Социальную скидку в 10% теперь можно получить в сельских магазинах и автомагазинах Ушачского филиала облпотребобщества

Общество

Яшчэ ў мінулым нумары мы друкавалі крытычны ліст нашых чытачоў наконт таго, што ні адзін вясковы магазін Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства не рэалізоўвае сацыяльна значныя тавары з 10-працэнтнай скідкай. А сёння можам абрадаваць сельскіх жыхароў: з панядзелка, 7 лютага, абсалютна ўсе вясковыя крамы, а таксама аўтамагазіны ажыццяўляюць пагадненне, падпісанае паміж Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю і 18 сеткавікамі, у тым ліку і Белкаапсаюзам.

Паколькі магазінаў у кааператараў намнога больш, чым у іншых буйных сеткавікоў, і яны не звязаны паміж сабой адзінай уліковай сістэмай, скідка будзе ажыццяўляцца грамадзянам ільготнай катэгорыі па асобных ведамасцях. Пакупніку трэба прад’яўляць дакументы, якія пацвярджаюць ільготы: пасведчанне пенсіянера, інваліда, мнагадзетнай сям’і, а для малазабяспечаных – даведку аб атрыманні штомесячнай адраснай дапамогі.

Як мы паведамлялі раней, са скідкай прадаюцца тавары па 29 пазіцыях, прычым існуюць пэўныя абмежаванні, напрыклад, крупы, хлеб або тварог не павінны ўтрымліваць напаўняльнікі ў выглядзе семак, сухафруктаў. Ушацкім філіялам устаноўлены дакладны пералік тавару, які будзе рэалізоўвацца са скідкай, таму вывучайце яго або цікаўцеся ў прадаўца. Напрыклад, у ім пазначаны два віды хлеба – “Гатаўскі” і “Шклоўскі”, батон “Нежный” і “Асенні”, смятана тлустасцю 26 працэнтаў, а малако і кефір – 3,2. У пераліку ёсць усе прадукты першай неабходнасці, уключаючы мяса, агародніну.

І яшчэ адна важная акалічнасць. Паколькі на рэалізацыю тавараў са скідкай прадаўцам спатрэбіцца больш часу, кіраўніцтва Ушацкага філіяла просіць з разуменнем ставіцца да магчымага змяшчэння графіку прыбыцця аўтамагазінаў у вёскі – з цягам часу ўсё нармалізуецца, а на рабоце вясковых крам гэта не адаб’ецца. У гарпасёлку сацыяльна значныя тавары са скідкай пры афармленні сацыяльнай карткі па-ранейшаму рэалізоўваюцца толькі ў адным магазіне Ушацкага філіяла – “На Віцебскай”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *