Выездной приём в Залуженье


Некалі выдатнымі працаўнікамі славілася вёска Залужэнне, цяпер яны ўжо старыя, ды і жыве там толькі 15 чалавек, летам крыху паболей – вернуцца 2-3 чалавекі ад дзяцей з гарадоў. І большасці ўжо патрэбна дапамога, бо нават у хаце не заўсёды могуць справіцца самі. Шэсць чалавек абслугоўвае сацыяльны работнік Н.В.Була. Напачатку выязнога прыёму, які праводзіў у вёсцы старшыня раённага Савета дэпутатаў І.М.Падгол, ён адразу як бы папрасіў прабачэння, што дарога ў той дзень з раніцы яшчэ была не расчышчана. Аднак тыя, хто прыйшоў на прыём, адразу запярэчылі: “Сёлета грэшна скардзіцца, праблем з расчысткай практычна няма, пад’езд у вёску заўсёды нармальны, нават у такую снежную зіму”.

Праўда, праблема з дарогай, дакладней, яе рамонтам па “пасёлку”, як яго называюць вяскоўцы, а там пяць дамоў, ёсць. Там жа складанасці з пітной вадой. Раней у вёсцы была ферма, яшчэ цяпер стаіць і воданапорная вежа, там-сям бачны водаразборныя калонкі, аднак уся сістэма даўно ўжо згніла, а вежа служыць прыстанішчам для буслоў. Летась, расказваў старшыня Вяркудскага сельвыканкама В.П.Цянюга, на тым “пасёлку” спрабавалі выкапаць калодзеж. Заглыбіліся больш як на 12 метраў, а вады так і не знайшлі – суцэльная гліна. Давялося зноў закопваць. Будуць думаць, што рабіць далей.

Карыстаюцца і крынічкай, як сведчылі старыя людзі, яе выкапалі яшчэ ў 1918 годзе, затым ужо самі падрамантавалі. І ездзілі туды па ваду з многіх вёсак наваколля. Але з цягам часу дарогу да яе разбілі – старшыня сельвыканкама паабяцаў падрамантаваць, бо вялікіх затрат не трэба.

Ёсць у вёсцы зусім адзінокія жанчыны Т.М.Шкодзін і М.І.Красінская, першай 84 гады, а другой 92. Тамара Мяфодзьеўна перанесла аперацыю на воку, зламаная нага, прасіла дапамагчы атрымаць групу інваліднасці. Старэйшына вёскі Л.М.Падсаднік і сацыяльны работнік хадайнічалі на прыёме, каб аказаць ім яе хоць бы на набыццё дроў. Дорага абыходзяцца яны, калі заказваць ва Ушачах, дастаўка недзе пад 150 тысяч адна машына, што ў цане роўна самім дрывам.

Задаволены вяскоўцы гандлёвым забеспячэннем. Кажуць, што ў аўтакраме ёсць усё, што патрэбна, і двух разоў наведвання дастаткова.

Вось так і жывуць, скардзяцца ў асноўным на хваробы, успамінаюць пражытыя гады. Як П.У.Шкодзін, які 40 гадоў адпрацаваў на трактары ў саўгасе. Што толькі ні перарабіў, а цяпер сем гадоў жыве з кардыястымулятарам сэрца. Такая яна – старая гвардыя.

Р.КАРПАЎ.

На здымках:

падчас выязнога прыёму. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *