімнастыку.

Ушаччыну не пакінула ні адна з дванаццаці хойніцкіх сямей, што пераехалі разам са мной (вярталася на малую радзіму каля 50 працэнтаў). Мы сталі сваімі, хаця і не адразу. Памятаю, што мой першы часовы дом у вёсцы Лутава Сяльцо суседзі абыходзілі, і ніхто спачатку не садзіўся ў машыну, калі прапаноўваў падвезці. Баяліся.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *