Инспекция природных ресурсов и охраны окружающей среды проконтролировала ход работ по борьбе с борщевиком. План выполняют не все

Общество

Барацьба з баршчэўнікам у нашым раёне з’яўляецца справай усіх і кожнага. Як мы ўжо расказвалі, на ўчастках ля населеных пунктаў яго знішчэннем займаецца спецыялізаваная брыгада, а прадпрыемствы-землекарыстальнікі абавязаны сачыць за чысцінёй на сваіх тэрыторыях. З гэтай мэтай да пачатку сезона складаецца план мерапрыемстваў і графік яго выканання з указаннем плошчаў, на якіх варта правесці работы ў спрыяльны тэрмін. Як паказвае практыка, прытрымліваюцца яго не ўсе, таму раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя кантралюе ход работ і выдае прадпісанні марудлівым землекарыстальнікам. У сераду мы разам з прыродаахоўнікамі выехалі ў чарговы такі рэйд.

Адразу скажам, што прэтэнзіі ў начальніка інспекцыі М.А.Шука ўзніклі да цэлага шэрагу арганізацый. Вынікі работы (ці бяздзейнасці) дарожнікаў заўсёды на самым відавоку. Вось і нашу ўвагу ў пачатку маршруту прыцягнуў “аздоблены” баршчэўнікам знак на ўчастку дарогі Ільюшына-Старынка, якую абслугоўвае ДРБУ-105. Прывольна сябе адчувала расліна і ўздоўж гасцінца на Садкі, а вось абочыну гравійкі Сарочына-Бікальнічы пасля атрымання прадпісання скасілі – праўда, пакінуўшы на расплод асобныя кусцікі. Прыцягвае погляд плантацыя баршчэўніку ў кувеце ля павароту на Газберг на полацкай трасе, за якую адказвае Лепельскае ДЭУ-37 філіял РУП “Віцебскаўтадар”. А вось ля прыпынку вёскі Жаўніна (Ушацкі ўчастак ДЭУ-37) гэтай расліны не было, затое актыўна буяла іншае пустазелле, старанна маскіруючы ад пасажырскага вока лавачку і урну (на здымку). Звычайна рупліва даглядаюць участкі ля сваіх аб’ектаў работнікі раёна электрасетак, але да лініі электраперадач, што непадалёк ад фермы “Міхалкаўшчына”, відаць, рукі ў іх пакуль не дайшлі (на здымку). Кусціцца баршчэўнік і ля названага аб’екта КУСГП “Вялікадолецкае”. А побач – засеянае поле, некалькі метраў на краі якога чамусьці пакінулі на водкуп “захопніку зямель”. “Штогод заклікаем аграрыяў цалкам заворваць участкі, да якіх падступае баршчэўнік, але, як бачна, не ўсе прыслухоўваюцца”, – канстатуе Міхаіл Аляксандравіч. Звяртае ўвагу інспектар і на нявыкананае гаспадаркай прадпісанне наконт далучэння ў севазварот поля, на якім два гады запар гербіцыдамі знішчалі шкодную расліну – відаць, адміністрацыю не палохае магчымы штраф да 20 базавых велічынь. Нібыта “для прыгажосці” пакінулі ў час корманарыхтоўкі астравок баршчэўніку на полі ля павароту на Цялічына работнікі УП “Сафійскія дары”. І нават канкрэтная заўвага на гэты конт старшыні райвыканкама С.С.Садоўскага не паспрыяла аператыўнаму знішчэнню гэтага “аазіса”.

А вось плён работы лясгаса засведчваў пажоўклы выгляд пустазелля на далецкіх узлесках. “З пачатку сезона ўжо апрацавалі хімспосабам 236 гектараў, зараз чакаем вынікаў – і там, дзе спатрэбіцца, пройдземся паўторна”, – патлумачыў нам інжынер па ахове і абароне лесу І.Шугалей.

“Каб адваяваць зямлю ў зялёнага агрэсара, трэба комплексна знішчаць яго на працягу некалькіх год, а яшчэ лепш – заняць плошчы карыснымі раслінамі. Як прыемна, напрыклад, праязджаючы за Чарсцвядамі, бачыць на месцы былых зараснікаў культурныя палеткі, куды больш аптымістычна стала выглядаць наваколле Мосара… Немагчыма справіцца з задачай хутка, але апускаць рукі і адкладаць яе ў разрад другасных ніяк нельга”, – рэзюмуе начальнік інспекцыі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *