Агроусадьба «Апельсин» имеет высокий рейтинг в сфере туризма

Экономика и малый бизнес

Сядзіба “Апельсін” была адной з першых ушацкіх ластавак вельмі папулярнага зараз у Беларусі агратурыстычнага напрамку. Дэбютных кліентаў яе гаспадар Віктар Стэльмах запрасіў ва ўтульны катэдж ля Вечалля 11 год таму. І хоць на працягу гэтага часу хапала складаных момантаў, у абранай справе не расчараваўся. Зараз дзейнасць аб’екта можна назваць стабільнай, аграсядзіба мае высокі рэйтынг на рынку турыстычных паслуг краіны і базу пастаянных кліентаў.

В.Стэльмах.

На Віцебшчыне аграэкатурызм пачаў развівацца ў 2006-м, калі былі зарэгістраваны першыя 5 сядзіб. На пачатку ж сёлетняга сезона гасцей запрашалі 732 падобныя аб’екты, у якіх летась адпачыла больш 63 тысяч турыстаў.

Штогод гаспадар імкнецца палепшыць умовы адпачынку сваіх гасцей, робіць яшчэ больш сучасным інтэр’ер пакояў, дадае новыя элементы добраўпарадкавання. Нядаўна, напрыклад, разбіў ля дома альпійскую горку, абсталяваў дзіцячую спартыўна-гульнявую пляцоўку: з батутам, гамаком, арэлямі і нават домікам на вышыні – з лесвічкай і мэбляй. “Калісьці ў маленстве мы рабілі сабе “буданы” на дрэвах, нечым падобным, толькі больш бяспечным, захацелася парадаваць і нашых юных гасцей”, – тлумачыць Віктар. Ну а любімае месца дарослых – гэта, напэўна, фінская саўна.

Дарэчы, калі ў міжсезонне на сядзібу часта прыязджаюць рамантычныя пары, то летам, падчас канікулаў, 95 працэнтаў адпачываючых – сем’і з дзецьмі. Менавіта ўражаннямі адной з іх – жыхароў Санкт-Пецярбурга Сяргея і Юліі і іх 12-гадовай дачкі Соф’і – мы праілюструем адпачынак у “Апельсіне”.

– Правялі мы тут 9 сёлетніх жнівеньскіх дзён, а напрыканцы зразумелі, што гэтага мала! Шкада, што падоўжыць час было немагчыма: сядзіба распісана на ўсё лета, – расказваюць расіяне. – І гэта нядзіўна: дом вельмі ўтульны, месца выдатнае! Чыстае возера с цудоўным пляжам, лежакамі, раздзявалкай (якая, дарэчы, нам не спатрэбілася, бо хадзілі туды проста ў плаўках ды купальніках). За гэты час наша дачка навучылася плаваць і пастаянна цягнула нас на возера! Пабывалі мы і ў басейне на ўшацкім спарткомплексе – здзівіліся, што каштуе гэтае задавальненне ўсяго каля 250 расійскіх рублёў на траіх! Прыемна ўразілі і магазіны: канечне, супермаркеты тут не такія вялікія, як у нас, але ўсё неабходнае можна купіць, а самае галоўнае – якасць прадуктаў: каўбасы, малочка – усё натуральнае, смачнае. Так што Ушачы нам вельмі спадабаліся. Як, зрэшты, і гаспадар аграсядзібы, які рабіў усё, каб наш адпачынак быў прыемным: варта было толькі пра штосьці запытацца – як просьба адразу выконвалася. Вось такім павінен быць дастойны турыстычны сэрвіс! Развітваліся мы добрымі сябрамі і ўжо зараз марым зноў вярнуцца ў наш “Апельсін”!

Віктар зазначае, што прыяцельскія стасункі ў яго наладжваюцца з многімі адпачываючымі і пасля ад’езду яны трымаюць сувязь праз інтэрнэт. А з галавой піцерскай сям’і Сяргеем, дарэчы, у іх аказалася і агульнае захапленне: абодва з’яўляюцца даўнімі балельшчыкамі хакейнага клуба ЦСКА, таму ёсць што абмеркаваць у сацсетках.

Скончыць жа аповед хочацца паэтычным водгукам яшчэ адной турысткі: “Калі не ведаеце, як адолець самоту, адпраўляйцеся ва Ушачы – за сваёй апельсінава-вітаміннай порцыяй шчасця!”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *