Ей доверяют главную ценность. Врач-педиатр Нина Литвинова награждена знаком «Отличник здравоохранения Республики Беларусь»

Общество

Святкаванне Дня медыцынскіх работнікаў сёлета супадае з сімвалічнай датай – 103-годдзем аховы здароўя Беларусі. Спалучэнне гэтых трох лічбаў для кожнага жыхара краіны асацыіруецца з выратаваннем, надзеяй на тое, што боль і хвароба адступяць. На Віцебшчыне ўрачэбныя традыцыі асабліва моцныя, а наш медуніверсітэт з’яўляецца рэспубліканскім цэнтрам навуковай медыцынскай думкі. І нездарма менавіта тут напярэдадні свята сабраліся для ўшанавання лепшыя медыкі нашага рэгіёну.

Нам жа вельмі прыемна, што ў іх лік трапіла ўчастковы ўрач-педыятр Ушацкай ЦРБ Ніна Васільеўна Літвінава, якой была ўручана высокая ўзнагарода – знак “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”. У нашым раёне гэту добразычлівую жанчыну, напэўна, ведаюць усе, а нямала і тых, хто калісьці сам бываў у яе кабінеце, а зараз прыводзіць дзетак і ўнукаў. Пра здароўе маленькіх ушачан Ніна Васільеўна клапоціцца ўжо 40 год і нязменна прапускае праз сябе боль кожнага пацыента. Трэба бачыць, як лёгка яна наладжвае кантакт нават з немаўлятамі: вось і Ксюша, якую ў чацвер прывялі на агляд для прышчэпкі, збіралася ўсплакнуць, а праз імгненне ўжо ўсміхалася, заварожаная пяшчотнымі словамі доктара. “Ніна Васільеўна – наш любімы ўрач, ды мы і жывём па-суседстве, – расказвае мама дзяўчынкі Марыя. – У мяне двое малышоў, так што яе мабільны ведаю на памяць”.

Сярод тых, хто ўзнімаўся на сцэну падчас абласной урачыстасці, была і старшыня прафсаюзнай “пярвічкі” ЦРБ, старшы фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Марына Генадзьеўна Харэвіч, якая атрымала нагрудны знак “За заслугі ў развіцці галіновага прафсаюза”.

Шлях да ўрачэбных вышынь ураджэнка Чаркаскай вобласці распачала, паступіўшы ў Чарнобыльскае медвучылішча – старажытны гарадок у той час яшчэ не меў сваёй трагічнай вядомасці і быў прыгожым і ціхім. Працягнула вучобу ў Кіеўскім медінстытуце, пасля заканчэння якога атрымала накіраванне ў Камсамольск-на-Амуры. Туды ж для старту медыцынскай кар’еры прыбыў і ўшачанін Віктар Літвінаў, а праз чатыры гады, у 1982-м, маладая сямейная пара пераехала на радзіму мужа і ўладкавалася ў нашу райбальніцу, дзе абое і працуюць да гэтага часу.

Тысячы пацыентаў вылечыла за гэтыя гады гераіня аповеду. Але самага першага памятае і зараз: у стацыянар, дзе яна пачынала працу, паступіў 11-месячны малыш, у якога з-за стафілакокавай інфекцыі развівалася дыструкцыя лёгкіх – выходжвалі немаўля ўсім аддзяленнем і фактычна адваявалі яго ў смерці. Нямала было складаных выпадкаў і ва Ушачах. Чаго вартыя толькі два апошнія “кавідныя” гады – хоць і лічылася, што гэта хвароба пажылых, многія дзеці таксама пераносілі яе нялёгка, а некаторых з ускладненнямі давялося адпраўляць у Віцебск. Хварэлі, і не па адным разе, і самі педыятры, таму адназначна ўпэўнены ў неабходнасці вакцынацыі і дарослых, і падлеткаў.

Ніна Васільеўна чалавек сціплы і непублічны. “У нас столькі дастойных медыкаў! Нават не разумею, чаму менавіта мяне вылучылі. Увогуле лічу свае дасягненні заслугай усяго калектыву, – зазначае яна. – Вопытныя і граматныя калегі заўсёды былі побач. Неацэнную падтрымку на пачатку работы ў райбальніцы аказвала дзіцячы ўрач Феадосія Віктараўна Салаўянчык, якая, дарэчы, у 70-я таксама была ўзнагароджана прэстыжным значком “Выдатніку аховы здароўя СССР”. Усе чатыры дзесяцігоддзі побач Святлана Іванаўна Ерашова – і нават на раённую Дошку гонару ў 2019-м нас занеслі “дуэтам”. Наогул, на прыёме і ў дзіцячым стацыянары ў нас цудоўныя работнікі: Н.І.Гайко, А.П.Гіраўка, В.І.Жодзік, Т.У.Літвін, Л.Л.Дзямешка, І.К.Смаргун, Н.М.Садоўская, Н.А.Долгая, Ю.Г.Каваленка, А.Г.Рубанік, А.А.Полазава – усе яны заслугоўваюць пашаны!”. Не адзін год на прыёме з Нінай Васільеўнай працавала Анастасія Мамонава – сапраўдная “правая рука” доктара. Калі ж яна стала старшай медсястрой паліклінікі, на месца мамы ў кансультацыю прыйшла дачка Юлія – такая вось цудоўная пераемнасць! Нядаўна ўзначаліла дзіцячае аддзяленне Валерыя Севярын. Выдатна, што наша райбальніца папаўняецца маладымі кадрамі. Але ж мы, бацькі, вельмі хочам і надалей бачыць Ніну Васільеўну ў яе нязменным кабінеце – так спакойна і надзейна сябе адчуваеш, даверыўшы сваё дзіця гэтаму цудоўнаму доктару.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *