Народному клубу национальных культур «Дружба» Ушачского района исполнилось 20 лет

Культура

Народны клуб нацыянальных культур “Дружба” – адно з самых старэйшых і заслужаных творчых аб’яднанняў нашага раёна. Сёлета споўнілася 20 год з моманту яго стварэння, і прыемна, што адметны юбілей мы адзначылі плённым удзелам у яркім мерапрыемстве – абласным туры ХІІІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, што праходзіў у аграгарадку Ноўка пад Віцебскам.

На здымку: удзельніцы клуба А.Казачэнка, Л.Дунец, В.Сямёнава, А.Красільнікава, В.Візгалава.

Гасцямі свята “Нас з’яднала зямля Беларусі” сталі творчыя прадстаўнікі 11 нацыянальнасцяў з 16 раёнаў Віцебшчыны і перад намі стаяла няпростая задача: дастойна прэзентаваць Ушаччыну.

Рабілі мы гэта ў трох фарматах. На кулінарнай пляцоўцы вырашылі прадставіць мясныя пірагі, прыгатаваныя па рэцэптах пяці нацыянальных кухняў. І калі рускі курнік, напэўна, спрабавалі многія, то башкірскі зур-бэліш, украінскія праглы, казахскую самсу, азербайджанскі куртундэрэ большасць гасцей свята прадэгуставалі ўпершыню. Ну а пра кулінарныя таленты гаспадынь з “Дружбы” сведчыў не толькі атрыманы Дыплом за папулярызацыю страў нацыянальных кухняў, а і тое, што блюды на нашым стале апусцелі вельмі хутка. Прыцягнула ўвагу і пляцоўка з работамі народных майстроў. У панараме твораў жывапісу і ткацтва, шэдэўраў саломапляцення, калекцый адноўленага старажытнага адзення і прадметаў ужытку ярка выглядалі работы разьбяра Вячаслава Мурашова, якія былі ацэнены дыпломам ІІІ ступені за ўвасабленне ў творах нацыянальных традыцый дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Паспяховым стаў і наш удзел у конкурсным канцэрце, складзеным з мастацкіх нумароў розных нацыянальнасцяў. Права адкрыць праграму атрымала Людміла Дунец, якая прэзентавала са сцэны ўласны верш “Свой хлеб”. Ушацкая паэтэса прысвяціла гэты твор нашаму славутаму земляку Рыгору Барадуліну. А заключныя радкі: “Прыходзьце, я вас пачастую здароўем, шчасцем і дабром!” гучалі ва ўнісон з асноўнай тэмай свята – гасціннасцю нашай краіны, дзе ў згодзе і міры жывуць прадстаўнікі многіх нацыянальнасцей. Дарэчы, выпечаны ўласнымі рукамі духмяны льняны бохан яна паднесла членам журы – паспытаўшы яго, тыя, па ўсім відаць, проста не змаглі ўстаяць перад ушацкімі чарамі і прысудзілі Людміле другое месца ў намінацыі “Лепшае прадстаўленне аўтарскіх твораў”.

Такія святы заўсёды праходзяць у душэўнай атмасферы добразычлівасці, упэўніваюць у тым, што быць сябрамі і добрымі суседзямі куды больш мудра і правільна, чым спрачацца і ваяваць.

В.ВІЗГАЛАВА, кіраўнік клуба “Дружба”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *