В школах Ушачского района прошли выпускные вечера

Общество

Адвячоркам 10 чэрвеня ў двары Ушацкай школы збіраліся не толькі выпускнікі і іх бацькі, але і бабулі, проста знаёмыя і незнаёмыя людзі, каб убачыць парад зорак – прыгожых адзінаццаці­класнікаў, што святкавалі свой выпускны баль.

“Гэта мае малышы, спецыяльна прыйшла паглядзець на іх дарослых“, – тлумачыла сваю прысутнасць выхавацель ясляў-сада №2 Святлана Мікалаеўна Карабань. “Саша Цімафееў быў вельмі актыўным з першага класа і заўсёды цягнуў руку», – прыгадвала першая настаўніца Надзея Мікалаеўна Ціханенка. Яе, як і літаральна ўсіх педагогаў, якія выкладалі прадметы, вучні запрасілі на сваё свята, каб падзякаваць за веды і цярплівасць. Ну і нягледзячы на фатографа, якога спецыяльна паклікалі, каб адлюстраваць апошні школьны дзень, літаральна ўсе родныя не выпускалі з рук тэлефонаў і фотакамер. “Гэта мой унучок атрымаў дыплом за ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі “Эўрыка”, – тлумачыла нам бабуля Мацвея Радзевіча.

11 «Б» Ушацкай СШ.

Дарэчы, пабыўшы на імпрэзе, нават не ведаючы дзяцей, можна было лёгка вызначыць лідараў класаў, якія часта называліся як падчас узнагароджванняў, так і фігуравалі на сцэне ў час віншавальнага канцэрта. Напрыклад, выдатніца вучобы Насця Макрыдзіна, якая разам са спартсменам, уладальнікам «залатога» значка “Фізічная дасканаласць” Максімам Малаком уздымала сцяг на адкрыцці ўрачыстай лінейкі, дзе парады на дарогу ў дарослае жыццё давалі ганаровыя госці. Намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Пятровіч Цімафееў, дарэчы, выступаў у двайным амплуа: не толькі як прадстаўнік улады, але і бацька выпускніка. Першы сакратар райкама БРСМ Дзіяна Калбасава адзначыла актывістаў Маладзёжнай палаты (у гэтым выпуску іх чатыры) і аб’яднання, а таксама ўручыла членскія білеты арганізацыі Вераніцы Аляксеевай, Насці Макрыдзінай і Дзіяне Кандратовіч.

Прыгожай “фішкай” свята заўсёды з’яўляецца школьны вальс, але і ў ім былі асаблівыя разынкі. Авацыямі віталі прысутныя элемент танца, калі М.Малак і Іван Броўка “круцілі ў паветры” сваіх партнёрш. Ну а ў Год гістарычнай памяці, канечне, працягнулі традыцыю па пасадцы дрэў, якія таксама стануць гісторыяй – напамінам пра яркі выпуск 2022 года. На гэты раз ля школы прыжываюцца кусты ўжо квітнеючай вяйгелы.

11 «А» .

І вось самы ўрачысты момант. Дырэктар школы Т.А.Пахолак уручае атэстаты выпускнікам. Сёлета іх 39, з іх адзін – на надомным навучанні. А гэты выпуск Ушацкай школы – першы і для самой Таццяны Анатольеўны. Традыцыйна выхад на сцэну кожнага вучня суправаджаўся яго характарыстыкай, як правіла, паўжартаўлівай. Ну а паглядзеўшы канцэрт, які падрыхтавалі выпускнікі, мы пачалі перажываць за іх здачу ЦТ. Ці заставаўся час рыхтавацца да іспытаў, калі столькі сіл было патрачана на вечар. Пачалі месяцы за чатыры. Відэасюжэты і танцы, песні і вершы. Падкрэсліўшы, што іх “класныя мамы” выкладаюць рускую і беларускую мовы, паставілі сцэнку пра Кірыла і Мяфодзія, якія для “дадатковай нагрузкі дзяцей спецыяльна прыдумалі словы “леГко” ці “СоЛнце”, што пішуцца не так, як чуюцца. Вельмі патрыятычна гучала падборка вершаў на беларускай мове, у тым ліку і нашых землякоў. Відовішчнае развітанне прыдумалі і для класных кіраўнікоў. У кар’еры Наталлі Уладзіміраўны Шасцярэнь гэта другі поўны выпуск – вяла клас з 5 па 11. У Веры Васільеўны Спірчонак – трэці. Паклікаўшы іх на сцэну, кожны з вучняў казаў сваё персанальнае “за што” яны ўдзячны настаўніцы. Пры гэтым Веры Васільеўне яе 11“Б” клас даваў у рукі стужкі, якія яна разрэзала, сімвалічна адпусціўшы ў самастойнае жыццё.

Можна было здагадацца, каго з настаўнікаў яшчэ вылучалі больш за іншых выпускнікі. Канечне, тых, хто блізкі па ўзросце. Настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі Мікалай Паўлавіч Жаваранак стаў галоўным героем у адным з відэасюжэтаў. А выкладчык гісторыі Уладзімір Леанідавіч Хамёнак атрымаў дадатковы падарунак – трохлітровы слоік з жывымі карасямі – дзеці ведаюць, што ў сваім акварыуме ён трымае не экзатычных, а менавіта мясцовых рыбак. Жывы падарунак не адзін дзень шукалі па заамагазінах, а вылавілі ў адной з ушацкіх сажалак бацькі выпускнікоў. Дарэчы, эфектным быў і іх выхад на сцэну, праўда, смелымі аказаліся пераважна мамы і адзіны бацька Анатоль Іванавіч Коцур. А збірала ўсіх на рэпетэцыі педагог цэнтра дзяцей і моладзі Таццяна Віктараўна Лапёнак. Яе дачка Ксенія таксама актыўна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы нумароў, як і Ксенія Шаўчэнка, Максім Малак, Аляксандр Цімафееў, Лізавета Ярмош, Вераніка Алексяёнак, Дзмітрый Федарэнка, Іван Броўка. Відэасюжэты, дарэчы, здымаў Мацвей Радзевіч, ну а агульны сцэнарый пісала Насця Макрыдзіна. Дзеці з зімы гадзінамі “завісалі” на рэпетыцыях, а ўскладняліся зборы яшчэ і тым, што свае “развітальныя словы” выпускнікі рабілі аб’яднана, двума класамі. І ў поўным сакрэце ад настаўнікаў. Развітальны вечар усім вельмі спадабаўся. На ім былі слёзы ад шчырага смеху і, канечне, горычы – ад развітання.

Жывы падарунак У.Хамёнку.

* * *

Асаблівым лічыць сёлетні выпуск намеснік дырэктара Глыбачанскай школы Г.В.Казлова. Па яе словах, усе 5 былых адзінаццацікласнікаў – камсамольцы, актывісты і проста прыгажуны, у якіх энергіі і творчых задум хоць адбаўляй. Вось і да ўрачыстасці кожнаму з педагогаў яны падрыхтавалі арыгінальныя Лісты падзякі: напрыклад, Алене Сцяпанаўне Герцык, якая выкладае беларускую мову і літаратуру, адказвае за работу школьнай бібліятэкі – у намінацыі “Лоцман кніжных прастораў”, а самой Галіне Васільеўне – “Спакой нам толькі сніцца”.

Напэўна, больш за ўсё кампліментаў у гэты дзень атрымала Ганна Рубіс – адзіная прадстаўніца прыгожай паловы ў класе. Самая ж вялікая група падтрымкі была ў Андрэя Брыціка – на мерапрыемства прыйшлі яго маці, цётка з дзядзькам і нават дзядуля. Дарэчы, удзел абсалютна ўсіх бацькоў надаў балю асаблівы “сямейны” каларыт – не абышлося без цёплых успамінаў, шчырых віншаванняў і кранальнага вальсу былых школьнікаў са сваімі матулямі.

Харэаграфічны нумар ад выпускнікоў Глыбачанскай школы.

Дасягнуць усіх назначаных планаў, галоўны з якіх цяпер – вядома, паступленне (дарэчы, трое абралі ВНУ), жадалі выпускнікам ганаровыя госці: намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Валянціна Леанідаўна Хамёнак і галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Святлана Уладзіміраўна Аўдошка. І хоць “зорак” з вучэбнага небасхілу школьнікі не хапалі, стабільна з’яўляючыся моцнымі “сераднячкамі”, дырэктар Зоя Іванаўна Жогаль і класны кіраўнік, настаўнік рускай мовы і літаратуры Кацярына Дзмітрыеўна Літвін у іх далейшай паспяховасці не сумняваюцца.

Хвалюючым стаў гэты дзень і для педагога-арганізатара Анастасіі Сяргееўны Агафончык – у “біяграфіі” маладога спецыяліста гэта першае мерапрыемства такога ўзроўню. Аднак справілася з ім яна на выдатна – 1,5 гадзіны праляцелі, як адно імгненне, падарылі ўсім прысутным мноства яркіх эмоцый.

“А нашы выпускнікі, якіх сёлета 8, – самыя адкрытыя і дружалюбныя, – падзялілася з намі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Арэхаўскай школы Алёна Сяргееўна Кашко. – Нямала ў іх і вучэбных дасягненняў. Напрыклад, сярэдні бал атэстата ў кожнага – не ніжэйшы за 6. Прыкладам жа ва ўсім для іх была класны кіраўнік, настаўнік рускай мовы і літаратуры Тамара Міхайлаўна Русак”.

Сумаваць па гэтых юнаках і дзяўчатах будзе і дырэктар навучальнай установы Ларыса Аляксандраўна Булаўка. Для яе выпускнікі падрыхтавалі прыемны сюрпрыз: прысвяцілі песню ў сваім выкананні.

Гучнымі апладысментамі падтрымалі прысутныя і выступленні Таццяны Аляксандраўны Каўровай, Людмілы Дзмітрыеўны Ільюшэвіч – матуль Паліны Літвінавай і Уладзіслава Ільюшэвіча. Жанчыны прызналіся, што дагэтуль не могуць паверыць, што іх дзеці так хутка выраслі і зараз перад імі адкрываецца шлях у няпростае, аднак цікавае падарожжа ў дарослае жыццё.

Як мага менш выпрабаванняў на ім пажадала віноўнікам урачыстасці галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Ганна Францаўна Струй. Шмат цёплых слоў прагучала і ад педагогаў школы.

А гледзячы на адзінаццацікласнікаў, канечне, зайздросціш іх маладосці, крэатыўнасці і ўзросту – самаму лепшаму, калі ўсё яшчэ наперадзе і ўсё ў тваіх руках. Няхай жа спраўдзяцца пажаданні, што гучалі ў гэты вечар, і ўсе мары выпускнікоў 2022 года.

Вольга КАРАЛЕНКА, Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *