Сезон гриппа приближается, не стоит откладывать вакцинацию

Здравоохранение

У апошнія некалькі гадоў на фоне пандэмій каранавіруса грып адышоў на задні план. Аднак спісваць яго з рахункаў нельга! Вірусолагі ўпэўнены, што ён хутка вернецца з новымі штамамі і назапашанай сілай.

У працэдурным кабінеце паліклінікі.

“Не перастаем нагадваць землякам пра магчымасць прышчапіцца. Адпаведную кампанію праводзім на Ушаччыне ўжо трэці тыдзень, – расказвае загадчык паліклінікі райбальніцы Паліна Пугач. – Вакцына расійскай вытворчасці “Грыпол Плюс” маецца ў дастатковай колькасці”.

Паколькі ўздым захваральнасці на грып чакаецца ў лістападзе, а для фарміравання імунітэту патрабуецца ад 14 дзён да аднаго месяца, адкладваць сустрэчу са спецыялістамі не варта. На працягу апошніх васьмі сезонаў, калі ахоп прафілактычнымі прышчэпкамі дасягаў і нават перавышаў у Беларусі 40 працэнтаў, былі атрыманы “гаваркія” вынікі. Так, правакцынаваныя звярталіся па дапамогу медыкаў амаль у дзесяць разоў радзей. Ад 50 да 98 працэнтаў з іх увогуле не заражаліся ці пераносілі захворванне ў лёгкай форме, без ускладненняў. Дарэчы, змяншала вакцынацыя ад грыпу і захваральнасць на іншыя вострыя рэспіраторныя інфекцыі.

Правакцынавацца ад грыпу, як і ад COVID-19, можна ў працэдурным кабінеце паліклінікі (другі паверх), дзіцячай кансультацыі. Выклікаць выязную брыгаду ў працоўныя калектывы ці на дом можна праз рэгістратуру па нумары 5-21-57.

“Пакуль ушачане не надта актыўныя ў плане імунізацыі, – кажа старшая медыцынская сястра паліклінікі Анастасія Мамонава. – Самі тэлефануем у працоўныя калектывы, прапануем свае паслугі і нават пры наяўнасці двух-трох жадаючых выязджаем на месца. Са станоўчага боку варта назваць супрацоўнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, санаторыя “Лясныя азёры” – яны прышчапіліся аднымі з першых і амаль стопрацэнтным саставам. Вядома, выкарысталі такую магчымасць і медыкі. Спадзяюся, у бліжэйшы час далучацца сацработнікі, педагогі, прадстаўнікі спажывецкай кааперацыі і іншых арганізацый Ушаччыны. Пакуль жа дбаюць пра сваё здароўе ў асноўным вяскоўцы – штодзённы паказчык у 120-130 прышчэпленых ад грыпу па раёне дасягаецца дзякуючы бальніцам сястрынскага догляду і ФАПам”.

Прышчапіцца ў першую чаргу спецыялісты раяць катэгорыям з павышанай рызыкай цяжкага цячэння грыпу, развіцця ўскладненняў пасля яго. Гэта дзеці ад шасці месяцаў да трох гадоў, пацыенты з хранічнымі захворваннямі і імунадэфіцытнымі станамі, цяжарныя жанчыны, асобы сталага ўзросту (65 і больш гадоў), а таксама грамадзяне, якія кантактуюць з вялікай колькасцю людзей. Не забывайце ў халодны перыяд і пра ўмацаванне імунітэту. Дапаможа здаровы лад жыцця, прыём полівітамінных комплексаў. Зменшаць верагоднасць траплення віруса ў арганізм прамыванне носу саляным растворам і нашэнне масак.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *