В Ушачском районе прошла ежегодная акция «Неделя леса»

Общество

Завяршыўся “Тыдзень лесу-2022”, які сёлета Міністэрства лясной гаспадаркі прысвяціла Году гістарычнай памяці. Па ўсёй краіне ў пасадках прынялі ўдзел тысячы чалавек – у разы больш, чым у папярэднія гады. Далучыліся да патрэбнай справы і ўшачане. Акрамя работнікаў лесу ў акцыі прынялі ўдзел больш сотні чалавек, на 16,2 гектара высаджана больш за 97 тысяч саджанцаў – у асноўным елкі еўрапейскай і сасны звычайнай. Традыцыйна наводзіўся парадак у лясным фондзе – убрана 1,7 кубаметра смецця.

– Абавязкова захоўваем дыстанцыю паміж сеянцамі, прыціскаем глебу, а вось так лягчэй зрабіць лунку. Важна ўсё выканаць якасна і правільна, каб прынесла карысць, а вашы намаганні не былі дарэмнымі, – на дзялянцы Ушацкага лясніцтва паміж Кавалеўшчынай і Завячэллем не толькі інструктаваў, а і плённа працаваў разам з работнікамі райвыканкама і актывістамі «Белай Русі» дырэктар Ушацкага лясгаса Сяргей Аляксандравіч Даніловіч. Вось і стараліся супрацоўнікі на чале са старшынямі райвыканкама і райсавета С.С.Садоўскім і Н.М.Марковіч. Захапіўшыся справай, праз 10 хвілін ужо і не звярталі ўвагі на халаднаватае надвор’е. Садзілі ж хваёвыя з лесапітомніка лясгаса традыцыйным спосабам з дапамогай мяча Колесава, а таксама па фінскай тэхналогіі, якую некалькі гадоў таму сталі актыўна прымяняць у рэгіёне. “Спецыяльная металічная труба ўнізе абсталявана чымсьці накшталт сківіц, якія ўгрызаюцца ў зямлю і такім чынам робіцца лунка, у трубу апускаецца саджанец: шчаўчок – і будучая елка або сасна сядзіць у ямцы, трэба толькі злёгку ўтрамбаваць глебу вакол. Такі спосаб не толькі зручны, а і дазваляе павысіць узровень прыжывальнасці саджанцаў”, – расказваў і паказваў майстар-клас ляснічы Ушацкага лясніцтва Андрэй Сяргеевіч Падвойскі. Зрэшты, работнікі лясніцтва падказвалі навічкам ці тым, хто прызабыў працэс пасадкі. А вось каго не трэба было вучыць, дык гэта галоўнага бухгалтара райвыканкама Вольгу Пятроўну Александровіч – яе бацька Пётр Пятровіч Качан больш за 40 гадоў працуе ва Ушацкім лясніцтве, а таму не раз не толькі чула пра пасадкі, а і сама прымала ўдзел.

На гэтым жа ўчастку ўжо на наступны дзень шчыравалі работнікі раёна газазабеспячэння разам з райкамам БРСМ. Далучыліся да акцыі і сілавыя структуры – раённыя аддзелы Следчага камітэта, унутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях. Унеслі свой уклад і работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Былі вельмі ўражаны прыгажосцю і краявідамі дэндрапарка госці раёна – супрацоўнікі ўпраўлення дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці – і дапоўнілі яго новымі дрэўцамі і дэкаратыўнымі раслінамі.

Неўпершыню ў дэндрапарку працавалі вучні Ушацкай СШ, задаволеныя сваёй работай школьнікі абмяркоўвалі, як пазней наведаюцца сюды, каб паглядзець, ці прыжыліся іх расліны. Свой уклад у памнажэнне ляснога багацця ўнеслі і вучні Арэхаўскай, Глыбачанскай школ на тэрыторыі Сарочынскага і Глыбачанскага лясніцтваў. “На дзялянку мы на гэты раз не трапілі, садзілі саджанцы елак у дэндрарыі. Стараліся, каб наша праца была акуратнай і радавала вока наведвальнікаў дэндрарыя праз шмат гадоў. А яшчэ дапамаглі навесці парадак ля помніка загінуўшым воінам у Сарочыне”, – падзялілася з намі вучаніца 11 класа Арэхаўскай школы Дзіяна Каўрова.

У гэтым сезоне лясгасам ужо закладзена 130 гектараў новага лесу, а ўсяго плануецца пасадзіць больш за 200.

Важную місію выканалі і навучэнцы Вялікадолецкай школы, заклаўшы ў Казімірове разам з работнікамі лясніцтва і сваім настаўнікам, былым воінам-афганцам Анатолем Валянцінавічам Рудкоўскім алею подзвігаў каля помніка загінуўшым у гады вайны. Трэба адзначыць, што сёлета лясгас грунтоўна падышоў да пытання добраўпарадкавання замацаванага за ім абеліска – не абмежаваліся ўборкай і афарбоўкай, а абнавілі падмурак, абклалі яго пліткай, была выкладзена і новая дарожка.

Ну і, канечне, старанна працавалі ўвесь тыдзень на пасадцы і самі работнікі лясгаса, а ў суботу вялікі працоўны дэсант у складзе кіраўніцтва прадпрыемства, работнікаў інжынерна-тэхнічнай службы садзілі хваёвыя ў Кубліцкім лясніцтве, дзе сёлета самыя вялікія аб’ёмы пасадак.

– Выказваем шчырую ўдзячнасць усім калектывам і ўшачанам, хто далучыўся да акцыі, унёс свой уклад у памнажэнне і захаванне ляснога багацця краіны, ваша дапамога для нас вельмі каштоўная, – падводзячы вынікі “Тыдня лесу”, адзначае намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце У.А.Шараева.

Пра добрую справу ўсім удзельнікам акцыі будуць нагадваць падарункі ад лесаводаў – фірменныя кепкі, а таксама кружкі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *