Проникающие до глубины души стихи о военном времени звучали на районном конкурсе чтецов «Мы помним!»

Общество

Сярод шэрагу мерапрыемстваў святочнай праграмы Дня Перамогі раённы конкурс чытальнікаў “Мы памятаем!” хацелася б вылучыць асабліва, бо яго ўдзельнікамі маглі стаць літаральна ўсе ўшачане: дастаткова было прадэкламаваць верш ці празаічны ўрывак твора ваеннай тэматыкі.

З.Клімашэўская.

І конкурс ператварыўся ў літаратурны марафон, бо жадаючых аказалася некалькі дзясяткаў! Прыехалі дэкламатары з усяго раёна, і асабліва прыемна, што многія з іх прэзентавалі творы нашых землякоў. Так, да творчасці Петруся Броўкі, якога лічыць адным з любімых паэтаў, звярнулася Святлана Грак з Вяркуд – яе выступленне было вельмі артыстычным. А верш “Бацьку” Рыгора Барадуліна жанчына па-за конкурснай праграмай прачытала ля бюста нашага земляка. Удала перадала вобраз культавага персанажа Васіля Цёркіна, які “згодны на медаль”, прадстаўніца Глыбачкі Людміла Вялюга і стала ўладальніцай трэцяй прэміі конкурсу. Другое месца журы прысудзіла ўшачанцы Галіне Талстой, якая распавяла трагічную гісторыю з верша С.Законнікава “Свольна”. Ну а пераможцам сярод дарослых чытальнікаў стала кублічанка Ганна Дзіульская з вершам Вольгі Кіеўскай “Балада пра маці”. Жанчына яскрава перадала пакуты матулі, якая па загадзе фашысцкага карніка павінна была вырашыць, які з двух яе сыноў будзе расстраляны…

Г.Дзіульская.

Надзвычай пранікнёна гучалі ваенныя вершы ў выкананні школьнікаў. Уразілі гледачоў Кірыл Лягчылін, Мікалай Баравікоў, Максім Первянёнак – менавіта гэтыя хлопцы атрымалі дыпломы прызёраў. А перамогу журы прысудзіла ўшацкай чацвёртакласніцы Злаце Клімашэўскай. Калі дзяўчынка чытала верш Мусы Джаліля “Варварства”, многія гледачы выціралі слёзы. Юная зорачка мастацкай дэкламацыі і яе бацькі выслухалі пасля конкурсу нямала кампліментаў. Зрэшты, адрасаваць іх хацелася б абсалютна ўсім удзельнікам, а таксама арганізатарам праекта, які атрымаўся па-сапраўднаму народным, – клубу “Муза” і раённай бібліятэцы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *