В Ушачской детской школе искусств ярко и интересно прошли «Рождественские встречи»

Культура

За вакном ва ўсю сваволіла непагадзь, а ў сценах дзіцячай школы мастацтваў было надзвычай цёпла. Быццам цёмныя сілы мусілі сарваць Калядныя сустрэчы, ды не атрымалася. Столькі калектываў рыхтавалася да их, столькі бацькоў, бабуль прыйшло падтрымаць маленькіх артыстаў, якія прыкметна хваляваліся.

“Саромеюцца нашы спяваць са сцэны, – каменціравала выступленне нядзельнай школы прыхода вялікапакутніцы Параскевы Пятніцы Марыя Мікалаеўна Правада. Яна спецыяльна перасела на першы рад і лавіла кожнае слова выхаванцаў, якім выкладае закон Божы, ды і тэксты да падобных мерапрыемстваў падбірае. – Малайцы, такія складаныя вершы вывучылі! – падтрымлівала крыху пазней ужо дзяцей нядзельнай школы прыхода пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры. – Я імкнуся сваім шукаць прасцейшыя. Многае бяру з часопіса “Колыбель”. Ну а наогул дзяцей на сваіх і чужых не дзелім. Неяк часова ва Ушачах па прычыне хваробы матушкі Любові школа не працавала, дык Аня Лабань да нас на заняткі прыязджала”.

Для мяне ж выхад на сцэну юных ушацкіх прыхаджан стаў прыемным адкрыццём. Раней нядзельныя школы наведвалі пераважна дзяўчаты. Тут жа на сцэне было 6 хлопчыкаў і тры дзяўчынкі, столькі ж выхаванак групы падоўжанага дня №3. Усяго да матушкі Любові Лобец прыходзіць займацца каля 25 дзяцей. Не ўсе разам, зараз складаны час, многія хварэюць. Вось і сама матушка не змагла падтрымаць сваіх выхаванцаў, аднак плён яе заняткаў бачны. Ужо выдатна чытае на стараславянскай мове Маша Мялешка, Саша Верхалазава, якая прыводзіць у нядзельную школу і малодшага брата Сцяпана. Яны разам з Ягорам Баранічам з’яўляюцца зараз самымі юнымі наведвальнікамі. Апошні, дарэчы, ніколькі не хваляваўся на сцэне, упэўнена прачытаўшы свой урывак, памахаў маме і бабулі, якія знаходзіліся ў зале.

Многія наведваюць нядзельныя школы з братамі і сёстрамі. У Арэхаўне малых прымаюць з трох гадоў. На цяперашні момант такіх няма, ну а другакласнік Косця Радыгін нават на год раней пайшоў у школу пры храме, чым у Арэхаўскую сярэднюю. А сёлета выступаў на сцэне побач з сястрой – пастаяннай удзельніцай усіх мерапрыемстваў Эвелінай.

Як звычайна, юныя арэхаўскія прыхаджане паказвалі тэатралізаваныя прадстаўленні, а сёлета яшчэ і спявалі разам з пеўчымі царквы Ганнай Мікалаеўнай Пашковай і Ірынай Васільеўнай Коршун. Апошняя не раз выходзіла на сцэну, у тым ліку і падчас выканання разам з Верай Фёдараўнай Пашутай песні “Святыя зямлі беларускай”, пра поспех якой на міжнародным фестывалі духоўнай аўтарскай песні “Каўчэг” мы нашым чытачам паведамлялі. На ім песня атрымала галоўную ўзнагароду, а самае цікавае, што аўтар музыкі М.М.Правада музычнай адукацыі не мае, яна напела мелодыю В.Пашуце, якая апрацавала і паклала яе на ноты.

Канцэрт атрымаўся вельмі разнапланавым і цікавым. Акрамя выхаванцаў нядзельных школ спецыяльна да гэтага дня свае новыя нумары падрыхтавалі спевакі дзіцячага і Узорнага хору школы мастацтваў, выхаванцы харэаграфічнага і эстраднага аддзяленняў. Сама сцэна была цікава ўпрыгожана выкладчыцай Айгуль Смык. Адпавядаючыя тэматыцы творы праспявалі і дарослыя: Таццяна Новікава і прадстаўнікі хору Народнага клуба “Ветэран”.

Літаральна ўсе нумары ўспрымаліся на біс, а ў кожнага артыста былі вельмі натхнёныя твары. Асаблівае мерапрыемства наклала адбітак на рэпертуар і настрой. Як і на кожным свяце, на Калядных сустрэчах не абышлося без падарункаў, якія благачынны Ушацкай царкоўнай акругі іерэй Аляксандр Таляронак уручыў усім дзіцячым калектывам. А гледачоў і артыстаў ён павіншаваў з самым светлым святам, пажадаў здароўя, спакою і любові ў сем’ях, а таксама каб кожны праз пакорлівасць знайшоў шлях да выратавання.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *