Ежики и коты, совы и лягушки… Тамара Гриневич восемь лет занимается оригами и удивляет своими работами

Общество

У Кубліцкім сельскім Доме культуры адразу з уваходу цябе сустракаюць тры лебедзі. Вялізныя, з паўметра, але ўсё ж у тры разы меншыя за свайго «продка». Можна ўявіць, якім асілкам быў той, з каго Тамара Восіпаўна Грыневіч і спляла гэтых прыгажуноў.

“Трубкі цяжкія атрымаліся, так што птушцы складана было трымаць крылы, давялося расплесці і перарабіць”, – усміхаецца майстрыха.

Яна не лянуецца і па некалькі разоў мяняць форму ці персанажаў, калі нешта не спадабалася. Аднак здараецца такое рэдка, паколькі пляцець па схемах, ды і за восем гадоў захаплення арыгамі ўлічыла першыя хібы і ўсе яе рэчы трывалыя, таму выкарыстоўваюцца ў хатнім ужытку.

У цукерачніцах ляжаць лахарцікі, у шкатулках – гузікі ці клубкі нітак для вязання, а кошыкі лёгка вытрымліваюць цяжар насыпаных у іх яблыкаў.

– Па-першае, матэрыял моцны, паколькі я пераважна выкарыстоўваю шпалеры, па-другое, калі рэч будзе служыць не дэкорам, яе трэба апрацаваць марылкай, а потым лакам. Праверана, у вялізных, на два вядры скрынях нават пераносілі агародніну. Спляла дачцэ спецыяльны куфар для захоўвання бялізны. Пад заказ родным розныя рэчы раблю.

Колькі соцень рэчаў спляла Тамара Восіпаўна зімовымі вечарамі ці спякотнымі поўднямі, не падлічыць. Толькі ў адной сваячніцы інтэр’ер удала ўпрыгожваюць некалькі дзясяткаў. А радні ў Т.Грыневіч шмат. Напольных ваз пад сухацветы пятнаццаць падарыла. Адзіная ўмова – пастаўляць матэрыял. А заняць нечым рукі – жыццёвая патрэба былой загадчыцы фермы.

– Надакучвае плесці арыгамі, бяруся за пруткі, потым чаргую з кручком. Вязаных рэчаў таксама шмат і ў дзяцей, і ў сваякоў. Прычым не толькі шкарпэтак, з якіх у дзяцінстве і асвойвала практычны навык – бабуля вучыла. Цярпення і на доўгія сукенкі хапае, – расказвае Тамара Восіпаўна. – А вось пляценнем арыгамі “заразіў” унук. Прыехаў аднойчы на канікулы, я на пенсіі ўжо была, і паказаў, якой шырыні рэзаць паперу, як круціць трубачкі. Спадабалася, выпісала спецыяльныя часопісы, наогул у мяне шмат літаратуры, у тым ліку і па вязанні. Унук ужо дарослы, не займаецца, а мне вось вельмі спадабалася.

Вожыкі і каты, совы і жабкі… хто толькі не сядзіць на шафах у яе доме ў Кублічах. Была выстава работ і ў мясцовым клубе, які яна наведвае як член аматарскага аб’яднання “Сяброўкі” ці падчас праводзімых мерапрыемстваў. І сама часам выступае ў ролі артысткі ці чытальніка. Зразумела, што ўсё гэта ў вольны час, паколькі заўсёды ёсць чым заняць рукі ў вясковым доме.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *