Посмотрите, как в Ушачах прошел районный праздник «Масленица-2022»

Общество

Дзе можна пачаставацца смачнымі блінамі і духмянай гарбатай? Гучна павадзіць карагод і весела правесці час? Канечне ж, на народным гулянні “Масленічны фэст”, што разгарнуўся ў мінулую нядзелю на цэнтральнай плошчы гарпасёлка.

Халаднаватая, але сонечная раніца паклікала народ весяліцца лёгкімі гукамі спеваў, спакуслівым пахам пачастункаў. Ад выстаўленых страў літаральна разбягаліся вочы. Народны клуб “Прысмакі” прапаноўваў гасцям галоўны атрыбут Масленіцы – бліны з самымі рознымі начынкамі: яблыкамі, тварагом, курыцай. На “ўра” разыходзілася і гарачая гарбата, якая “трымала тэмпературу” на печы непадалёк. Канкурэнцыю ж прызнаным кулінарам-аматарам склалі прафесіяналы з філіяла аблспажыўтаварыства, якія запрашалі ўшачан ацаніць смак іх страў за столікамі непадалёк.

А колькі было розных гульняў ды відовішчаў! Цікавай праграмай парадавалі культработнікі: знайшлося ў ёй месца традыцыйным абрадавым спевам і танцам, вясёлым сцэнкам, прыпеў­кам. Дзецям і дарослым прапанавалі больш дзясятка конкурсаў. Напрыклад, можна было прадэманстраваць спрыт у баі мяшкамі на бервяне, праверыць трапнасць у кіданні імправізаваных бліноў з патэльні, ды і паласавацца рэальнымі за перамогу ў конкурсе па падыманні гіры. Адмысловы тавар, зроблены сваімі рукамі, прапаноўвалі работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Дома рамёстваў, народнага клуба “Адраджэнне”.

Шмат забаў для юных удзельнікаў свята падрыхтавалі таксама работнікі раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Попытам карысталася і катанне на ўпрыгожанай званочкамі ды стужкамі вазніцы.

– Стараюся не прапускаць падобных святаў і абавязкова бяру з сабой дачушку Танечку, – падзялілася з намі ўраджэнка Ушач Марына Савельева. – Гэта добрая магчымасць не толькі весела правесці час, але і далучыць малую да багатай беларускай культуры.

У цэнтры асаблівай увагі ў гэты дзень прадказальна аказаліся Масленіцы, зробленыя ў рамках загадзя аб’яўленай конкурснай праграмы працоўнымі калектывамі раёна. Ля эфектнай Вітамінкі-адрэналінкі з райбальніцы, мілай Любы з цэнтра дзяцей і моладзі, а таксама “рослай” Дуняшы з ТЦСАН народу для фатаграфавання збіралася нямала. Выбраць сярод іх пераможцу аказалася няпроста – дыпломы і салодкія падарункі ад арганізатараў мерапрыемства атрымалі стваральнікі ўсіх штучных прыгажунь.

– Атмасфера сёння проста выдатная! Уражаны тым, як весела, з нацыянальным каларытам адзначаеце свята, – казаў жыхар Смаленска Віктар Ягораў. – На Ушаччыне бываю часта і заўсёды не абмінаю магчымасці пазнаёміцца з традыцыямі вашага выдатнага краю.

Завяршыўся масленічны фэст, канечне, спальваннем чучала зімы. Згодна з народным павер’ем, разам з ім павінна “згарэць” усё нядобрае, што перашкаджае людзям радавацца жыццю, вясне, абнаўленню.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *