Ушачская футболистка Татьяна Логинова

Общество

Тое, што вучаніца Плінскай школы Таццяна Логінава здольная да спорту, заўважыў яшчэ яе настаўнік фізічнай культуры П.С.Леановіч. Фізічна падрыхтаваная, яна на ўроках была вельмі актыўная і рухомая, адразу выдзялялася сярод сваіх аднагодак. А ў футболе наогул роўных Таццяне не было, магла даць фору нават хлопцам. Каб асаблівыя здольнасці давалі плён, дзяўчына вырашыла заняцца футболам сур’ёзна. У 1995 годзе яна прыйшла трэніравацца  ў ДЮСШ. Дзяўчына была залічана ў групу, у якой займаліся хлопчыкі 1983-1984 гадоў нараджэння. Многія з іх пазней сталі ігракамі высокага ўзроўню. Пастаянныя трэніроўкі, вялікія нагрузкі… Але Таццяна ні разу не пашкадавала аб сваім выбары, а любоў да спорту з кожным годам толькі расла. Футбольная каманда, у якой пад выглядам хлопца выступала Т.Логінава, заняла трэцяе месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па футболе сярод хлопчыкаў 9-10-гадовага ўзросту, а пазней стала срэбраным прызёрам першынства Віцебскай вобласці, прапусціўшы наперад толькі каманду ДЮШАР №6 горада Віцебска. За ўсю гісторыю існавання аддзялення футбола ва Ушацкай ДЮСШ гэта самы лепшы вынік першынства. Зараз мы з Таццянай з усмешкай успамінаем тое, як прыходзілася не дапісваць у дакументах апошнюю літару яе прозвішча – і толькі ўдзельнікі каманды ведалі, кім на самой справе з’яўляецца “Т.Логинов”.

Таццяна атрымлівала запрашэнні ад вучылішчаў алімпійскага рэзерву Віцебска, Брэста, Гродна, Бабруйска. У верасні 2000 года яна падпісала кантракт з клубам “Універсітэт-96” горада Віцебска, у складзе якой заняла другое месца ў розыгрышы кубка Рэспублікі Беларусь, а таксама ў складзе маладзёжнай зборнай рэспублікі ўдзельнічала ў паўфінальным турніры чэмпіянату Еўропы. Пазней Т.Логінава пераехала ў Гродна, дзе паспяхова выступала за футбольную каманду “Белкард”.

Апошнія тры гады Таццяна з’яўляецца членам клуба “Бабруйчанка” горада Бабруйска. У 2008 годзе каманда заваявала трэцяе месца чэмпіянату рэспублікі, у 2009 – другое месца гэтага ж турніру і Кубак Рэспублікі Беларусь. У 2010 годзе каманда стала пераможцай чэмпіянату, а для заваявання Кубка не хапіла зусім крышачку: па пенальці прайгралі камандзе горада Мінска “Зорка БДУ”. У гэтым жа годзе Таццяну запрасілі ў нацыянальную зборную Рэспублікі Беларусь, дзе яна прымала ўдзел у адборачных гульнях чэмпіянату Еўропы з камандамі Македоніі і Нарвегіі. На жаль, у сувязі з траўмамі прыйшлося на пэўны тэрмін адмовіцца ад далейшых выступленняў у складзе каманды. Аднак мы спадзяёмся, што ў гэтым годзе зноў убачым Таццяну Логінаву ў складзе нацыянальнай зборнай. Хочацца пажадаць дзяўчыне новых паспяховых выступленняў, моцнага здароўя і аптымізму. І хай у яе ўсё атрымаецца!

В.ЛУК’ЯНЕНКА,

трэнер ДЮСШ.

На здымку: 1999 год, Т.Логінава ў цэнтры ў другім радзе (знізу)..



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *