Чтобы у воды не было беды

Общество

Анамальная спякота, да якой многія ўжо паспелі прывыкнуць, прайшла. Зараз у рэспубліцы і ў нас у раёне ўсталявалася ўмерана цёплае надвор’е. Панізілася тэмпература паветра, часцей сталі выпадаць асадкі, загрымелі навальніцы, менш стала сонечных дзён. Разам з тым лета толькі пачынаецца, а купальны сезон, рыбалка з выкарыстаннем плавальных сродкаў і іншыя віды актыўнага адпачынку на вадзе знаходзяцца ў самым разгары. У сувязі з гэтым хацелася б нагадаць грамадзянам сумную статыстыку пра тое, што ў 2010 годзе на водах рэспублікі загінула 1104 чалавекі, прычым 65 працэнтаў з іх знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Пры купанні і падзенні ў ваду патанула 82 непаўналетнія, з іх 35 – малалетнія дзеці. За бягучы перыяд 2011 года толькі па Віцебскай вобласці колькасць патанулых складае 41 чалавек, з іх непаўналетніх – два (у Оршы і Пастаўскім раёне). Нярэдкія выпадкі, калі нават добрыя плаўцы тонуць з прычыны залішняй саманадзейнасці, хвальбы. Дэманструючы сваё «майстэрства», яны заплываюць далёка ад берага, не разлічыўшы сіл на зваротны шлях.
Ушацкая раённая арганізацыя таварыства выратавання на водах яшчэ раз нагадвае асноўныя патрабаванні правіл бяспекі. Калі не ўмееце плаваць, не заходзьце ў ваду вышэй пояса. Не купайцеся адразу пасля прыёму ежы, у забароненых і незнаёмых месцах. Не заходзьце ў ваду ў стане нават лёгкага алкагольнага ап’янення. Не пакідайце дзяцей каля вады без нагляду. Трапіўшы ў моцную плынь, плывіце па ёй, паступова набліжаючыся да берага. Апынуўшыся ў віры, глыбей удыхніце, пагрузіцеся ў ваду і, зрабіўшы моцны рывок, усплывайце на паверхню. Нельга скакаць у ваду з лодак, прычалаў і іншых збудаванняў, а таксама ў месцах, дзе невядомыя глыбіня і рэльеф дна. Не сядзіце на бартах лодак. Ні ў якім разе не падавайце лжывых сігналаў трывогі.
Будзьце асцярожныя на вадзе, не падвяргайце сваё жыццё, а таксама жыццё сваіх родных і блізкіх небяспецы!
Э.ВЕРТАШОНАК,
старшыня раённага таварыства выратавання на водах.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *