30 ноября в Ушачах с новой концертной программой выступит Александр Солодуха. Интервью с заслуженным артистом Беларуси

Общество

30 лістапада на сцэне раённага цэнтра культуры і народнай творчасці з новай канцэртнай праграмай “Маладыя пацаны” выступіць Аляксандр Саладуха. Спяваць для ўшачан ён будзе неўпершыню. Чым збіраецца здзівіць гледачоў самы жыццярадасны артыст беларускай сцэны гэтым разам? Пра гэта і іншае мы пацікавіліся ў артыста, а ён з задавальненнем даў інтэрв’ю раённай газеце.

– Аляксандр, раскажыце, што ўяўляе сабой Ваша новая праграма?

– Гэта прэзентацыя ўжо 13 па ліку сольнага альбома, які пісаўся на працягу двух папярэдніх гадоў. У першым аддзяленні будуць гучаць абсалютна новыя песні з яго, а таксама кампазіцыі “Беларусь мая любімая” і “Мы жывыя”, якія ўвойдуць у мой 14 сольны альбом. Песні ўжо набіраюць абароты ў краіне, проста “на ўра” прымаюцца гледачом. Ну а ў другім аддзяленні, па традыцыі, я выканаю “залатыя хіты”. У перапынку, пакуль я пераапранаюся, будуць выступаць мае сыны Аляксандр і Антон – гурт “Элемент”. Яны таксама прывязуць у ваш горад новыя песні. Ім ужо па 34 гады, і разам мы плённа працуем 14 гадоў – поўны сямейны тандэм. Пасля канцэрта, як заўсёды, з задавальненнем дам аўтографы і зраблю фота на памяць з кожным жадаючым. У мяне ёсць традыцыя: не пакідаю фае да таго часу, пакуль там знаходзяцца гледачы.

– У планах наведаць усе гарады Беларусі?

– Безумоўна. Нацэліўся на ўсе 120. Канцэртны тур стартаваў 3 лютага бягучага года, і сёння за спіной амаль паўсотні канцэртаў. Адчуваецца, што пандэмія паўплывала на настрой людзей і гледачы засумавалі па жывых зносінах з артыстам. Паралельна ёсць і нямала заказных мерапрыемстваў, нядаўна ўдзельнічаў у шоу “Народны повар”.

– Вы часта кажаце, што любіце гледачоў з маленькіх гарадоў.

– Сапраўды люблю выступаць у невялікіх населеных пунктах, у іх нейкая асаблівая атмасфера і вельмі шчырыя гледачы. Не раз быў і ва Ушачах, дзе мяне таксама цёпла сустракалі. Неяк прыехаўшы ў ваш гарпасёлак, а перад канцэртам адчуў недамаганне. Памятаю, што тады насупраць РДК была аптэка і бегаў туды за лекамі, каб абавязкова выйсці на сцэну.

– Шмат цяпер гаворыцца пра важнасць вакцынацыі супраць каранавіруснай інфекцыі. А вы прышчапіліся?

– У нас з жонкай Наталляй на дваіх чацвёра дзяцей і пяцёра ўнукаў. Малодшай дачцэ 11 гадоў. Я вельмі люблю сваіх родных і лічу, што павінен засцерагчы і сябе, і тых, хто побач. Правакцынаваўся “Спутнікам”, адчуваў сябе добра і на наступны дзень запісваў новую песню “Лісткі каляндара”.

– У Вас столькі энергіі, адкуль чэрпаеце сілы і натхненне?

– Натхняе мая сям’я, мае гледачы. Увогуле маё жыццёвае крэда – нельга сядзець, склаўшы рукі і чакаць выпадковага поспеху, само нічога не прыйдзе, трэба працаваць. Вось і арганізацыяй сваіх выступленняў заўсёды займаюся асабіста. Вытрымліваць вялікія сольныя канцэрты дапамагае любоў да спорту – раней захапляўся баскетболам, люблю настольны тэніс, плаванне.

– Што пажадаеце чытачам “Патрыёта” і Вашым прыхільнікам?

– Паважаныя жыхары Ушацкага раёна, ад усёй душы жадаю ўсім вам шчасця, здароўя, поспеху, любові. Запрашаю на канцэрт, добры настрой і пазітыў гарантую!

Гутарыла Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *