Аграрии Ушаччины подводят итоги очередного сельскохозяйственного года

К профессиональному празднику Сельское хозяйство

Ці можа такое быць, каб аграрый быў усім задаволены? Як руплівы гаспадар, ён крытычна ацэніць вынік, засмуціцца недаробленым, пабядуе над згубленым. І, як спрадвечны аптыміст, задаволена ўсміхнецца, аглядаючы атрыманае, парадуецца вырашчанаму і абавязкова намеціць планы на чарговы ўраджай. На гэтым трымаецца сонцазварот сялянскага ўкладу. На працавітасці і вопыце, аптымізме і жыццялюбстве. Інакш нічога не атрымалася б у такой рызыкоўнай і такой высакароднай справе. А вынік ёсць. Вельмі неблагі ён ва ўшацкіх аграрыяў сёлета. І напярэдадні прафесійнага свята мы з начальнікам райсельгасхарча, першым намеснікам старшыні райвыканкама А.Я.ВАЙЦЯНКОВЫМ падводзілі вынікі чарговага сельскагаспадарчага года.

– Аляксандр Ягоравіч, што парадавала ў сёлетні сезон?
– Больш за ўсё, канечне, рэкордны за апошнія гады ўраджай зерневых – 30750 тон хлеба пры ўраджайнасці 21,5 цэнтнера з гектара. Гэта амаль у паўтара раза больш за мінулагодні вынік і лепшы паказчык за апошнія 16 год. Больш за ўсю гісторыю развіцця сельскай гаспадаркі Ушаччыны было толькі ў 1994 – 31068 тон, 1987 – 41310 і 1993 – 44344. Прычым, жніво прайшло арганізавана, зладжана, у максімальна сціслыя тэрміны. Раён выканаў дзяржзаказ, засыпаў насенне не толькі ў асноўны, але і страхавы і пераходныя фонды.
Давайце адзначым тых, чый уклад у “каравай” самы важкі.
– У чарговы раз лепшыя вынікі ў вырошчванні зерня ў “Дземенцы” – з аднаго гектара тут атрымана 26,4 цэнтнера, больш 22 – у “Агра-Селішчы” і “Глыбачанах”. А самы вялікі валавы збор сёлета ў ААТ “Ільюшынскі” – намалочана 5599 тон, або 127,5 працэнта, на 196 працэнтаў выкананы дзяржзаказ, прычым на 118 – па піваварным ячмені. Акрамя гэтага ў 2,5 раза больш вырасцілі рапсу і ў 1,8 — бульбы. Лепшы паказчык па ўраджайнасці рапсу (15,7) мае “Вялікадолецкае”. “Дземенец” атрымаў выдатны ўраджай грэчкі — 18 цэнтнераў з гектара.

Летась гаспадаркі “на выдатна” спрацавалі з харчовай бяспекай уласнай жывёлагадоўлі і нават прадавалі лішкі. Як з кармамі сёлета?
– Раён з 2008 года забяспечвае сябе кармамі ў поўным аб’ёме. Мы справіліся з асноўнай задачай – накармілі жывёлу, прычым якаснымі кармамі. Сёлета нарыхтавана 31,4 тысячы тон кармавых адзінак пры заданні 28, або 31,2 цэнтнера на ўмоўную галаву жывёлы. У “Глыбачанах” – 37,4 – гэта самы высокі паказчык па раёне і на 51 працэнт вышэй леташняга выніку гаспадаркі. Паўтарагадовы запас кармоў у “Вялікадолецкім”, “Селішчы”, “Дземенцы”. І назіраецца станоўчая дынаміка ў жывёлагадоўлі – асноўнай таварнай галіне. Вытворчасць малака за 10 месяцаў на 4,6 працэнта больш за мінулагодні паказчык, а ў “Кублічах” – на 22 працэнты, гэта гаспадарка за 10 месяцаў атрымала на карову 3019 кілаграмаў.
– Ёсць у раёне чатырохтысячныя надоі і высокія прывагі.
– Так. Па 4 тысячы ад каровы ўжо атрымалі Марыя Пятроўна Шорац і Ніна Васільеўна Усцін з “Ушацкага райаграсэрвіса”. У Валянціны Іванаўны Волах з гэтага ж прадпрыемства — 3895. Ларыса Васільеўна Пчолка з “Ільюшынскага” надаіла ад каровы 3865 кілаграмаў, 3820 – у Таццяны Сцяпанаўны Пуі і 3149 – Валянціны Васільеўны Хамічонак з “Вялікадолецкага”. А больш высокія прывагі на вырошчванні буйной рагатай жывёлы атрыманы на комплексе “Райаграсэрвіса”: звяном Ірыны Васільеўны Крук – 773 грамы, Уладзіміра Валер’евіча Літвіна – 764. Лепшыя ж прывагі сярод аператараў гаспадарак у звяна Тамары Пятроўны Казачонак з “Вялікадолецкага” – 697.
Я назваў далёка не ўсіх перадавікоў, пераможцаў спаборніцтва, хоць на агульны вынік працавала вялікая армія аграрыяў. Літаральна ўсіх работнікаў гаспадарак, а таксама ветэранаў галіны, якія, упэўнены, цікавяцца справамі аграпрамысловага комплексу раёна, віншую са святам, жадаю новых працоўных дасягненняў, моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, асабістага шчасця, а таксама ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Словы падзякі хочацца выказаць нашым шэфам, якія падстаўлялі плячо ў напружаныя моманты: работнікам прадпрыемства меліярацыйных сістэм, лясгаса, камунгаса, райспажыўтаварыства, а таксама спецыялістам усіх тых арганізацый, якія аказвалі дапамогу ва ўборцы льну, бульбы, іншых сельскагаспадарчых работах.
Яшчэ раз – вялікі дзякуй усім і ўсяго самага найлепшага вам і вашым блізкім.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *