26 июня — День работников прокуратуры

Общество

Органы пракуратуры ў нашым грамадстве вырашаюць шырокі спектр задач: мы наглядаем за захаваннем законнасці, каардынуем барацьбу са злачыннасцю і карупцыяй, вядзём вялікую прафілактычную работу па самых розных накірунках.

Так, з пачатку года пракурорскімі работнікамі раёна падтрымана абвінавачванне па 24 крымінальных справах. Прымалі мы ўдзел і ў разглядзе 37 грамадзянскіх спраў. У іх ліку, напрыклад, былі іскі аб высяленні нядобрасумленных грамадзян з займаемай жылплошчы, справы аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. Апошнім часам нямала выпадкаў, калі пракуратура ў інтарэсах сельскіх саветаў звяртаецца ў суд з заявай аб прызнанні старых дамоў вымарачнай (безгаспадарнай) спадчынай – у пераважнай большасці яны былі задаволены і органы мясцовай улады атрымалі законную магчымасць знесці трухлявыя пабудовы. У выніку бытавых канфліктаў узнікаюць сітуацыі, калі пацярпелым аказваецца медыцынская дапамога, і хоць вінаватыя не заўсёды прыцягваюцца да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці, пракуратура ўсё роўна спаганяе на карысць медустановы затрачаныя ёю сродкі – сёлета ўжо былі адпаведныя выпадкі.

Адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці органаў пракуратуры – разгляд зваротаў грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб і прыняцце мер па аднаўленні правоў заяўнікаў. З пачатку года да нас паступіў 21 падобны зварот. Шэраг з іх датычыўся працоўнага заканадаўства, у тым ліку нюансаў кантрактнай формы найму, правамернасці прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці. Некалькі грамадзян звярталіся па спадчынных пытаннях.

Эфектыўнай формай работы з’яўляецца асабісты прыём грамадзян, які вядуць пракурорскія работнікі (з яго графікам можна азнаёміцца на першым паверсе будынка пракуратуры і на сайце райвыканкама). З пачатку года нашы супрацоўнікі прынялі 54-х грамадзян.

Пад увагай пракуратуры знаходзяцца ўсе актуальныя для нашага раёна праблемы. Гэта недапушчэнне росту злачыннасці, супрацьдзеянне алкагалізацыі насельніцтва і звязанаму з ёй бытавому насіллю, забеспячэнне бяспекі жыццядзейнасці людзей, садзейнічанне іх занятасці, барацьба з браканьерствам і іншымі парушэннямі прыродаахоўнага заканадаўства, навядзенне парадку на зямлі – і яшчэ цэлы шэраг актуальных пытанняў, вырашэнне якіх павінна паспрыяць паляпшэнню якасці жыцця ўшачан.

М.ПАДВОРНЫ, пракурор Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *