Ушачский филиал облпотребобщества получил две награды в конкурсе хлебопеков и кондитеров «Смакота»

Общество

Міжнародная спецыялізаваная выстава-кірмаш прадуктаў харчавання, напіткаў і сыравіны “Продэкспо-2022”, якая прайшла ў Мінску ў 28 раз, сёлета сабрала больш 100 кампаній. Майстар-класы і дэгустацыі, семінары і заключэнне дагавораў. На выставе быў прадстаўлены ўвесь асартымент прадукцыі цэха безалкагольных напіткаў, а таксама кандытарскія вырабы хлебапякарнага цэха Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства. Завяршыўся ж форум 18 лістапада падвядзеннем вынікаў, у тым ліку і конкурсу хлебапёкаў і кандытараў “Смаката”. Сярод пераможцаў у чарговы раз і нашы хлебапёкі, якія атрымалі гран-пры ІІІ ступені за сухары “Весялушкі з водарам ванілі” і срэбраны медаль за хлеб “Ліпаўскі”. Летась у філіяла было “золата” за хлеб “Гатаўскі” і гран-пры ІІІ ступені за сухары “Забава”.

Пекар Святлана Бутоўская.

– Вось паглядзіце, нашы пернікі, пячэнне “Ракушка” і сухары на першай старонцы галіновай газеты “Вести потребкооперации”, – паказвае апошні выпуск выдання кантралёр гатовай прадукцыі Вольга Гаманёк.

Свой тавар сярод соцень узораў вытворцы пазнаюць па ўпакоўцы. Для ўдзелу ў такіх форумах яна асаблівая – ідуць на дадатковыя выдаткі і фасуюць тавар у экалагічныя кошыкі. Аднак сутнасць не ў падачы, а ў змесіве, а ён прыйшоўся даспадобы як членам журы, так і пакупнікам. Пацвярджае гэта графік выпуску прадукцыі завода, у якім штодня мяняюцца віды, але заўсёды прысутнічаюць сухары. Акрамя сёлетніх пераможцаў “Кіеўскія” і “Забава”, “Ванільныя” і “Калейдаскоп”, а таксама паніровачныя.

– Вось цеста на апошнія падыходзіць, цемнаватае, бо з мукі другога гатунку, – паказвае змесціва начальнік хлебапякарнага цэха Ірына Аляксандраўна Казлоўская. – Сёння адпраўляем на Пастаўскі філіял 80 кілаграмаў.

Кандытары Кацярына Праннік і Алена Бутоўская.

Гэтая інфармацыя мяне ўразіла не менш, чым перамога ў конкурсе. Калегі з Пастаў тэхналагічна ўзброены намнога мацней за нашых кааператараў па ўсіх накірунках дзейнасці, няўжо не пякуць сухары?

– Пякуць, толькі не ўсе гатункі. Калі нейкія філіялы не займаюцца выпускам пэўнай прадукцыі, тады гэтыя віды пастаўляюцца па іншых філіялах. У межах аблспажыўтаварыства наладжана сістэма абмену таварам. Бяруць у нас прадукцыю Докшыцкі, Лепельскі, Верхнядзвінскі філіялы. Ну а дзякуючы нашаму галоўнаму інжынеру Мікалаю Уладзіміравічу Лёлю ў нас захавана няхай і старая, але працуючая драбілка для выпуску паніровачных сухароў, – удакладняе І.Казлоўская.

Кожны месяц на ўшацкім хлебазаводзе выпускаецца 3 тоны сухароў. З іх 1300 кілаграмаў або 44 працэнты разыходзіцца па іншых філіялах.

Я ж падрабязней цікаўлюся тэхналогіяй вытворчасці звычайных сухароў, бо бытуе меркаванне, што яны рэжуцца з сухіх батонаў. Аказваецца, зусім не. Для іх, як і любых іншых відаў, гатуецца спецыяльнае, прычым, здобнае цеста. Яно раскатваецца ў форме багетаў – таўшчыня залежыць ад віду, сярод якіх самыя маленькія менавіта на “Весялушкі” – выпякаецца, астуджваецца і наразаецца. А потым зноў накіроўваецца ў печы – для падсушкі. Працэс гэты вельмі працаёмкі, паколькі літаральна кожны сухарык раскладаецца ўручную. А вось па смаку гатункі адрозніваюцца. Пераможцы “Смакаты” – “Весялушкі” і “Забава” – маюць спецыяльную дабаўку, якая стварае асаблівую хрумсткасць.

“Атрымліваецца эфект семак, калі не заўважаеш, як рука цягнецца за чарговым экзэмплярам, – расказвае І.Казлоўская. – Справа ў дабаўцы “Колас”, якую нам пастаўляе фірма “Біямі” – яна ж з’яўляюцца і распрацоўшчыкам рэцэптуры. У складзе ж усіх сухароў толькі натуральныя інгрэдыенты: мука, маргарын, соль і цукар. Ну і цукаты ці разынкі”.

Хаця ўшачане, напэўна, не рассмакавалі апошнія навінкі, бо самымі запатрабаванымі па-ранейшаму застаюцца “Кіеўскія” – большыя па памеры і з разынкамі. На густ і колер, як кажуць, таварыша няма, тым больш што смачныя літаральна ўсе віды, якія выпускае наш завод. Аднак аддаюць перавагу ўшацкай прадукцыі нават сталічныя сем’і, хоць маюць вельмі вялікі выбар і гатункаў, і вытворцаў. Ведаем гэта не па чутках: супрацоўнікі рэдакцыі кілаграмамі перадаюць гэты прадукт сваякам у Мінск. Праверылі мы на сабе і “эфект семак” – пакет разышоўся пад гарбату хутчэй звычайнага. Вы таксама можаце прадэгуставаць і выбраць любімы.

Вольга КАРАЛЕНКА.

Кожны месяц на ўшацкім хлебазаводзе выпускаецца 3 тоны сухароў. З іх 1300 кілаграмаў або 44 працэнты разыходзіцца па іншых філіялах.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *