Осадок остался не только на окнах…

Выясняем ситуацию

Тыдзень таму ў нашай газеце быў змешчаны матэрыял “Без пылу не будзе воку міла”, у якім разглядаўся канфлікт жыхароў дамоў па вуліцы Віцебскай, 2 і рамонтнікаў, што праводзілі ў іх двары дарожныя работы. У прыватнасці, у матэрыяле выказвалася меркаванне, што для сур’ёзнага канфлікту буйных падстаў няма, і што двор на Віцебскай, урэшце рэшт, стане прыгожым і ўтульным.
Але, як аказалася, людзі лічаць пытанне да канца нявырашаным. Да нас паўторна звярнуліся жыхары вышэйназванага дома У.М.Дзямешка і У.Е.Буевіч і ад імя ўсіх суседзяў паведамілі, што людзі засталіся незадаволенымі як культурай працы дарожнікаў, так і яе некаторымі вынікамі.
Гэтага рамонту жыхары чакалі даўно. Дом быў пабудаваны 16 год таму, а заасфальтаваны двор адразу ж падвергнуўся “масіраванаму нападу”: праз яго ездзіла тэхніка да іншых новабудоўляў, асфальт неаднойчы бурыўся з-за пракладвання і замены цеплатрасы, рамонтных работ. І вось, нарэшце, шматпакутны двор дачакаўся рамонту. Яшчэ ў красавіку пясок згрэблі ў кучы, але чамусьці адразу не звезлі іх са двара, а пакінулі амаль на два тыдні, і вецер, вядома ж, зноў размёў яго па двары. І калі пачаліся рамонтныя работы, увесь пыл паднялі да пятага паверха. “Хацелася б даведацца ў кампетэнтных асоб, няўжо перад падмятаннем нельга было паліць двор вадой? І яшчэ адна “дробязь”: чаму было не напісаць у павешаных на пад’ездах аб’явах, што двор будуць месці, не папярэдзіць, каб жыхары зачынілі форткі, знялі бялізну. І ўвогуле, за прынесеныя непрыемнасці, хай сабе нават часовыя, няблага было б папрасіць прабачэння – так, прынамсі, робяць звычайна сумленныя людзі…”
Што датычыцца вынікаў работы дарожнікаў, то жыхары лічаць, што іх двор адрамантавалі не вельмі якасна. Так, чамусьці з аднаго боку дарогі не ўсталявалі бардзюры – менавіта ў тым месцы, дзе грамадзяне ставяць машыны: вельмі хутка новы асфальт сапсуецца. А яшчэ жыхары не разумеюць, чаму дарога заасфальтавана, а пешаходныя дарожкі і падыходы да пад’ездаў пакінулі без увагі? Магчыма, іх рамонт яшчэ плануецца?
Н.БАГДАНОВІЧ.
На здымку: недаробкі засталіся… 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *