На встрече клуба «Ушачане» в творческой атмосфере демонстрировали работы талантливых участников

Культура

“Ад прашчураў на Ушаччыне цудоўнай бяруць свой талент нашыя майстры”, – пісала ў адным са сваіх вершаў паэтэса Тамара Барадзёнак. І ў тым, якая багатая наша малая радзіма народнымі ўмельцамі, які стракаты калейдаскоп іх творчых фантазій, упэўніліся ўдзельнікі нядаўняга пасяджэння клуба цікавых сустрэч “Ушачане”.

Т.Залатухіна, Л.Вялюга.

Чытальная зала раённай бібліятэкі часова пераўтварылася ў невялічкую выставу, а кіраўнік аб’яднання Таццяна Гарбаценка ўзяла на сябе даволі складаную місію: лаканічна распавесці пра спрадвечныя народныя рамёствы нашых мясцін, узгадаць знакамітых ушацкіх майстроў і мастакоў. Сяргей Роўба, Міхаіл Казіцкі, Павел Андрэйчык, Дзям’ян Крупеня, Уладзімір Бязрукаў, Вячаслаў Мурашоў, Ганна Бабянок – гэтыя прозвішчы знаёмыя не толькі ў нашым раёне. Але народныя рамёствы і рукадзелле тым і адметныя, што праявіць сябе ў іх могуць вельмі многія – было б жаданне!

Ёсць такія таленты і сярод удзельнікаў клуба. Так, у абсалютнае захапленне прывялі прысутных карціны з бяросты і кошыкі з папяровых трубачак Тамары Чабатар. І гэта далёка не ўсе тэхнікі, што асвоіла за апошні час цікаўная ўмеліца. Цяжка пералічыць і ўсе напрамкі творчасці Людмілы Цяцеркі. Яе аўтарскія лялькі ўпрыгожваюць кватэры многіх ушачан, нядаўна ж майстрыха асвоіла манатыпію – гэты від друкаванай графікі не надта распаўсюджаны, але даволі арыгінальны.

А вось Людміла Асташкевіч прызналася, што яшчэ са школьных гадоў захапілася шыццём і вязаннем. “У восьмым класе мама заказала мне касцюм у атэлье, але ж вынік мяне не задаволіў. “Ну і шый сабе сама!” – абурылася яна. Вось і выконваю з таго часу матулін загад! Ну а калі сур’ёзна, то да рукадзелля мяне прыцягнуў “качавы” лад жыцця: у ваенных гарнізонах, дзе служыў мой муж, не так часта мелася праца для жанчын, вось і займала гэтак свой час”. Вязаны паланцін, што прынесла ў бібліятэку Людміла Аляксееўна, з задавальненнем прымяралі сяброўкі па аб’яднанні.

С.Ткачэнка.

Прынамсі, традыцыйна прысутнічалі на пасяджэнні і госці: сапраўдным адкрыццём для многіх стала майстэрства і фантазія бібліятэкара з Глыбачкі Людмілы Вялюгі. Цяжка было паверыць, што сыравінай для яе арыгінальных брошак і калье паслужылі старыя замкі-маланкі, а прыгожая шкатулка ў папярэднім жыцці была тубай ад скотча. Асаблівыя водгукі атрымала яе фірменная “сарока”: пашытая з яркіх кавалкаў тканіны дэталь старадаўняга кухоннага аздаблення, стылізаваная пад прыгаданую птушку. Пад яе “спадніцай” схаваны мяшочак з рызінкай, куды зручна складваць цэлафанавыя пакеты. “Абавязкова змайструю сабе такую ж!” – загарэлася Т.Чабатар.

З цікавасцю пазнаёміліся рукадзельніцы і з яшчэ адной госцяй: наша зямлячка Святлана Ткачэнка, якая зараз жыве ў Наваполацку, прэзентавала калекцыю цацак, звязаных пруткамі. А паколькі вырабы былі надзвычай прыгожыя і дасканалыя, майстрыха пачула ў свой адрас вялікую колькасць кампліментаў, адказала і на “тэхнічныя” пытанні.

Як бачна, пасяджэнне клуба было не толькі цікавым, але і карысным, бо дазволіла майстрам падзяліцца вопытам і ўзбагаціць свой творчы арсенал. Ну а скончыць аповед хочацца радкамі прыгаданага вышэй верша:

У спадчыну майстэрства атрымаўшы,
Традыцыямі будзем даражыць,
Бо прадаўжаць іх будуць дзеці нашы –
І творчасці народнай нашай – жыць!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *