Растет как на дрожжах. Новый 40-квартирный дом на Проектируемой улице №5 строят без выходных

Общество

Ніша ў пакоі “просіцца” стаць спальняй, у прыхожай можна зрабіць убудаваную шафу, у квадратнай кухні выдатна ўпішацца нават круглы стол. Чалавеку з фантазіяй, а дакладней, любому, хто яшчэ не мае ўласных метраў, прыемна ўявіць, як ён мэбліруе новую кватэру. І няхай у доме па праектуемай вуліцы №5 вывелі толькі другі паверх, планіроўка кватэр добра ўгадваецца ў чырвоных цагляных каробках і задаволіць нават пераборлівага.

– Мінімум адзін пакой у любой кватэры выходзіць на поўдзень, а аднапакаёвыя, па сутнасці – палутаркі. І метраж добры, і перагародку ці шафу лёгка зрабіць, каб атрымалася “двушка”, – арыентуе мяне на мясцовасці намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Пятровіч Цімафееў. – У саракакватэрным доме плануецца пад 20 арэндных кватэр, 5 сацыяльных і застаецца зусім мала для дольшчыкаў-індывідуалаў. Таму раіў бы паспяшацца з афармленнем дакументаў, тым больш што невядома, ці будзе будаўніцтва шматпавярховак у бліжэйшыя гады, а калі і будзе, то адназначна даражэйшае.

Меркавала, што гэта некалькі працэнтаў штогадовай інфляцыі, але начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Аляксандр Сяргеевіч Лосеў патлумачыў, што не толькі гэта. “У нашым доме кошт квадратнага метра і сёлета істотна ніжэйшы, чым у іншых райцэнтрах: 1522 рублі з аддзелкай, хоць ужо даходзіць да 1700-1800. Справа ў тым, што змяніліся патрабаванні па будаўніцтве, зараз у шматпавярховых дамах абавязкова патрэбны ліфт, а мы паспелі ўскочыць у апошні вагон без яго. Да таго ж удалося першымі заманіць генпадрадчыкаў – і сёлета дом будуецца ў аптымальны час, плануецца здаць у верасні, а не перад Новым годам. Гэта таксама ўдзешавіць будоўлю, бо з красавіка пры аплаце работ ужо не прымяняецца зімовы каэфіцыент, які ў кошт закладзены. Ёсць і іншыя варыянты на патанненне, як і летась, калі на квадратным метры зэканомілі 74 рублі.

Што ж, кошт і планіроўка – гэта вызначальныя фактары. А паколькі будаўніцтва заўсёды б’е па сямейным бюджэце, можна заказаць кватэру і без аддзелкі: самім клеіць шпалеры, ста­віць дзверы, ванну ці душ, класці падлогу, у гэтым доме, дарэчы, будзе ламінат. У такім выпадку “квадрат” патаннее на 150 рублёў. Што датычыцца метраў, то ў аднапакаёвых іх 41,62, а ў “двушках” па 58 і 59,30 метра.

Нельга было не прыкмеціць і яшчэ адной акалічнасці – на будоўлі дома няма выхадных. Кладку дзве брыгады муляраў – генпадрадчыка – Шумілінскага ПМК-70 і субпадрадчыка з нашага ПМК-66 – кладуць штодня вахтавым метадам. Таму і расце ён як на дражджах. Вертыкальная планіроўка, катлаван і фундамент – плён выключна ўшацкіх будаўнікоў, ну а паралельна са сценамі шумілінцы пачнуць класці інжынерныя сеткі, ставіць сантэхніку, а ў красавіку пачнуцца і аддзелачныя работы. Два ПМК максімальна кааперыруюцца, тут усе наяўныя краны, як і наогул тэхніка, каб згодна графіка завяршыць гэты аб’ект і накіравацца на чарговы – у Гарадок. Выдатна, што будаўнікі запатрабаваны, а ў людзей з’явіцца магчымасць палепшыць уласныя метры: за лік арэнднага, сацыяльнага і ўласнага жылля.

З будоўлі вярталася, дарэчы, у чыстых ботах, хоць меркавала, што спатрэбяцца гумавыя. Ніякага чарназёму пад нагамі – урадлівы слой вывезлі загадзя, тэрыторыя агароджана, адразу прыбіраюць за сабой. Парадавалася, што растуць не толькі новыя дамы, але і культура будаўніцтва.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *