Будни деревни Антуново

Зваротная сувязь

У Антунове прыезд першага намесніка старшыні райвыканкама А.Я.Вайцянкова, які праводзіў выязны прыём, чакалі. Месца сустрэчы – традыцыйнае – ля асілка дуба, які назіраў за жыццём антуноўцаў не адно стагоддзе. Насупраць яго размяшчаецца дом старэйшыны Эльвіры Яфімаўны Літвін, праз якую старшыня Глыбачэнскага сельвыканкама Л.В.Храмцова і трымае сувязь.

– Даехалі? – як толькі мы пакінулі УАЗ, запыталіся вяскоўцы.

А хітрынкі ў галасах і не маскіравалі – гэта традыцыйнае пытанне жыхароў Антунова. То леснікі лес вывозяць, то газавікі трубаправод абслугоўваюць – псуюць дарогу, ды і на пад’ездзе да вёскі месца нізкае, а дарога робіць круты паварот, бачнасць сапраўды дрэнная, таму і выкладвалі сваю просьбу непасрэдна выконваючаму абавязкі дырэктара ДРБУ-105 А.І.Коцуру зараўняць ямы і высечы кусты.

– Ваша пытанне буду трымаць на кантролі. Калі з’явіцца магчымасць – засыпем лужы, – адказаў Анатоль Іванавіч, – бо зараз сродкаў на гэтыя мэты няма, ды і стан дарогі ў вас не самы крытычны.

І гэта сапраўды так. Памятаю, як мы на рэдакцыйным УАЗе прыблізна пяцігодку таму літаральна прабіраліся да вёскі. Зараз дарогу не пазнаць. Пацвярджэннем таму, што яна хадавая – легкавыя машыны дзяцей, якія прыязджаюць да родных у Антунова. Не было ніводнага выпадку, каб да вяскоўцаў не дайшла аўтакрама, “хуткая дапамога”, ці не прывезлі газ. Гэта пацвердзілі самі жыхары, як і тое, што чысцілася дарога добра.

А вось наконт аўтакрамы была не адна заўвага. “Прыязджае не заўсёды ў вызначаны час. Даводзіцца чакаць, ды і асартымент слабаваты: то батона не хопіць, то смятаны…”. Гэтыя скаргі перададзены кіраўніцтву райспажыўтаварыства.

Наогул не было такіх пытанняў, якія б не абмеркавалі антуноўцы ў гэты дзень. Гэта і апрацоўка прысядзібных участкаў, рабіць якую ўсё складаней перш за ўсё таму, што слабеюць пенсіянеры. Калі раней пасвіўся ў садах не адзін ладны конь, то зараз няма гужавой сілы. Само сабой адпала пытанне з выпіскай угнаення. Дырэктар КУСГП “Глыбачаны” Сяргей Іванавіч Кірпічонак запэўніў, што такой праблемы няма, як і з продажам насення, варта толькі зрабіць заяўку. Не абмінулі і тэму асвятлення вёскі – ліхтары ўстаноўлены згодна стандартам, але вёска працяглая, і кожны, канечне, хацеў бы, каб свяціла побач з яго домам. Неабыякавыя вяскоўцы і да стану вакол хат, дзе ніхто не жыве. Справа ў тым, што літаральна ўсе антуноўцы вызначаюцца асаблівай акуратнасцю. Парадак у дамах – калі б і да каго б не зайшоў.

Прыйшла аўтакрама – скончыліся пытанні, а месца збору вяскоўцаў плаўна перамясцілася да невялікага, але такога неабходнага фургончыка. Пачала шукаць кішэнныя грошы і дзетвара, што гуляла на вуліцы. У гэтай аддаленай вёсцы прадугледжана нават пясочніца, зноў жа пад дубам, які назірае за чарговым пакаленнем антуноўцаў.

В.КАРАЛЕНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *