Не дайте обмануть пожилых

Общество

Захаванне бяспекі пажылых грамадзян – адна з важных задач, якія стаяць перад дзяржаўнымі органамі. Людзі старэйшага пакалення з-за свайго ўзросту і стану здароўя становяцца даступным аб’ектам здзяйснення злачынстваў, таму бяспецы пажылых людзей надаецца асаблівая ўвага. Вось і з 23 па 27 мая 2011 года на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праводзіліся спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы «Увага – узрост!». 
У апошні час у рэспубліцы пачасціліся выпадкі крадзяжоў і ашуканства ў адносінах да пажылых грамадзян. Як правіла, злачынцы нібыта з мэтай продажу (куплі) розных тавараў, рэчаў і прадуктаў харчавання, прадстаўляючыся работнікамі службы сацыяльнай абароны насельніцтва, медыцынскімі супрацоўнікамі і іншымі асобамі, пранікаюць у жыллё адзінокіх пенсіянераў, дзе, скарыстаўшыся іх даверлівасцю, здзяйсняюць крадзяжы грошай, залатых вырабаў і іншых каштоўных рэчаў.
На тэрыторыі Ушацкага раёна за 2010 год у адносінах грамадзян, якія дасягнулі 50-гадовага ўзросту і старэй, было здзейснена 50 злачынстваў. Большасць з іх – гэта крадзяжы (45 фактаў), тры злачынствы былі звязаны з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў, зарэгістраваны адзін грабеж і адна пагроза забойствам. За бягучы перыяд 2011 года на тэрыторыі раёна здзейснена 18 злачынстваў у адносінах гэтай катэгорыі грамадзян: 16 крадзяжоў, адно злачынства, звязанае з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў і адно, прадугледжанае арт.317 ч.2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Трэба заўсёды памятаць пра асноўныя меры асабістай бяспекі. Не захоўвайце грашовыя сродкі ў шафах з бялізнай у пакоях кватэры (хаты). Вялікія сумы грошай захоўвайце ў банках. Не адчыняйце дзверы ў кватэру незнаёмым, у тым ліку асобам, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі розных службаў, не трэба саромецца папрасіць іх паказаць дакументы. Нават пасля іх прад’яўлення, не спяшайцеся адчыняць дзверы. Не лішнім будзе паклікаць суседзяў, патэлефанаваць у адпаведныя ўстановы і пацікавіцца, ці накіроўвалі яны свайго супрацоўніка і як яго прозвішча, альбо паведаміць па тэлефоне «102» аб нечаканых наведвальніках. Супрацоўнікі аператыўна-дзяжурнай службы пры паступленні кожнага такога паведамлення накіроўваюць нарад міліцыі для праверкі візіцёраў. У дні атрымання пенсіі наведвайце паштовыя аддзяленні і банкі са сваякамі або з людзьмі, якім давяраеце. Выходзячы, звярніце ўвагу на незнаёмцаў, якія ідуць за вамі. Не ўступайце ў гутарку з імі.
Калі падазроныя асобы пад выглядам сацыяльных работнікаў усё ж зайшлі ў кватэру, неабходна зачыніць дзверы, пастаянна знаходзіцца ў тым месцы, дзе захоўваюцца грошы, запатрабаваць у людзей адпаведныя дакументы, прапанаваць звязацца па тэлефоне «102» з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў для пацвярджэння правамернасці іх дзеянняў.
А.АНДРОСАЎ,
першы намеснік
начальніка Ушацкага РАУС.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *