14 ноября — Всемирный день борьбы против диабета

Здравоохранение

Ні для каго не сакрэт, што ў апошні час многія хваробы памаладзелі. Выключэннем не стаў і цукровы дыябет. Калі раней ім хварэлі людзі старэйшыя за 40-50 гадоў, то зараз гэты дыягназ урачы ставяць нават дзецям. Што гэта за захворванне, як яно праяўляецца і ці можна вылечыцца ад яго? З гэтымі і іншымі пытаннямі звярнуліся да ўрача-эндакрынолага Ушацкай ЦРБ А.В.САКОВІЧ.

– Алена Віктараўна, чула пра магчымасць “эпiдэмiі” цукровага дыябету, якая можа нанесцi чалавецтву большы ўрон, чым ВIЧ i СНIД. Ці ёсць падставы для такіх “сумных” прагнозаў?
– На жаль, ёсць. Зараз ва ўсiм свеце налiчваецца больш за 300 мiльёнаў людзей, хворых на цукровы дыябет. Па ацэнках спецыялістаў да 2025 года іх будзе ўжо 400 мільёнаў. Рызыка папоўніць рады дыябетыкаў існуе ва ўсіх. Таму кожны чалавек павінен ведаць аб сімптомах і механізмах узнікнення хваробы, імкнуцца яе папярэдзіць.
– Што ўяўляе сабой цукровы дыябет?
– Гэта захворванне эндакрыннай сістэмы, якое ўзнікае ў выніку праблем з выпрацоўкай у арганізме інсуліну, неабходнага для засваення і ператраўлівання ежы. З-за недастатковага ўтварэння інсуліну (дыябет І тыпу) або парушэнняў яго ўздзеяння на тканкі (дыябет ІІ тыпу) у крыві хворага знаходзіцца празмерная колькасць цукру (глюкозы), што прыводзіць да сур’ёзных праблем у рабоце ўсяго арганізма.
– Чым небяспечны дыябет?
– Дыябет можа прывесці да шматлікіх ускладненняў: захворванняў сістэмы кровазвароту, сасудаў і сэрца, паталогіі нырак і пячонкі, паражэння нервовай сістэмы, парушэння зроку і слепаты. Як павышаны, так і паніжаны ўзровень цукру ў арганізме могуць выклікаць нават кому.
– Прычына развіцця захворвання – празмернае ўжыванне цукру?
– Не, цукровы дыябет не развіваецца толькі ад пераядання салодкага. Вялікі ўплыў аказваюць таксама спадчыннасць, эмацыянальны стан чалавека, ператамленні, маларухомы лад жыцця. Працэсы змянення глюкозы ў арганізме залежаць і ад прыёму лекавых прэпаратаў пры лячэнні іншых захворванняў.
– Па чым чалавек можа меркаваць, што ў яго з’явіўся цукровы дыябет?
– Пры дыябеце І тыпу, які, дарэчы, звычайна назіраецца ў маладых людзей, пачатак хваробы праяўляецца моцнай смагай, пастаянным пачуццём голаду, значным змяншэннем вагі цела за кароткі час, стамляльнасцю. ІІ тып, як правіла, развіваецца ў людзей старэйшых за 40 гадоў, пачынаецца паступова, не праяўляецца класічнымі сімптомамі і доўгі час не дыягнастуецца. Першыя сімптомы: смага, страта вагі цела, стамляльнасць, схільнасць да інфекцыйных захворванняў, сверб скуры.
– Як дыягнастуецца дыябет?
– Існуюць нормы ўтрымання цукру ў крыві (3,3-5,5 ммоль/л). Дапушчальным лічыцца яго невялікае павелічэнне пасля ежы, якое паступова павінна прыйсці ў норму. У любым выпадку для пастаноўкі дыягназу неабходна здаць кроў з пальца нашча.
– Напэўна, галоўнае і самае важнае пытанне для тых, хто стаў “ахвярай” дыябету: як лечыцца і ці вылечваецца хвароба?
– Калі пад лячэннем маецца на ўвазе падтрыманне нармальнага ўзроўню глюкозы ў крыві, то лечыцца і вельмі паспяхова. Асноўны спосаб – прыём цукрапаніжальных прэпаратаў або інсуліну, разумная дыета і рэгулярная (але не празмерная) фізічная нагрузка. І хаця поўнасцю вылечыцца ад хваробы, на жаль, немагчыма, пастаянны кантроль узроўню глюкозы ў крыві дазваляе прадухіліць развіццё ўскладненняў, захаваць працаздольнасць і паўнацэннае жыццё.
Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *