Для кагосьці паход у зялёны бор – адпачынак ад паўсядзённых мітуслівых спраў, а для майстра лесу Кубліцкага лясніцтва Леаніда Сяргеевіча Шайтара – месца нялёгкай, але звыклай і любімай працы.
– Чаму выбраў лясную гаспадарку, а не сельскую, не прамысловасць і не медыцыну? Неяк з дзяцінства ляжала душа менавіта да прыроды ды так, што пасля заканчэння базавага курсу школы паехаў у Домжарыцкі ліцэй, які ў той час спецыялізаваўся на экалагічна-біялагічным накірунку, вучыліся ў гэтым куточку на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка дзеці з розных раёнаў, – расказвае Леанід. – Атрыманых ведаў і жадання хапіла, каб потым паступіць у сталічны тэхналагічны ўніверсітэт на “Лясную гаспадарку”.
З задавальненнем ехаў пасля размеркавання ўшацкі хлопец на першае працоўнае месца на радзіму. Маладому спецыялісту даручылі даволі адказны ўчастак работы – памочніка ляснічага. “Праз некалькі год мая біяграфія ва Ушацкім лясгасе перарвалася – за кампанію з сябрам вырашыў папрацаваць у Смаргонскім лясгасе, але пазней зразумеў: дома лепей!” – прызнаецца мужчына, які апошнія 9 гадоў працуе ў Кубліцкім лясніцтве.
Спраў у майстра заўсёды шмат, пачынаючы ад пасадкі лесу і завяршаючы тэхнічнымі абавязкамі – такімі, як інвентарызацыя лясных угоддзяў, перавод маладых лесапасадак у паўнавартасны лес, адвод участкаў для суцэльных і санітарных высечак.
“Нярэдка даводзіцца чуць ад людзей, што хутка лесу не застанецца. Але гэта зусім не так, утрымліваецца неабходны баланс: на якой плошчы ён высякаецца, столькі ж пасля і аднаўляецца”, – заўважае Леанід Сяргеевіч. – Пасадзіў лес, і пакуль ён расце – ты за яго ў адказе. У першыя гады пасля пасадкі сеянцы маюць патрэбу ў доглядзе, каб іх не заглушыла пустазелле і хмызнякі. У гэты ж час у месцах, дзе саджанцы загінулі ці не прыжыліся, праводзіцца іх паўторная пасадка, або, як у нас называюць, дапаўненне лясных культур. Пасля сямі гадоў, калі дрэўцы падрастуць, мы пераводзім іх у статус паўнавартаснага лесу. Але догляд і клопат за маладняком на гэтым не завяршаецца: далей вядзецца ачыстка ад непажаданых лясных парод, затым, з 21 да 40 гадоў, вядзем прарэджванне, каб дрэвы маглі фарміраваць належную крону і драўніну, – тлумачыць майстар.
Дарэчы, па пасадках лесу Кубліцкае лясніцтва ў апошнія гады было ў лідарах.
Адзінае, што засмучае лесавода, – гэта стаўленне некаторых людзей да “зялёнага багацця”. На жаль, нягледзячы на сур’ёзную інфармацыйную працу, якая праводзіцца з насельніцтвам, людзі ўсё роўна пакідаюць смецце або парушаюць забароны на наведванне лесу. Не дапушчана сёлета пажараў у лесфондзе раёна, але кожная навіна пра выпадкі ўзгаранняў у іншых рэгіёнах болем адгукаецца ў сэрцы майстра, бо як ніхто ведае, колькі сіл і сродкаў патрэбна, каб вырасціць лес.
Працоўны дзень Л.Шайтара ніколі не абмяжоўваецца рамкамі з 8 да 17 гадзін, а калегі наогул кажуць, што ён гатовы жыць на рабоце. А інакш, напэўна, не бывае ў тых, хто шчыра любіць сваю справу.
Вольга КАМАРКОВА.