Единый день безопасности прошёл в Ушачах

Профилактика и безопасность

У чацвер па ўсёй краіне прайшоў Адзіны дзень бяспекі. У яго рамках на Ушаччыне адбылося нямала прафілактычных мерапрыемстваў.

Кульмінацыяй жа акцыі традыцыйна стала свята ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.

Галоўнымі гасцямі мерапрыемства сталі вучні Ушацкай школы. Тэматычныя пляцоўкі падрыхтавалі аддзелы па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў, Дзяржаўтаінспекцыя, раённая бальніца, раён газазабеспячэння, раён электрасетак, аддзел дзіцяча-юнацкай кнігі. На кожнай лакацыі дзяцей чакалі конкурсы, віктарыны і пазнавальныя інтэрактывы. Школьнікам яшчэ раз нагадалі правілы бяспекі і нумары экстранных службаў.

Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў, фарміраванне культуры бяспекі павінна пачынацца з маленства, таму такія мерапрыемствы дапамагаюць дзецям не толькі атрымаць новыя веды, але і замацаваць жыццёва важныя навыкі паводзін у надзвычайных сітуацыях.

На пляцоўках аддзела ўнутраных спраў і райбальніцы хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю ацэньвалі вагу ахоўнага шчыта, прымяралі шлемы, бронекамізэлькі. Усе прама падчас свята маглі змерыць тэмпературу і артэрыяльны ціск.

Аддзел па надзвычайных сітуацыях падрыхтаваў для дзяцей спецыяльныя заданні. Школьнікі актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах, вучыліся карыстацца вогнетушыцелем і адпрацоўвалі правільныя дзеянні пры ўзнікненні пажару. Самыя старанныя ўдзельнікі атрымлівалі прызы.

Газавікі і энергетыкі распавялі пра бяспечнае карыстанне газавымі і электрычнымі прыборамі. Удзельнікі даведаліся, як прадухіліць уцечку газу, што рабіць пры з’яўленні яго паху ў памяшканні і чаму нельга перагружаць электрасеткі. Дзеці знаёміліся з прафесійным абсталяваннем і прымяралі форму спецыялістаў.
Цікавую віктарыну па тэме бяспекі праводзілі супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы. Самыя кемлівыя ўдзельнікі атрымлівалі салодкія пачастункі.

Ва ўстановах адукацыі таксама была праведзена вучэбная эвакуацыя. Размовы пра бяспеку і практычныя адпрацоўкі дзеянняў у экстранных выпадках прайшлі ў многіх працоўных калектывах, на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна.

Анастасія ПОЛАЗАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *