В Ушачской ЦРБ прошел конкурс профмастерства среди молодых медсестер

Общество

Конкурсам прафесійнага майстэрства ў мінулы чацвер адзначылі Міжнародны дзень медыцынскай сястры ва Ушацкай райбальніцы. Чацвёра прадстаўніц гэтай прафесіі, якія пачалі працоўную дзейнасць толькі год таму, не пабаяліся ўступіць у барацьбу за званне самай лепшай.

Ю.Мамонава, Д.Паршонак, І.Буйневіч, А.Кладніцкая.

Для іх і іншых медыцынскіх сясцёр самае пачэснае прызнанне – шчырыя ўсмешкі пацыентаў, якія паправіліся. Пра тых, хто днём і ноччу дапамагае людзям, з’яўляючыся правай рукой і вачыма доктара, хто ўмее лячыць не толькі цела, але і душу, казалі напачатку мерапрыемства галоўны ўрач райбальніцы А.А.Міранкова і галоўная медыцынская сястра А.В.Бабенка. Усім прадстаўніцам прафесіі яны пажадалі моцнага здароўя, сіл і магчымасцяў для рэалізацыі ўсіх планаў, ну а прыгажуням-канкурсанткам – удачы ў праходжанні іспытаў.

Між тым, знешняя прыгажосць у гэтым конкурсе выконвала ролю толькі дадатковага аздаблення вартасцяў медыцынскіх сясцёр. Ужо падчас “візітоўкі” ўсе чацвёра прызналіся, што прыйшлі ў медыцыну “па любові”. Так, Юлія Мамонава, якая працуе ў дзіцячай кансультацыі, расказала, што для спаўнення такой сваёй дзіцячай мары спецыяльна выбрала для навучання клас хіміка-біялагічнага профілю. Годна спраўляцца з цяжкасцямі працэдурнай медсястры тэрапеўтычнага аддзялення Дзіяне Паршонак дапамагае дэвіз: “Вочы баяцца – рукі робяць”. У вольны ж ад работы час дзяўчына захапляецца спортам, рукадзеллем, фотамастацтвам. З чараўніцай, якая выратоўвае чалавечыя жыцці, заўсёды асацыіравала вобраз медыка прадстаўніца тэрапеўтычнага кабінета Ілона Буйневіч. І сваю мару ажыццявіла! Падчас навучання ў Полацкім медкаледжы паспявала ўдзельнічаць у розных спартыўных мерапрыемствах, турыстычных злётах. Сапраўднай удачай лічыць сваё трапленне менавіта ў аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі фельчар выязной брыгады Анастасія Кладніцкая. Рашэнне ж звязаць жыццё з медыцынай падтрымалі ўсе яе родныя.

12 мая ва ўсім свеце адзначаўся Міжнародны дзень медыцынскай сястры. Гэта дата нараджэння сусветна знакамітай першай заснавальніцы службы сясцёр міласэрнасці англічанкі Флорэнс Найцінгейл.

Аб прафесіяналізме ўдзельніц засведчыў другі этап конкурснай праграмы. Маладыя спецыялісты паказвалі свае веды па тэорыі аказання неадкладнай медыцынскай дапамогі, а пасля дэманстравалі іх на практыцы – упэўнена рабілі кампрэс на вуха, накладвалі павязку “чапец”, шыну на руку, закапвалі пацыенту вочы. Пры гэтым улічвалася не толькі якасць праведзенай працэдуры, але і хуткасць.

Па-новаму паглядзець на творчыя здольнасці і ўменні канкурсантак дапамог заключны этап праграмы – творчае заданне. Кулінарнымі шэдэўрамі парадавала прысутных Юлія – усе ацанілі яе блінчыкі з рознымі начынкамі ды пышныя кексы. Сапраўдную экспазіцыю творчых работ – ад вышытых крыжыкам карцін да вырабаў з бісеру і кававага зерня – прадставіла Ілона. Выдатным яе дапаўненнем сталі мілыя вязаныя цацкі – справа рук Дзіяны. Ну а Анастасія цікава расказала з дэманстрацыяй фотаздымкаў пра сваё захапленне пірсінгам.

Сумаваць гледачам дакладна не было калі! Усе актыўна падтрымлівалі канкурсантак, ды і самі між этапамі дэманстравалі клас у вясёлых заданнях медыцынскай тэматыкі. Шквалам апладысментаў успрынялі і інфармацыю, што журы не здолела размеркаваць галоўных гераінь мерапрыемства на пераможным п’едэстале – усе дастойныя звання лепшай!

– Сёння дзяўчаты прадэманстравалі не толькі выдатныя прафесійныя якасці, але і гумар, творчасць, цікавыя ідэі, –  падводзячы вынікі конкурсу, адзначыла старшыня журы і прафсаюзнай пярвічкі, старшы фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі М.Г.Харэвіч. – Удзячны ім за цярпенне і мужнасць. Добрая змена расце!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *