Меньше краж, но больше киберпреступлений: в Ушачском РОВД подвели итоги за 2021 год

Общество

Ва Ушацкім РАУС падвялі вынікі аператыўна-службовай дзейнасці за 2021 год, вызначылі галоўныя напрамкі, па якіх будуць працаваць сёлета, каб на тэрыторыі раёна панавалі правапарадак  і законнасць. Пра ўсё гэта мы папрасілі расказаць начальніка райаддзела міліцыі В.С.КАРЭНСКАГА:

– Віталь Станіслававіч, якім выдаўся мінулы год для калектыву РАУС?

– Асноўныя намаганні былі накіраваны на прафілактыку правапарушэнняў, на папярэджанне п’янства, ахову грамадскага парадку. Па-ранейшаму цесна ўзаемадзейнічалі з насельніцтвам, удасканальвалі работу са зваротамі грамадзян, падтрымлівалі высокі ўзровень аператыўнасці рэагавання. Усё гэта дазволіла дасягнуць пэўных пазітыўных вынікаў, захаваць тэндэнцыю па скарачэнні колькасці злачынстваў. Так, летась на Ушаччыне іх зарэгістравана 111, што на 10 менш, чым было ў 2020-м. Увогуле не было згвалтаванняў, вымагальніцтваў, разбояў, угонаў аўтатранспарту. Менш стала фактаў наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў і грабяжоў (па 1, годам раней – па 3), махлярстваў (1 супраць 4 у 2020-м), а таксама злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі (1 супраць 2), раней судзімымі (21 супраць 27), у стане алкагольнага ап’янення (24 супраць 25). Значна радзей рэгістраваліся і крадзяжы (40 супраць 49), аднак такая станоўчая дынаміка не была характэрна для Вяркудскага, Глыбачанскага і Вялікадолецкага сельсаветаў – тут нячыстыя на руку грамадзяне праводзілі “рэвізію” чужой маёмасці 5, 4 і 6 разоў адпаведна (2, 2 і 5 годам раней).

– Што выклікае асаблівую заклапочанасць?

– З 1 да 3 павялічылася колькасць забойстваў, 2 з іх здзейснена ў гарпасёлку, 1 – на тэрыторыі Жарскага сельсавета. Стала больш цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў (12 супраць 10 у 2020-м), здзейсненых у грамадскіх месцах (12 супраць 9), крадзяжоў мабільных тэлефонаў (3 супраць 0). Сапраўдным “бічом” апошняга часу сталі злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій. Прычым, калі гадоў 5 таму іх было па 1-2, у 2020-м – 14, то летась ужо 17!

– А што з раскрывальнасцю?

– Па лініі крымінальнага вышуку яна вырасла і склала 66,1 працэнта (па ўсіх цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах падазроныя асобы ўстаноўлены!). Аднак нам ёсць да чаго імкнуцца, – у вобласці гэты паказчык летась склаў 67,2, у рэспубліцы – 63,3. Пакідае жадаць лепшага раскрывальнасць па крадзяжах, учыненых у Сарочынскім і Кубліцкім сельсаветах (па 40 працэнтаў), г.п.Ушачы (42,9). Ну і прадказальна самае слабае месца – кіберзлачынствы, устанавіць вінаватых удалося толькі ў 11,8 працэнта выпадкаў.

– Якія меры прымаліся для барацьбы з алкагалізацыяй насельніцтва?

– У лячэбна-працоўныя прафілакторыі накіравана 8 жыхароў раёна, некалькі дзясяткаў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства. Такія ж праблемы з законам, толькі па іншым артыкуле, зарабілі і 14 грамадзян, якія незаконнага вырошчвалі на сваіх участках расліны, якія ўтрымліваюць наркатычныя ці псіхатропныя рэчывы.

– Наколькі бяспечна на нашых дарогах?

– За мінулы год зарэгістравана 6 дарожна-транспартных здарэнняў (на ўзроўні 2020-га), у выніку якіх 7 чалавек атрымалі раненні. Асноўнымі іх прычынамі сталі выезд на сустрэчную паласу руху (3), стан транспартнага сродку і ўмовы надвор’я (2), незахаванне дыстанцыі (1). Нецвярозых вадзіцеляў і “бяспраўнікаў”, якія сталі віноўнікамі гэтых аварый, не было.

Самай аварыйнай аўтадарогай па-ранейшаму з’яўляецца ў нас Р-46 “Лепель – Полацк – мяжа Расійскай федэрацыі”, на якой за апошнія 4 гады адбылося 5 дарожна-транспартных здарэнняў. У большасці выпадкаў гаворка ішла пра парушэнне вадзіцелямі хуткасных рэжымаў, парушэнне правілаў абгону, выезд на сустрэчную паласу.

Усяго за 2021 год супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі выявілі 3731 парушэнне Правілаў дарожнага руху, у тым ліку 47 выпадкаў кіравання аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення, 124 – без вадзіцельскага пасведчання (12 з іх паўторна на працягу года). 429 пешаходаў (172 з іх – нецвярозыя) “засвяціліся” на адсутнасці святлоадбівальных элементаў. Не былі законапаслухмянымі і 425 (100) веласіпедыстаў.

– Якія задачы стаяць перад супрацоўнікамі райаддзела міліцыі на перспектыву?

– Галоўны акцэнт – на прафілактыку любых супрацьпраўных дзеянняў, тым больш цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, у сферы высокіх тэхналогій. Працягнем работу па павышэнні іміджу супрацоўнікаў міліцыі, са схільнымі да правапарушэнняў грамадзян, адпрацоўку населеных пунктаў са складанай аператыўнай абстаноўкай, узаемадзеянне з насельніцтвам.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *