Ушачане приняли участие в фестивале «Звіняць цымбалы і гармонік» в Поставах

Общество

Сапраўды, нацыянальная страва, згатаваная ўдзельнікамі народнага клуба нацыянальнай кухні “Прысмакі” РМЦ з Ушач на ХІV Міжнародным фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, спадабалася не толькі беларусам, але кітайцам і венесуэльцам. Свята адбывалася 3-5 чэрвеня ў Паставах. Названы аматарскі калектыў прадстаўляў як беларускую страву, так і песні, прыпеўкі, якія радавалі людзей, уносілі сваю фарбу ў каларыт незвычайнага свята.  
Акрамя гэтага калектыву, расказвае дырэктар раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры райвыканкама М.Сазонава, ад нашага раёна ўдзельнічалі сябры народнага клуба майстроў “Адраджэнне” РДК – сям’я Мурашовых. Іх карціны, вырабы з дрэва карысталіся папулярнасцю ў гаспадароў і гасцей фестывалю, жадаючыя мець у сябе такую прыгажосць з радасцю куплялі тое, што прапаноўвалася.
– Мне, а таксама майстрам нашага Дома рамёстваў Айгуль Смык і Юліі Пятніца, якія прадстаўлялі саломапляценне і ласкутнае шыццё, таксама пашчасціла пабываць у Паставах, – гаворыць дырэктар гэтай установы М.А. Багдановіч. – Вельмі спадабалася. Мы мелі магчымасць сустрэцца, паразмаўляць з іншымі ўмельцамі…
А перш за ўсё свята сабрала шмат прадстаўнікоў самых розных сцэнічных калектываў, расказвалі ўшачане, якія пабывалі на ім. Уразіў заключны канцэрт на гарадской плошчы, які працягваўся больш за тры гадзіны. У ім упершыню на такім фестывалі ўдзельнічалі самадзейныя сцэнічныя калектывы з розных месцаў вобласці. Цікавым было выступленне трох вядомых калектываў: Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча, заслужанага аматарскага калектыву Беларусі фальклорнага ансамбля “Паазер’е” і аркестра баяністаў і акардэаністаў Наваполацкага музычнага каледжа. У канцэрце прымаў удзел славуты дырыжор – народны артыст Беларусі Міхаіл Козінец. Парадаваў гледачоў нацыянальны народны хор імя Г.Цітовіча.
Трэба сказаць, масавасць, прадстаўніцтва, разнапланавасць, насычанасць праграмы сёлета на фестывалі былі незвычайныя. Прысутнічалі прадстаўнікі Пасольства Японіі ў Беларусі, бізнесмены з Кітая. Намецілася дзелавое партнёрства з мясцовай уладай.
Не толькі аматары народнай музыкі Беларусі, суседніх краін наведаліся на свята, але і калектывы здалёк. Так, удзельнічалі прадстаўнікі арабскага пасялення Галандскіх вышынь у Ізраілі, іншыя госці.
А для нас асабліва важна тое, што ўшачане-творцы таксама пабывалі на гэтым прыкметным фестывалі.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *