Мастерство владения ракеткой показывали участники на районном чемпионате по настольному теннису

Cпорт

“Шкада, што чэмпіянат ужо завершаны… А давайце напрыканцы вясны правядзём наступны турнір – а пакуль что патрэніруемся, каб яшчэ лепшую форму набраць!” – дзяліліся ўражаннямі ўдзельнікі раённага першынства па настольным тэнісе пасля фінальнага паядынку спаборніцтваў.

У.Чумакоў, А.Мамон, В.Гугін, В.Леўшык, У.Гардзіёнак, В.Корань.

І сапраўды, гэты захапляльны і даступны від спорту на Ушаччыне ў ліку самых папулярных. Званне ж лепшага тэнісіста ў першай палове сакавіка аспрэчвалі 12 мужчын, якія, адпаведна рэгламенту, павінны былі сустрэцца кожны з кожным.

Пасля работы і па выхадных яны спяшаліся ў залу спарткомплексу, каб атрымаць асалоду і зарадзіцца адрэналінам. А Сяргей Давыдаў, напрыклад, прыязджаў на паядынкі аж са сталіцы. Цікава, што мэтры, якім за 60, ні ў чым не саступалі трыццацігадовым візаві. “Асабіста для мяне такія сапернікі, як Віктар Леўшык, Валерый Гугін, Мікалай Фядосенка, Валерый Корань з’яўляюцца прыкладам адданасці спорту, стымулююць да актыўных заняткаў, каб быць у іх узросце ў такой жа выдатнай фізічнай форме!” – зазначае Аляксандр Мамон. Прынамсі, менавіта гэты малады чалавек “разбавіў” на п’едэстале гегемонію ветэранаў. Увогуле прызавая тройка пры размеркаванні месцаў закруціла сапраўдны трылер: В.Гугін выйграў усе паядынкі апроч матча з В.Леўшыкам. У сваю чаргу А.Мамон саступіў толькі ў гульні з першым, затое перамог другога. Лёс “золата” быў вызначаны па дадатковым паказчыку – асабістай сустрэчы, таму дасталася яно Валерыю Гугіну. Аляксандр (зрэшты, ужо трэці чэмпіянат запар) атрымаў “срэбра”, ну а Віктар Леўшык заваяваў “бронзу” і паказаў самы адчувальны прагрэс у параўнанні з леташнім першынством. Дастойны гульнявы ўзровень прадэманстраваў Уладзімір Гардзіёнак, які саступіў толькі тром лідарам і стаў чацвёртым, пятае месца – у С.Давыдава, замкнуў шасцёрку лепшых Уладзімір Чумакоў.

Пераможцы чэмпіянату атрымалі ад раённага фізкультурна-спартыўнага клуба дыпломы і сертыфікаты на бясплатнае наведванне “Юнацтва-Ушачы” на 12, 8 і 4 сеансы адпаведна. “Вельмі прыемныя падарункі: будзе нагода і ў басейне паплаваць, і ў трэнажорцы пазаймацца – гэта паспрыяе агульнафізічнай падрыхтоўцы, што ў нашым відзе спорту немалаважна!» – з задавальненнем канстатавалі лепшыя тэнісісты раёна.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *