Ученики Глыбочанской школы посетили исторические места Бреста и Минска

Образование и молодежь

У горад-герой Брэст мы накіраваліся на два дні, каб як мага больш убачыць. Галоўны пункт вандроўкі – Брэсцкая крэпасць-герой. Казематы і казармы, што да гэтага часу нясуць на сабе адбіткі той страшнай вайны, велічны манумент “Смага”, музей гісторыі абароны крэпасці, форты… Тое, што бачылі толькі на старонках падручніка гісторыі, паўстала велічнай глыбай перад вачыма турыстаў.

Потым наведалі археалагічны музей “Бярэсце”, што з’яўляецца адзіным на тэрыторыі ўсёй Еўропы музеем сярэдневяковага горада. Аглядаючы шматлікія археалагічныя знаходкі, экспазіцыі і інсталяцыі, вучні з дапамогай настаўніка гісторыі яшчэ раз замацавалі веды пра старажытны перыяд гісторыі беларускага Палесся.

Наша група пабывала ў краязнаўчым музеі горада, пагуляла па пешаходнай вуліцы з алеяй ліхтароў, якія кожны вечар запальвае ліхтаршчык, наведалі музей цягнікоў, ратушу і іншыя цікавыя аб’екты берасцейскай зямлі. Нельга не адзначыць дапамогу сям’і брэсцкіх ваенных Віктара і Ірыны Церашкавец у распрацоўцы экскурсійных маршрутаў па горадзе і арганізацыі начоўкі.

Назад рушылі цягніком праз горад-герой Мінск. Здзейснілі пешую прагулку па горадзе, наведалі Плошчу Свабоды, дзе пабачылі шмат цікавых аб’ектаў архітэктуры, мемарыял “Яма” на месцы расстрэлу нацыстамі каля 500 вязняў Мінскага гета, музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, востраў Мужнасці і Смутку, Траецкае прадмесце.

Экскурсія настолькі спадабалася ўсім удзельнікам, што эмоцыі літаральна чыталіся на тварах дзяцей. Сваімі вачыма пабачыць тое, аб чым толькі чытаеш на старонках кніг і часопісаў – ці гэта не шчасце.

Д.ПАРШОНАК,
настаўнік Глыбачанскай школы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *