День депутата в Ушачском сельсовете

Общество Саветы і жыццё

Раённы Савет дэпутатаў прапанаваў сельскім Саветам дэпутатаў новую форму работы з народнымі абраннікамі – Дзень дэпутата. Мерапрыемства ставіць на мэце вучобу дэпутатаў па асноўных нарматыўных актах, якія датычацца іх дзейнасці, вырашэнне існуючых праблем, а таксама выяўленне  актыўных для далейшага абагульнення вопыту работы. Першым сельсаветам, дзе адбыўся Дзень дэпутата, стаў Ушацкі.

Перад дэпутатамі выступіла старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч. Яна  спынілася на асноўных момантах закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні”, “Аб статусе дэпутата”, Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №21 “Аб павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва”. Дэпутатам былі раздадзены даведачныя матэрыялы, патрэбныя ім для работы. Таксама Алена Васільеўна расказала аб сутнасці і рэалізацыі новага праекта “Дэпутацкая пошта”, паведаміла аб раённым конкурсе па добраўпарадкаванні, які праводзіцца ў 2011 годзе.

Загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і выкананні адміністрацыйных працэдур “Адно акно” А.А.Семіоненка прааналізавала звароты грамадзян канкрэтна па Ушацкім сельсавеце. Так, у 2010 годзе паступіў 21 зварот, што складае 10% ад агульнай колькасці зваротаў. Пытанні, з якімі звярталіся грамадзяне, у асноўным датычыліся жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дарожных службаў, сувязі і іншыя. Усе звароты разгледжаны згодна з заканадаўствам і вырашаны станоўча. 4 пытанні знаходзяцца на кантролі ў райвыканкаме і паступова таксама вырашацца. Непасрэдна ў сельскі Савет паступіла 96 вусных і пісьмовых зваротаў, работа з імі ацэнена здавальняюча.

Начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Т.У.Дзямешка расказала аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2010 год і напрамках дзейнасці ў 2011 годзе.

Намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама А.У.Андросаў  ахарактарызаваў крымінагенную абстаноўку ў раёне і канкрэтна ва Ушацкім сельсавеце. За апошнія гады колькасць злачынстваў у раёне зменшылася. Калі ў 2008 годзе іх было 258, то ў 2010-м – 191. Ва Ушацкім сельсавеце больш спакойная крымінагенная абстаноўка, чым у астатніх сельсаветах. Дэпутаты задавалі свае пытанні, абмяркоўвалі праблемы, у выніку чаго атрымалася ажыўленая размова. А.У.Андросаў заклікаў дэпутатаў прымаць удзел у ахове правапарадку, аказваць дапамогу ў раскрыцці злачынстваў, не быць раўнадушнымі назіральнікамі, калі здзяйсняюцца розныя супрацьпраўныя дзеянні, паведамляць аб іх у РАУС.

Вопытам работы ў сваім населеным пункце падзяліўся старэйшына вёскі Градзянец У.М.Малаткавец.

Старшыня сельсавета В.І.Шнітко ў сваім выступленні падкрэсліў, што паляпшэнне ўмоў жыцця грамадзян – адзін з асноўных накірункаў работы сельсавета. Сёння ў склад сельсавета ўваходзіць 31 населены пункт, дзе пражывае 2307 жыхароў. Васіль Іванавіч коратка расказаў аб зробленым у 2010 годзе, прааналізаваў работу дэпутатаў, назваў прозвішчы актыўных.

Затым дэпутатам сельскага Савета ўрачыста былі ўручаны пасведчанні дэпутатаў і значкі.  

У рамках дня дэпутата народныя абраннікі наведалі ветэранаў вайны, а таксама нядобранадзейныя сем’і, за якімі яны замацаваны. Завяршылася мерапрыемства  падвядзеннем вынікаў.

Дні дэпутата пройдуць у кожным сельскім Савеце.

В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *