Чалавек года Віцебшчыны-2009

Ими гордятся

Вельмі высокае прызнанне перш за ўсё працоўных дасягненняў. Практычна ў кожнай сферы, з кожнага раёна вобласці вылучаюцца намінанты, і толькі адзінкі, а з нашага невялікага раёна наогул адзін кандыдат заўсёды прадстаўляе Ушаччыну, атрымліваюць такое ганаровае званне. Сёлета гэта аператар па вырошчванню парасят ЧУП «Сарочына» Ала Мікалаеўна Коўшаль. P1140366

 

Запрашаліся на ўрачыстасць у абласны цэнтр абсалютна ўсе сёлетнія намінанты. Ад адукацыі – Вера Васільеўна Спірчонак, культуры – Жанна Віктараўна Савіцкая, спорту – Ігар Уладзіміравіч Клімашэўскі, аховы здароўя – Віктар Канстанцінавіч Літвінаў, сацыяльнай абароны – Вера Міхайлаўна Маслак, мясцовага самакіравання – Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец. Вельмі моцны, можна сказаць, зоркавы склад. Наўмысна не называю пасад гэтых людзей, бо сваімі справамі многія з іх вядомы як у раёне, так і далёка за яго межамі. Мабыць таму і хвалявалася да моманту атрымання дыплома Ала Мікалаеўна, што адчувала невыпадковасць вылучэння намінантаў. Сябе ж асаблівай не лічыць і сціпла дадае: “У нас многа такіх працаўнікоў, як я”.

Так, на прыватным унітарным прадпрыемстве “Сарочына” многа аператараў, якія з году ў год на слыху з-за сваіх высокіх паказчыкаў. Аднак такія, як Ала Мікалаеўна, вылучаюцца і сярод іх. Тры гады запар яна на раённым злёце перадавікоў, двойчы выходзіла пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва сярод жывёлаводаў. І пастаянны перадавік свайго прадпрыемства. Прагледзеўшы літаральна ўсе гадавыя паказчыкі, не знайшла ніводнага, каб яна саступала калегам. Усяго 2,1 працэнта падзяжу, калі ў некаторых у два разы больш. 2578 галоў прыплоду, 64159 кілаграмаў валавых прываг. І пастаянна даглядае 645 галоў (сярэдні паказчык), бывае і больш, пры норме 600.

Норма, дарэчы, неаднойчы павышалася, бо лічыцца, што зараз прасцей стала дабівацца прываг. Яно, канечне, так, бо на комплексе вельмі важна захаванне тэхналогіі і “адзін у цэху не воін”. Толькі агульная работа ўсіх службаў дазволіла мець тое, што маюць. На вачах Алы Мікалаеўны мянялася і кармавая база, і селекцыйная работа. У апошнім апаросе ў яе ёсць дзічок – такі ж паласаты, як дзіцяня лясных кабаноў. І проста не параўнаць кармавую базу. “Раней літаральна ўсім малым давалі камбікорм №21, сёлета нават у нас на дарошчванні адносна ўзросту тры віды спецыяльных кармоў, а плюс мноства адпаведных дабавак”, – кажа Ала Мікалаеўна.

Аднак кіраўніцтва комплексу на першае месца вылучае іншае.

– Кармы і ўмовы ўтрымання ў нас аднолькавыя, а вось такі стабільны вынік – не. Вывад напрошваецца сам па сабе – на першае месца выходзіць чалавечы фактар, – кажа дырэктар комплексу Віктар Пятровіч Сяргееў. – Літаральна ў кожнага аператара ёсць свае сакрэты, падыходы, а яшчэ аператарскі спрыт, прадбачанне, інакш бы і прывагі былі аднолькавыя. І, канечне, ёсць стымул добра зарабіць.

Наша першае знаёмства з Алай Мікалаеўнай адбылося на абласной выставе дасягненняў жывёлагадоўлі. Менавіта яна прадстаўляла свінагадоўлю раёна. Не забыцца і яшчэ на адзін паказальны момант, сведкай якога была. Ала Мікалаеўна здавала жывёлу з чарговай секцыі, хвалявалася, хоць гэта была звычайная падзея ў яе працы. Неардынарная толькі тым, што вельмі ўдалымі, адносна іншых гадаванцаў, аказаліся гэтыя. І 70 дзён не было, а важылі ўжо па 29 кілаграмаў. Такія гадаванцы, на два кіло перавышаючыя сярэднюю вагу груп пры здачы, сустракаюцца не часта.

Чатырнаццаць гадоў, як прыйшла жанчына на комплекс. Вырасла на сяле, работы ніколі не баялася, аднак на першых парах вельмі стамлялася, на дамашнюю гаспадарку сіл не заставалася. Ды і ў перадавікі трапіла не адразу – не ўсё атрымоўвалася. Прывагі, канечне, былі, а каб сістэмныя… Літаральна ўсякае сустракаецца ў непрадказальнай свінагадоўлі і зараз.

Сёння ў калектыве не знойдзецца ніводнага чалавека, каб цішком, без рэплік прамінулі “Чалавека года”. Гэта, безумоўна, гонар і для прадпрыемства. Ала Мікалаеўна ж пакуль не знайшла месца, куды павесіць вельмі прыгожы дыплом, падпісаны старшынёй аблвыканкама А.М.Косінцам. Не вызначыла, на якія мэты пусціць і прыстойную прэмію. Не ўся мэбля пакуль у новым ведамасным доме, выдзеленым у Сарочыне яе мужу адміністрацыяй КУСГП “Арэхаўна”. Платна на прэстыжным мастацка-графічным факультэце вучыцца малодшая дачка Юля. Ды і самі ж яшчэ маладыя.

Пакідаючы дом Алы Мікалаеўны, не змагла не злавіць сябе на думцы, што другі год запар званне “Чалавек года Віцебшчыны” атрымлівае прадстаўнік вёскі Сарочына. Працавіты жыве там народ.

 

В.КАРАЛЕНКА.

На здымку:

дыпламант намінацыі “Аграпрамысловы комплекс».

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *