Новый лес начинается с шишек. В Ушачском лесхозе собирают хвойный урожай

Общество

Лесаводы краіны гэтымі зімовымі тыднямі збіраюць хваёвы ўраджай. Больш 37 тон сасновых і яловых шышак плануюць сабраць лясгасы Віцебшчыны. Як ўшацкія лесаводы клапоцяцца пра аднаўленне дзялянак і які ўраджай у гэтым сезоне дораць хвоі, мы даведаліся, адправіўшыся ва ўгоддзі лясгаса.

Работнікі Вялікадолецкага лясніцтва С.Машчонак, Ю.Дарашкевіч.

– Аптымальны тэрмін для збору шышак – лістапад-люты. Пазней у гэтым няма сэнсу: надыходзіць пара натуральнай сушкі, шышкі раскрываюцца, насенне высыпаецца, – расказвае на дзялянцы памочнік ляснічага Вялікадолецкага лясніцтва Юрый Анатольевіч Дарашкевіч. – Адпраўляючыся на звычайныя работы па доглядзе за культурамі, леснікі і вальшчыкі паралельна займаюцца і нарыхтоўкай шышак. Канечне, для гэтай мэты не ссякаюцца ўсе дрэвы без разбору. Вось, напрыклад, у гэтым квартале якраз намечаны для рубкі некаторыя елкі з хваёвым ураджаем. Але далёка не ўсё згадзіцца для атрымання насеннага матэрыялу. Не падыходзяць смалістыя, вельмі дробныя ці пашкоджаныя. Потым сабранае яшчэ раз пераглядаем і перабіраем у лясніцтве. Як бы ні стараўся, бывае, трапіць дрэнны экзэмпляр.

Займаюцца ж зборам усе сем лясніцтваў. Пасля чаго хваёвы ўраджай “сцякаецца” менавіта ў Вялікадолецкае, на базе якога другі год працуе сучасная шышкасушылка. Увядзенне яе ў строй вывела на новы якасны ўзровень работу з насенным фондам. “Раней прасушвалі сабраны матэрыял і адпраўлялі на дапрацоўку ў Глыбоцкі вопытны лясгас. Цяпер у гэтым няма патрэбы, з дапамогай спецыяльнага абсталявання аддзяляецца крылатка і атрымліваецца семка, за суткі высушваецца партыя ў 120 кілаграмаў, – праводзячы экскурсію па цёплых памяшканнях двухузроўневага аб’екта, расказвае начальнік лесапітомніка Сяргей Іванавіч Машчонак, менавіта ён зімой курыруе працэс падрыхтоўкі насення. Дарэчы, далёка не ўсе лясгасы могуць пахваліцца такім абсталяваннем.

Майстар лесу А.Вацьковіч.

– У семечку, якое знаходзіцца ў шышцы, ёсць крылца, таму яго называюць крылаткай, – тлумачыць інжынер па лесааднаўленні і лесаразвядзенні Ушацкага лясгаса Марыя Сямёнаўна Маршалкіна. – Калі шышка раскрываецца, семечкі выпадаюць, а дзякуючы крылцы вецер падхоплівае яго і можа панесці за кіламетр ад елкі, такім чынам натуральным шляхам фарміруецца хвойны лес. Мэта ж ручнога збору шышак – назапасіць у свае фонды насенне. Магу сказаць, што сёлетні сезон сапраўды не надта ўраджайны, асабліва на яловыя шышкі – пакуль іх сабрана 856 кілаграмаў, сасновых – больш за 4,5 тоны з запланаваных па пяць тон кожных. Але штогод мы не абмяжоўваемся даведзенымі планамі, збіраем па магчымасці больш, каб мець запас. Тым больш што пры правільным захоўванні якасць насення не губляецца на працягу 4-5 гадоў.

Дарэчы: Пробнікі насення накіроўваюцца на экспертызу ў рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр, дзе вызначаецца якасць і выдаецца пасведчанне, якое дазваляе высяваць насенне ў лесапітомніках і вырошчваць з яго сосны і елкі.

Больш за ўсё хваёвага ўраджаю сабралі ва Ушацкім лясніцтве, добра спраўляюцца з гэтай справай і ў Кубліцкім, Вялікадолецкім.

Каб уявіць, якая гэта працаёмкая работа, дастаткова прывесці такі факт: з тоны шышак атрымліваецца каля 10 кілаграмаў насення. З іх вырасцяць саджанцы і пасадзяць замест высечанага новы лес для будучых пакаленняў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *