«Лучшее ветеранское подворье» — усадьба Владимира Лешукевича

Общество

Знаёмства з сядзібай Уладзіміра Лешукевіча, што на ўскрайку Вашкова, пачалося з… баравікоў. Літаральна ўвесь стол быў усланы белымі, падрыхтаванымі на сушку і марынаванне. Таццяна Віктараўна ўжо столькі назапасіла на зіму, што і з сябрамі-піцерцамі падзяліліся. Хоць у лес яны не ідуць наўмысна па грыбы – гэта звычайная ранішняя прагулка, што пачынаецца за брамкай участка. За ім адразу растуць сосны, елкі, ядловец – пасаджаныя гаспадаром ці самасейкі. Аднак увесь перыметр за агароджай выкашаны так жа нізка і роўна, як і ў двары. За ўзорную дагледжанасць дома і навакольнай тэрыторыі і з’явілася на ім шыльда “Лепшы ветэранскі падворак”.

Не засаджаны ні кустоўем, ні дрэвамі, крышачку ў нізіне, з дарогі ўвесь участак – як на далоні. Яго ўнікальнасць менавіта ў празрыстасці – нічога лішняга, прасторна і таму кожны элемент кідаецца ў вочы. Бетонная дарожка з выкладзенай лічбай 2019, калі Уладзімір Іосіфавіч пераехаў з Санкт-Пецярбурга ў Беларусь. Бардзюр з петуній вакол яе, арка, увітая клямацісам, разная лаўка са штучным сабакам, вяргіні, гладыёлусы, хрызантэмы, ружы. Прычым, гаспадыня толькі сёлета далучылася да клопатаў па дачы. Усе мнагалетнікі пасаджаны раней мужам, які вельмі любіць кветкі.

А перад гэтым ён раўняў участак, перабіраў прагнілую падлогу і сцены, рабіў прыбудовы і другі паверх, дзе госці размяшчаюцца не толькі ў летні час. Ёсць печ і дадатковыя каларыферы, цёплая падлога – усё для камфортнага жыцця.

Гэтак жа ідэальна і ў садзе. І тут Уладзімір Іосіфавіч таксама спачатку выкарчаваў увесь зараснік, выселіў кратоў, а потым роўнымі радкамі пасадзіў грушы, персік, абрыкос, дэкаратыўныя кусты. Частка з іх – за межамі ўчастка і паступова стварае жывую агароджу. Ідэальна пастрыжаны газон, а гаспадар збіраецца сёлета ўсё разбурыць – узараць. Нядаўна ва ўжытку з’явіўся мотаблок з усімі прыладамі, аднак фраза і плугі пойдуць не дзеля таго, каб заняцца агародніцтвам, а каб знішчыць нашэсце лічынак майскага жука і правапнаваць кіслую глебу. На 25 сотках, зразумела, знайшлося месца і пад градкі, якія знаходзяцца ў тыльнай частцы і амаль нябачны, як і гаспадарчы двор.

– Я ўжо столькі дамоў пабудаваў і дрэў насадзіў – за ўсю радню план перавыканаў, – усміхаецца Уладзімір Іосіфавіч. – Гэта чацвёртая мая дача, тры першыя былі ў Ленінградскай вобласці, мяняў, перабіраючыся бліжэй да Паўночнай сталіцы.

А як апынуўся на Ушаччыне? Ён родам з Беларусі, і пакуль жылі бацькі, штогод прыязджаў на Міншчыну. А неяк сябры, такія ж заўзятыя рыбакі, прапанавалі наведаць санаторый “Лясныя азёры” – прэзентавалі як ідэальнае спакойнае месца з лесам і азёрамі. Сапраўды спадабалася. Прыязджаў чатыры разы запар, не спрабуючы памяняць на іншую здраўніцу. А калі гуляў па наваколлі, нагледзеў участак. Практычна ўсё тут ён рабіў сваімі рукамі. Першая рабочая спецыяльнасць плітачніка-мазаічніка паспрыяла гэтаму толькі часткова, проста рукі мае залатыя і не баіцца ніякай работы.

Цікава, што ён стаў ініцыятарам добраўпрадкавання і наваколля. Абкошвае абочыны дарогі, арганізуе суботнікі па навядзенні парадку ля крыніцы, да якой многія ўшачане прыязджаюць за вадой. Не ўсё яшчэ дароблена, а вось лавачку давялося ўжо другую паставіць – першай не стала літаральна праз дзень. На жаль, адны, як У.Лешукевіч, думаюць пра агульнае, а другія – толькі пра сябе. І тым не менш, сумленных людзей больш і санаторнае Вашкова радуе вока, у тым ліку і дзякуючы вось такім неабыякавым дачнікам.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *