И в войну люди пели. Воспоминания ровесника области Владимира Черкеса

Общество

Баян Уладзімір Ніканавіч Чаркес не трымаў пяць гадоў, з часу, як знікаў зрок. Пальцы асцярожна “шукалі” мелодыю, а засяроджаны твар паступова расцвітаў ва ўсмешцы. Мелодыя вярнула невідушчага юбіляра ў мінулае стагоддзе і ён бачыў: залатыя хлебныя нівы, маёўку ў глыбачанскім гаі і сваю Маёўку-вёсачку з зямлянкай замест хаты.

Хаця ў дзіцячай памяці захаваўся і даваенны дом. У іх пастаянна кватаравалі тры партызаны, якія няньчылі па вечарах хлопчыка. Аднойчы, праўда, не дагледзелі. Прыйшоўшы з задання, адзін з іх павесіў на сцяну аўтамат, а цікаўны Валодзя дабраўся да курка. За што адлупцавалі, тады не разумеў, бо зброя была замест цацак. Нават калі на Хадакоўскае поле на расстрэл зганялі жыхароў з усяго наваколля, ён угледзеў на зямлі патрон, падняў і не паспеў схавацца ў калоне, атрымаў моцны ўдар каваным нямецкім ботам. “Нам пашчасціла і ў 1943-м, і годам пазней, калі спалілі і расстралялі шмат людзей з навакольных вёсак. У Глыбачцы і Рукшаніцах, якія тады былі двума населенымі пунктамі, загінула больш паўсотні жыхароў, 31 – у Загаваліна, 20 – у Чырвонай Горцы…. Пераважна старых і малых, паколькі ўсё дарослае насельніцтва пайшло ў брыгаду, у нас жа нараджаўся партызанскі рух”, – успамінае У.Чаркес. Прычым, ад смерці аддзялялі нейкія хвіліны. Аднойчы іх не заўважылі ў лесе ля Васілевічаў, вёску ж спалілі поўнасцю, а ў 1944-м дапамаглі “Кацюшы” – фронт аказаўся так блізка, што немцы ўцякалі самі, адпусціўшы людзей па дамах.

Памятае Уладзімір Ніканавіч, як і яго прынялі за мсціўца. З-за вялікага валуна ён назіраў, як на полі з’явіўся нямецкі танк. Малога таксама заўважылі. Адчыніўся люк. “Іш, партызан”, – усміхаўся немец, гледзячы на хлопчыка ў пафарбаваных крапівой балотных штанах-галіфэ і пашытых дзедам боціках. Танкіст насыпаў яму ў рукі дробных ледзянцоў.

У невялікай Маёўцы іх чакала толькі зямлянка – схаваная ў кустах, загадзя пабудаваная бацькам, яна столькі разоў выратоўвала. У пачатковую школу адтуль бегаў у Казейшчыну і Усвею, з чатырнаццаці гадоў – у калгасе на ўсіх палявых работах: стагаваў і звозіў сена, дастаўляў пачкі карэспандэнцыі паштальёнам з Улы, дзе пасля сямігодкі і адвучыўся на механізатара.

Яго адразу пасадзілі за штурвал камбайна. Вучыўся ж не некалькі месяцаў, а год, таму меў допуск да любой тэхнікі. Падчас практыкі працаваў памочнікам у Міхаіла Касцюковіча, які і тады смела пакідаў юнака аднаго, ведаў, што калі камбайн і зламаецца – адрамантуе. А потым ахвотна перадаў маладому напарніку бензінавы зернеўборачны СК, на якім Уладзімір Чаркес адпрацаваў яшчэ 14 сезонаў. “Гэта ж самая адская праца, цяжэй якой у механізатараў няма нічога. З сеялкай, культыватарам, плугамі сочыш толькі за адным накірункам, ну а на камбайне патрэбна і жняяркай камяні не зачапіць, і каб бункер не забіла, – тлумачыць Уладзімір Ніканавіч, чаму не было вялікіх ахвотнікаў да ўборкі збожжа. – І кабіны ж у СК не было, у лівень, спёку – ты адкрыты, захутаешся, што толькі вочы тырчаць, і едзеш”.

Нямецкімі карнікамі на тэрыторыі Глыбачанскага сельсавета было знішчана 14 населеных пунктаў і 961 двор. Менавіта там у 1943-ім і 1944 гадах прайшлі самыя жорсткія карныя аперацыі – па колькасці ахвяр гэты сельсавет “апераджае” толькі Вялікадолецкі – спалена 23 вёскі і 1063 двары.

Потым былі “Колас”, “Ніва”, якія прыганяў сваім ходам, а першы і пераабуваў з гусеніц на колы – у залежнасці ад вільгаці на палях. Ну а “Дон” прымусіў адпрацаваць лішнія чатыры гады. Канешне ж яму, самаму вопытнаму камбайнеру, даверылі навінку, якая аказалася такой камфортнай і прадукцыйнай у адрозненне ад усіх папярэдніх машын, што шкада было развітвацца, нават зарабіўшы пенсію. Памятае і самае ўраджайнае поле ва ўрочышчы Папоўка – два бункеры з аднаго прагону па загоне, а за дзень ад яго камбайна вадзіцелі зрабілі 25 рэйсаў. Верагодней, менавіта за жніво ветэран працы атрымаў ордэн Працоўнай Славы, хаця ў памяці гэта не зафіксавалася, бо працаваў не дзеля ўзнагарод і заробкаў, мог спакойна падзяліцца “танажом” з навічкамі, каб і ім хапіла да нормы.

Калі на ўзбраенні яго землякоў зараз МТЗ-3522, то Уладзімір Ніканавіч пачынаў з другой мадэлі мінскага трактарнага завода, якая мала чым адрознівалася ад першай – невялікі трактар без кабіны больш падобны на сённяшні матаблок. Тым не менш за яго чаплялі нават пяцікорпусны плуг, а працавалі на ўзняцці зямлі кругласутачна праз дзень. “Развозіў нас па дамах нярэдка і дырэктар П.Н.Плаксіцкі, падбадзёрваў, жартаваў, а жылі мы дружна і весела, ды і кур’ёзаў хапала. Давезлі Мікалая Губко да вёскі, а ён на плугах так ухадзіўся, што не ведаў, у які бок ісці. “Заказвай жонцы 200 грамаў і адпачывай”, – параіў Пётр Ніканоравіч, а хлопцы толькі рассмяяліся – дома ж таксама работы хапала. І з цёмным падымаліся, каб да змены хоць колькі пракосаў зрабіць”.

Засмучаецца перадавік, што згубілі “Глыбачаны” былую славу, толькі баян хутка вяртае ў аптымістычны настрой. “Нават калі зусім цяжка было – у вайну, галодны час пасля Перамогі – людзі ўсё роўна пелі”, – гаворыць 85-гадовы юбіляр. Мяне ж не пакідае іншая думка – колькі б равеснікаў У.Н.Чаркеса і Прыдзвіння магло стаць камбайнерамі, дактарамі, настаўнікамі. Якім вялікім мог быць наш раён, калі б не вайна.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *